Памежны камітэт: Калесьнікаву затрымалі на мяжы з Украінай. Краўцоў і Раднянкоў перасеклі мяжу
Сябры Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў выехалі ва Ўкраіну. Марыю Калесьнікаву затрымалі на мяжы. Пра гэта Свабодзе паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.
«На пачатку 5-й гадзіны раніцы яны прыехалі на памежны пераход Аляксандраўка, што ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці. Былі ўтраіх на адной машыне», — сказаў Бычкоўскі.
Ён ня змог патлумачыць, ці было гэта зроблена пад ціскам.
Сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак паведаміў Свабодзе, што ня можа пацьвердзіць выезд Калесьнікавай, Краўцова і Раднянкова ва Ўкраіну. 2
«Яны не выходзілі на сувязь. Акрамя таго, мы з Марыяй Калесьнікавай абмярковалі сытуацыю пасьля таго, што здарылася з Вольгай Кавальковай, якую вывезьлі ў Польшчу. І Марыя казала, што ні ў якім разе ня будзе згодная на выезд з краіны, калі такое здарыцца зь ёю».
Тэлефон Марыі Калесьнікавай працуе, але ніхто не здымае слухаўку.
Telegram-канал ATN_NEWS дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў раніцай, што ўначы Калесьнікава, Раднянкоў і Краўцоў «спрабавалі незаконна пакінуць тэрытэрыю Рэспублікі Беларусь» і што Калесьнікаву затрымалі. Тамсама апублікавана два відэа. На адным Іван Краўцоў кажа, што «прыняў рашэньне пакінуць Беларусь на некаторы час». На другім відэа бачна, як аўтамабіль BMW праходзіць памежны канктроль на беларускай частцы мяжы. Ані хто ў ім, ані якіх спробаў «прарыву мяжы» ня бачна.
Прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага ккамітэту Антон Бычкоўскі пасьля 9 гадзіны пацьвердзіў Свабодзе, што Раднянкоў і Краўцоў пакінулі тэрыторыю Беларусі і апынуліся на сумежнай баку, Калеснікава ў цяперашні момант затрыманая. «Цяпер ідзе разьбіральніцтва, каб даць гэтай сытуацыі прававую ацэнку», — сказаў Бычкоўскі.
У амбасадзе Ўкраіны ў Менску паведамілі Свабодзе, што ва Ўкраіне цяпер знаходзяцца толькі Краўцоў і Раднянкоў, Калесьнікавай там няма.
Магчымасьць пазбаўленьня грамадзянства можа быць адным з новаўвядзеньняў «канстытуцыйнай рэформы»
Піша аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Высылка (будзем называць рэчы сваімі імёнамі) за межы краіны сяброў Каардынацыйнай рады Калесьнікавай, Краўцова і Раднянкова, а перад гэтым Ціханоўскай, і забарона на ўезд мітрапаліту Кандрусевічу адкрываюць новы этап аўтакратыі ў Беларусі. Цяпер любога няўгоднага ўладзе можна выкінуць за мяжу, як рабіла гэта КДБ часоў Андропава. Альбо не ўпусьціць (што, найхутчэй, адбудзецца і з Латушкам).
Усе вышэйназваныя маюць беларускае грамадзянства, і такія дзеяньні спэцслужбаў адназначна антыканстытуцыйныя.
Наступным крокам у тым, што на сучасным слэнгу атрымала назоў «прабіць дно», можа быць пазбаўленьне няўгодных грамадзянства. Пакуль што гэта забаронена Канстытуцыяй, але можна чакаць, што падчас «канстытуцыйнай рэформы» гэтая нязручнасьць будзе ліквідаваная, — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Кіраўніца RT у Менску. Лукашэнка дасьць «вялікае інтэрвію»
Зраніцы ў твітэры кіраўніцы расейскага каналу Russia Today Маргарыты Сіманьян зьявіўся допіс: «Добрай раніцы, Менск! Дзе ў вас тут модна сьнедаць?».
Таксама раніцай тэлеграм-канал «Пул первого» анансаваў «вялікае інтэрвію» Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле «РИА Новости», інтэрвію ў Лукашэнкі будуць браць расейскія журналісты Маргарыта Сіманьян (Russia Today), Антон Вярніцкі («Первый канал»), Яўген Ражкоў («Россия-1») і Раман Бабаян (радыё «Говорит Москва»)
1 верасьня Аляксандар Лукашэнка падзякаваў расейцам за падтрымку ў арганізацыі працы Беларускай дзяржаўнай тэлевізіі — пасьля масавага сыходу і страйку супрацоўнікаў.
Кіраўніца Russia Today Маргарыта Сіманьян тады адмаўляла, што супрацоўнікі каналу былі накіраваныя ў Менск для працы ў Белтэлерадыёкампаніі. Аднак Лукашэнка падзякаваў і ёй.
