Зьняволеная сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады напісала заяву аб завядзеньні крымінальнай справы на імя старшыні СК, апісаўшы падзеі 7 і 8 верасьня.
Яна сьцьвярджае, што можа апазнаць усіх, каго пералічыла ў заяве аб выкраданьні, псыхалягічным ціску, пагрозах пазбаўленьня жыцьця і спробах вывезьці яе за межы Беларусі.
Фрагмэнт заявы дае прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі.
«Пазначанымі асобамі мне выказваліся пагрозы пазбавіць мяне жыцьця, якія ўспрымаліся мною рэальна. У прыватнасьці, заяўлялася, што ў выпадку, калі я добраахвотна не пакіну тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мяне ўсё роўна вывезуць: жывой ці па частках.
Выказваліся і пагрозы пазбавіць мяне свабоды на тэрмін да 25 гадоў, арганізаваць мне праблемы ў месцах утрыманьня пад вартай, у месцах пазбаўленьня волі, што я таксама ўспрымала як рэальныя. Ад таго, што патрабаванай згоды ад мяне атрымана не было, мяне зьмяшчалі ў камэру, дзе я ўтрымлівалася каля гадзіны».
«Пасьля таго, як супрацоўнікі КДБ РБ усьвядомілі, што добраахвотна зь Беларусі я ня зьеду, мне надзелі на галаву мяшок, запхнулі ў мікрааўтобус і вывезьлі на беларуска-ўкраінскую мяжу (п.п. „Аляксандраўка“), дзе з ужываньнем сілы, супраць маёй волі спрабавалі выдварыць мяне з Рэспублікі Беларусь.
Пасьля таго, як я парвала свой пашпарт, выключыўшы такім чынам выезд на тэрыторыю Ўкраіны, мяне зноў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Мазырскі памежны атрад, дзе я знаходзілася да вечара 08.09.2020 г.
Такім чынам, пералічанымі вышэй адказнымі асобамі ГУБАЗіК і КДБ Рэспублікі Беларусь супраць мяне ўчынены шэраг крымінальна караных дзеяньняў, а менавіта: выкраданьне чалавека (арт. 182 КК), незаконнае пазбаўленьне волі (арт. 183 КК), пагрозы забойствам (арт. 186 КК)».
Марыя Калесьнікава прапала ў Менску раніцай 7 верасьня. Паводле відавочцаў, на вуліцы Леніна невядомыя пасадзілі яе ў мікрааўтобус і зьвезьлі. Неўзабаве зьніклі таксама сябры Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў.
Раніцай 8 верасьня пры спробе гвалтоўнай высылкі ва Ўкраіну Калесьнікава парвала пашпарт і выбралася з машыны паміж пунктамі пропуску. Яе затрымалі беларускія памежнікі. Краўцоў і Раднянкоў, каб пазьбегнуць затрыманьня, на вялікай хуткасьці зьехалі на тэрыторыю Ўкраіны. 9 верасьня стала вядома, што Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.