Аляксандар Лукашэнка наведаў Нацыянальную акадэмію навук і сустрэўся з навукоўцамі. Але не з усімі.
Як гавораць супрацоўнікі, адбор кандыдатаў быў жорсткім — месяц таму навукоўцы масава далучыліся да патрабаваньняў адстаўкі Лукашэнкі і сталі ў пікеты салідарнасьці.
У прамове да аўдыторыі Лукашэнка заявіў, што трэба разумна і прагматычна ацэньваць уласныя пэрспэктывы, а таксама «забясьпечыць пераемнасьць».
«Ня будзе пераемнасьці, будзем па-бандыцку ламаць, а потым зноўку будаваць. Гэта проста глупства, гэта немагчыма. У нас няма на гэта фінансавых рэсурсаў. Таму давайце разам падумаем, як зрабіць навуковы шлях для нашых маладых людзей больш прывабным», — цытуюць яго дзяржаўныя мэдыя.
Менавіта маладыя навукоўцы неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ініцыявалі страйк у акадэмічных інстытутах, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту супраць мірных дэманстрантаў.
Як расказаў Свабодзе старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі Іван Сіўцоў, які быў у шэрагах страйкоўцаў і якога выклікалі на гутаркі да кіраўніцтва НАН, удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам старанна фільтравалі.
«Напярэдадні візыту асабліва небясьпечных бунтароў тэрмінова адправілі ў двухдзённыя службовыя выправы, — кажа Іван, чыё падразьдзяленьне далучанае да касьмічных праектаў. — Таму „да цела“ дапусьцілі толькі з людзей з праверанага пулу. Захады бясьпекі, само сабой, максымальныя. Пад кожным слупом ціхар, аўтазак са сьцягам у двары, бусы без нумароў. Зьбіраліся нават зачыніць будынкі інстытутаў, каб супрацоўнікі не выходзілі на вуліцу».
Аляксандар Лукашэнка заявіў навукоўцам пра моладзь:
«Яны могуць ня ведаць усіх нягодаў цяжкіх 1990-х, хоць пра гэта маглі б расказаць бацькі. Сумна, што нашых дзяцей цягнуць на вуліцы. Яны наіўна вераць, што дзеля сьветлай будучыні дапушчальна разбурыць сучаснасьць, што можна падзяліць людзей на правільных і няправільных, загубіць эканоміку, ва ўгоду чужым інтарэсам адрачыся ад усяго добрага, што зроблена за гады незалежнасці. Але жыцьцё ня ролік з інтэрнэту. Назад не адкруціць», — падсумаваў Лукашэнка.