Сутнасьць зьняволеньня Марыі Калесьнікавай выключна палітычная і мэта яго — ціск на Каардынацыйную раду і беларускае грамадзтва ў цэлым, лічыць адвакат Міхаіл Кірылюк.
«Чвэрць мільёна грамадзян Беларусі, якія больш за месяц кожныя выходныя мірна выходзяць з патрабаваньнямі аднавіць справядлівасьць, нельга арыштаваць, — напісаў Кірылюк. — І ігнараваць і супрацьстаяць ім немагчыма».
Ён заклікаў, каб усе патрабавалі
- выпусьціць невінаватых людзей з турмаў,
- пакараць паводле закону ўсіх, хто зьдзекаваўся з грамадзянаў Беларусі,
- правесьці новыя сумленныя выбары як мага хутчэй.
Культурны экспэрт Вольга Зарэцкая піша, што Лукашэнка наіўна спадзяецца, што арыштамі і затрыманьнямі запужае бальшыню і на вуліцы стане выходзіць усё менш і менш.
«Нацыя абражаная. І нацыя адзіная ў сваім імкненьні спыніць зьдзекі з сваёй свабоды і права „людзьмі звацца“». Лукашэнку давядзецца прыслухацца да 9 мільёнаў чалавек, хоча ён гэтага ці не, лічыць Зарэцкая.
Паліттэхноляг Уладзімер Мацкевіч перакананы, што «ўцягненьне Каардынацыйнай рады як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадзтва ў працэс стварэньня пляцоўкі для канструктыўнага дыялёгу для пераадоленьня палітычнага крызісу і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве ёсьць найлепшым сцэнарам для кожнага з бакоў».