9 верасьня ў Менску прайшла жаночая акцыя ў падтрымку Марыі Калесьнікавай і іншых палітычных зьняволеных.
Да пачатку акцыі група жанчын прайшла па праспэкце Незалежнасьці зь бел-чырвона-белымі парасонамі.
У 18.15 каля гандлёвага цэнтру «Няміга 3» сабраліся больш за 20 жанчын, паводле БелаПАН. Яны трымалі плякаты: «Ці гатовыя ўкрасьці, пасадзіць і выгнаць сотні тысяч жанчын? Ну-ну, героі», «Марыя, ты наш герой! І што б ні здарылася, мы з табой», «Добрая Маша, але ня ваша» ды іншыя.
Тых, хто сабраўся, на камэру здымаў супрацоўнік праваахоўных органаў у мэдычнай масцы, а міліцыянт у форме казаў праз мэгафон, што мерапрыемства не санкцыянаванае, і прапаноўваў разысьціся.
На месцы акцыі зьявіліся невядомыя ў масках у цывільным адзеньні, а таксама сілавікі ў чорных балаклавах і зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Ад журналістаў запатрабавалі адысьці на адлегласьць 50 мэтраў: «У мэтах вашай бясьпекі, каб не было нэгатыўных наступстваў, каб вы не пацярпелі, каб потым не пісалі, што вас б’юць».
Частка жанчын пасьля зьяўленьня праваахоўнікаў пайшла ў бок праспэкту Пераможцаў, частка засталася. Прыкладна ў гэты ж час да акцыі далучыліся яшчэ больш за дзесяць дзяўчат, і пачаліся затрыманьні.
Усяго, як змаглі заўважыць журналісты, было затрымана ня менш за 7 жанчын, а таксама хлопец з роварам і бел-чырвона-белым сьцягам. Усіх пасадзілі ў мікрааўтобусы.
Мінакі, якія назіралі за дзеяньнямі сілавікоў, крычалі «Ганьба!» і «Трыбунал!». Паступова дзяўчаты сышлі ад гандлёвага цэнтру.
Па стане на 20.50 праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 13 жанчын, затрыманых падчас акцыі:
- Пучынская Барбара
- Пучынская Крысьціна
- Гвардзеенка Лізавета
- Петражыцкая Марыя
- Курчанкова Крысьціна
- Шчарбакова Марта
- Далматава Марына
- Бягун Ксенія
- Аляксейчык Алеся
- Шэлікава Ўльяна
- Шышкова Ўльяна
- Шышкова Людміла
- Іўчык Варвара
Марыя Калесьнікава прапала ў Менску раніцай 7 верасьня. Паводле відавочцаў, на вуліцы Леніна невядомыя пасадзілі яе ў мікрааўтобус і зьвезьлі. Неўзабаве зьніклі таксама сябры Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў.
Раніцай 8 верасьня пры спробе гвалтоўнай высылкі ва Ўкраіну Калесьнікава парвала пашпарт і выбралася з машыны паміж пунктамі пропуску. Яе затрымалі беларускія памежнікі. Краўцоў і Раднянкоў, каб пазьбегнуць затрыманьня, на вялікай хуткасьці зьехалі на тэрыторыю Ўкраіны.
9 верасьня стала вядома, што Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»).
Таксама падазраванымі па гэтай справе праходзяць юрысты Максім Знак і Ільля Салей.