«Трэба ўсіх папярэдзіць, каб не падпісвалі такога», — рабочыя аднаго зь менскіх прадпрыемстваў зьвярнуліся да журналістаў, бо ім прапаноўваюць падпісаць «афіцыйнае папярэджаньне» ў сувязі з Законам аб супрацьдзеяньні экстрэмізму.
«Учора пазванілі на мабільны, сказалі, што яны з аддзелу барацьбы з экстрэмізмам, — апавядае рабочы. — Прыехалі па месцы жыхарства сёньня, папрасілі падпісаць паперу. Я спытаўся, якое да мяне дачыненьне мае экстрэмізм і ўсё гэта. Яны мне кажуць: «Мы разумеем, што вы не экстрэміст, але нам з вамі трэба правесьці працу».
Мужчына папярэджаньне падпісваць катэгарычна адмовіўся. Гэтаксама зрабіў ягоны калега.
«Вы глядзіце, што там унізе напісана, — тлумачыць ён. — Што калі будзеш працягваць рабіць такія дзеяньні, прыцягнуць да адказнасьці. А я ніякіх такіх дзеяньняў не рабіў. У мяне ніякіх спагнаньняў няма ўвогуле».
Супрацоўнікі, якія зь ім размаўлялі, сказалі, што аб’яжджаюць людзей паводле нейкага сьпісу. Мужчына мяркуе, што на прадпрыемствах і ў іншых працоўных і навучальных калектывах складаюць сьпісы людзей, на якіх можна ўзьдзейнічаць такога кшталту «папярэджаньнямі».
«Я сказаў, што нават кропку на гэтай паперы не пастаўлю, — кажа ён. — Мой таварыш напісаў, што ён з гэтай паперай ня згодны. Але трэба ўсіх папярэдзіць, што падпісваць такую паперу небясьпечна».
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч кажа, што падпісваць падобны дакумэнт у людзей абавязку няма, і адмова ад падпісаньня ня мусіць мець аніякіх прававых наступстваў.
«Падобная інфармацыя прыйшла з Баранавічаў, дзе ад людзей, якія патрабуюць свабодных выбараў і падпісаліся пад адпаведным лістом, міліцыя патрабуе пісьмовых тлумачэньняў. Людзі выказалі ўжо сваю думку, гэта іхныя канстытуцыйныя правы, ня трэба аніякіх тлумачэньняў. — кажа Стэфановіч. — Таму, калі не падпісаць і гэтае папярэджаньне, ніякіх прававых наступстваў гэта мець ня будзе».