У кватэры рэдактаркі Tut.by праводзяць ператрус
Дачку супрацоўніцы Tut.by Галіны Ўласік Валерыю Ўласік абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
Валерыю забралі ў Маскоўскае РУУС.
«Раніцай нехта званіў у дзьверы, жанчыны не адчынілі. Суседзі казалі, што бачылі ў двары траіх сілавікоў у балаклавах. Урэшце у кватэру яны трапілі і кажуць, што ёсьць пастанова аб завядзеньні крымінальнай справы на Валерыю і санкцыя на ператрус», — паведаміла Свабодзе Галіна Ўласік.
Валерыя Ўласік працуе ў рэклямным бізнэсе.
Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў лічыць, што ў беларускім грамадзтве ўжо няма «бар’еру страху»: «Відаць, што гэтыя зьмены незваротныя. У беларускім грамадзтве ўжо няма барʼеру страху. Быў таксама пераадолены і барʼер дазволенасьці. Больш няма легітымнасьці ўлады, якая зьяўляецца ўладай толькі таму, што яна можа фізычна кіраваць. Грамадзтва прызнала, што неабходная іншая легітымізацыя», – сказаў Раў у інтэрвію, апублікаваным 8 верасьня ў выданьні Gazeta Polska Codziennie.
Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра затрыманьне Марыі Калесьнікавай
«Марыя Калесьнікава павінна быць вызваленая неадкладна, як і ўсе раней затрыманыя сябры Каардынацыйнай рады і палітвязьні. Задача Каардынацыйнай рады – быць плятформай для перамоваў. Іншага рашэньня няма, і Лукашэнка павінен гэта ўсьвядоміць. Нельга трымаць народ у закладніках. Выкрадаючы людзей сярод дня, Лукашэнка дэманструе сваю слабасьць і страх».
«Гэта ня быў добраахвотны выезд»
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што выезд сяброў беларускай Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова з краіны быў «гвалтоўным выгнаньнем».
«Ад сябе дадам — гэта ня быў добраахвотны выезд. Гэта было гвалтоўнае выправаджэньне з роднай краіны. Марыю Калеснікаву не ўдалося выправадзіць зь Беларусі, таму што гэтая адважная жанчына распачала дзеяньні для прадухіленьня яе перамяшчэньня церазь мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — напісаў Герашчанка ў Facebookʼу.
Ва Ўкраіне абвяргаюць, што затрымалі Краўцова і Раднянкова
Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка абверг у інтэрвію Свабодзе інфармацыю БелТА пра затрыманьне ва Ўкраіне сябраў Каардынацыйнай рады Івана Краўцова і Антона Раднянкова:
«Цяпер, як мы паведамлялі раней, яны праходзяць памежны кантроль, згодна з украінскім заканадаўствам».
Дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на памежны камітэт Беларусі заявіла, што Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў затрыманыя «ў рамках узаемадзеяньня» на тэрыторыі Ўкраіны.
Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў Свабодзе, што паводле ягонай інфармацыі Краўцоў і Раднянкоў сапраўды затрыманыя на ўкраінскім баку. На тое, што украінскі бок гэта абвяргае, Бычкоўскі адказаў: «Яны прайшлі беларускую мяжу ў 4 гадзіны раніцы, да гэтага часу яны не прайшлі ўкраінскую мяжу, з гэтага можна зрабіць выснову, што яны затрыманыя».
Ціханоўская выступае ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. УЖЫВУЮ
Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская мае выступіць па відэасувязі перад камітэтам у палітычных справах і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).
Калесьнікава пры спробе гвалтоўнага вывазу зь Беларусі парвала свой пашпарт — Інтэрфакс-Украіна
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава не перасекла мяжу Ўкраіны, бо пры спробе ейнага гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі яна парвала свой пашпарт. Пра гэта паведаміла агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» з спасылкай на інфармаваную крыніцу.
«Пры спробе фактычнай дэпартацыі яна парвала пашпарт і не магла быць прапушчана памежнікамі на тэрыторыю Ўкраіны», — сказаў суразмоўца агенцтва.
«Павінны выпусьціць бліжэйшым часам». Максім Знак пра інцыдэнт з Марыяй Калесьнікавай на мяжы
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак адрэагаваў у Фэйсбуку на вэрсію ўладаў пра тое, што Марыя Калесьнікава разам з прыхільнікамі спрабавала «ўцячы ва Ўкраіну, штурмам узяўшы мяжу».
«Чытаю і перачытваю, і не магу паверыць, што ўсё настолькі цяп-ляп. Я ня веру ні на сэкунду ў праўдзівасьць агучаных афіцыйных вэрсій. Чакаю, калі вернецца сувязь, і яны самі ўсё раскажуць», — заявіў юрыст штабу прэтэндэнта на прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.
