Плятформа «Голас» і супольнасьць «Честные люди» выступілі з новай ініцыятывай, як аддаць пад суд фальсыфікатараў прэзыдэнцкіх выбараў.
«З вашай дапамогай мы даведаліся, што выбары сфальсыфікаваныя. Цэнтарвыбаркам і Вярхоўны суд адмовіліся прыняць скаргі ад кандыдатаў. Непрыемна, але прадказальна. Прыйшоў час для наступнага кроку абароны нашых галасоў. Нашы партнёры з супольнасьці «Честные люди» запускаюць новы праект пад назвай «Справа аб фальсыфікацыі», — гаворыцца ў супольнай заяве.
Мэта ініцыятывы ў тым, каб падаць калектыўныя заявы ў тэрытарыяльныя РАУС аб фальсыфікацыі на асобных участках.
Пакрокавая інструкцыя даецца на сайце http://case.honest-people.by, дзе кожны можа знайсьці свой участак і з дапамогай неабыякавых людзей скласьці карціну агульнага маштабу дзеяньняў фальсыфікатараў.
«Каб падаць заявы, мы шукаем ініцыятыўных людзей, якія зьбяруць подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, у якой скралі больш за ўсё галасоў. Наша мэта — мінімум на 30% больш, чым было пазначана ў пратаколе. Такое разыходжаньне паміж дадзенымі пратаколаў і колькасьцю сабраных подпісаў будзе важкай падставай, каб міліцыя пачала праверку», — гаворыцца ў тлумачэньні.