«Маша гаварыла на мітынгах, што яна шчасьлівая, а беларусы неверагодныя! Дык вось я шчасьлівы, што Ваня Краўцоў і Антон Раднянкоў, мяркуючы па ўсім, у бясьпецы. Гэта значна лепш, чым зьнікненьне і невядомасьць. Я шчасьлівы, што Маша перайграла хітрыя пляны і выйшла пераможцам — ахвотна веру, што разарвала пашпарт або выскачыла з машыны. У любым выпадку ў іх нічога не атрымалася. Кажуць, што яна затрыманая. ОК, значыць адказнасьць за яе нясе дзяржава».
Паводле Максіма Знака, Марыя Калесьнікава вярнула сілавікоў у прававое поле, і цяпер трэба будзе абгрунтоўваць яе затрыманьне.
«Якое злачынства ці хаця б правапарушэньне зьдзяйсьняе грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які прайшоў мытны і пашпартны кантроль, і якога „выкідваюць“ з машыны, калі кіроўца не падпарадкоўваецца патрабаваньням патруля? Што парушае гэты чалавек? Мяркуючы па ўсім, Машу павінны выпусціць бліжэйшым часам, бо ўчора яе нібыта не затрымлівалі, а цяпер падставаў ніякіх няма. Брава, Маша, гэта найлепшы пэрформанс і проста геніяльнае вяртаньне ў юрыдычную плоскасьць!».
Паводле непацьверджанай інфармацыі ад украінскіх памежнікаў, Марыя Калесьнікава парвала свой пашпарт, калі беларускія спэцслужбы спрабавалі гвалтам вывезьці яе з краіны.
Андрэй Савіных у ПАРЭ: пратэсты ў Беларусі каардынаваліся з-за мяжы
Старшыня камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, выступаючы ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы 8 верасьня, сказаў, што пратэсты ў Беларусі каардынаваліся з-за мяжы, у тым ліку праз Тэлеграм-канал Nexta, які, дадаў ён, паводле інфармацыі некаторых СМІ, кіруецца польскай вайсковай выведкай.
Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны: Цяпер грамадзяне Беларусі Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў пасьля ўсіх неабходных захадаў памежнага кантролю праехалі на тэрыторыю Ўкраіны
Студэнты МДЛУ выйшлі на акцыю салідарнасьці з іншымі ўнівэрсітэтамі і нядаўна затрыманай студэнткай БДЭУ
Крэмль: у Беларусі няма палітвязьняў
Пра гэта 8 верасьня заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.
«Мы не гатовыя прызнаць у цэлым наяўнасьць палітычных зьняволеных у Беларусі», – сказаў ён, камэнтуючы сытуацыю з затрыманьнем сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай.
У Беларусі 6 новых палітзьняволеных, гэта прадстаўнікі бізнэсу
Беларускія праваабрончыя арганізацыі прызналі Аляксандра Васілевіча, Лілію Ўласаву, Юлію Шардыку, Дзьмітрыя Рабцэвіча, Віктара Куўшынава і Ўладзіслава Міхалопа палітычнымі зьняволенымі.
Рада Эўропы заклікала ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялёг з грамадзтвам
Рада Эўропы выказала сур‘ёзную занепакоенасьць парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі, гаворыцца ў заяве генэральнага сакратара рады Мары Пэйчынавіч-Бурыч, распаўсюджанай 8 верасьня.
«Паведамленьні аб уціску і перасьледзе чальцоў Каардынацыйнай рады выклікаюць крайнюю трывогу, роўна як і аднаўленьне арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і проста ўдзельнікаў маніфэстацый», — заявіла Пэйчынавіч-Бурыч.
«Ад імя Рады Эўропы я заклікаю кіраўніцтва Беларусі пакласьці канец гэтым рэпрэсіўным дзеяньням. Няма іншага шляху, акрамя як пачаць весьці справядлівы і адкрыты дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю з мэтай неадкладнай падрыхтоўкі і правядзеньня неабходных рэформаў. Рада Эўропы па-ранейшаму гатовая прапанаваць сваю дапамогу ў гэтых адносінах», — дадала яна.
У галоўным корпусе БДУ сьпяваюць «Воіны сьвятла»
Ленінскі суд Магілёва на 14 сутак асудзіў Дзьмітрыя Бакуновіча, які ўдзельнічаў у мясцовых акцыях пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Судзьдзя Аксана Ратнікава прызнала яго вінаватым у парушэньні арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паводле магілёўскіх праваабаронцаў з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» Дзьмітры на шэсьці прыносіў шасьцімэтровы бел-чырвона-белы сьцяг.
Памежны камітэт Беларусі расказаў сваю вэрсію інцыдэнту з Марыяй Калесьнікай на мяжы з Украінай
Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў Свабодзе, што прэтэнзій да Марыі Калесьнікавай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова ў беларускіх памежнікаў на пропуску «Аляксандраўка» ў Нараўлянскім раёне не было.