Ператрусы, допыты, затрыманьні. Хроніка перасьледу 8 верасьня
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзкіх актывістаў і звычайных грамадзян.
- Памежнікі на мяжы з Украінай затрымалі сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, якую невядомыя ўчора выкралі ў цэнтры Менску. Паводле папярэдніх зьвестак праваабаронцаў, яе спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну.
- Сьледчыя шукаюць актывіста «Маладога фронту» Віталя Трыгубава. Яго хочуць апытаць у межах крымінальнай справы, папярэдне — паводле арт. 339, ч.1 (хуліганства).
- Праваабаронцам паведамляюць, што перастаў выходзіць на сувязь і лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.
- Затрымалі журналістку Валерыю Ўласік. У кватэры, дзе яна жыве разам з маці, рэдактаркай парталу Tut.by Галінай Уласік, прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Валерыю будуць судзіць па адміністрацыйнай справе за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
- У кватэры сябра рады таварыства «Экадом» Ксеніі Малюковай прайшоў ператрус. Ад раніцы невядомыя спрабавалі трапіць у жыльлё дырэктаркі «Экадому» Марыны Дубінай. Таксама прыходзілі ў кватэру да Соф’і Садоўскай — дачкі раней затрыманай экалягічнай актывісткі Ірыны Сухій.
- У сябе дома ў Менску затрыманы Іван Васілюк, адзін з каардынатараў выбарчага штабу Валера Цапкалы.
- У Берасьці затрыманы студэнт БДТУ Дзьмітры Сінюк. Да гэтага яму тэлефанавалі, каб «пагаварыць». Сам ён гэта зьвязваў з падзеямі 9–12 жніўня.
У Кіеве не плянуюць затрымліваць сябраў Каардынацыйнай рады для выдачы Беларусі
Сябраў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова не затрымлівалі на тэрыторыі Ўкраіны, каб выдаць беларускім уладам. «Служба бясьпекі Ўкраіны не затрымлівала грамадзян Беларусі, якія прадстаўляюць Каардынацыйную раду», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе СБУ.
Зь іншых крыніц Свабодзе стала вядома, што ў Антона Раднянкова і Івана Краўцова забралі тэлефоны яшчэ да ўезду ва Ўкраіну, на беларускай тэрыторыі.
Лукашэнка патлумачыў, чаму хадзіў з аўтаматам ля Палаца Незалежнасьці
«Маё зьяўленьне з аўтаматам азначала толькі адно — я нікуды ня ўцёк і гатовы абараняць маю краіну да канца», — заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас інтэрвію прадстаўнікам расейскіх СМІ. Пераказаў словы Лукашэнкі (блізка да тэксту) у тэлеграм-канале галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва» Раман Бабаян, які ўдзельнічаў у інтэрвію.
Прэс-сакратар Пуціна: Выкраданьні людзей ніякім чынам нельга ўхваліць
Крэмль не валодае поўнай інфармацыяй па інцыдэнце з лідэрамі беларускай апазыцыі, паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.
«Вядома, выкраданьні людзей – гэта тое, што ніякім чынам нельга ўхваліць, – цытуе яго выданьне «Ведомости». – У дадзеным выпадку, вядома, гэта трэба дыферэнцаваць ад затрыманьня людзей у строгай адпаведнасьці з законам. Мы ў той жа час пакуль не валодаем дэталёвай інфармацыяй пра тое, што ж зь ёй [Марыяй Калеснікавай] адбылося. Таму што паступае самая супярэчлівая інфармацыя», – сказаў Пяскоў. Ён дадаў, што ў Крамлі спадзяюцца на хуткае высьвятленьне сытуацыі па афіцыйных каналах.
«Выбары можна праводзіць адначасова з канстытуцыйнай рэформай, а не пасьля», — Латушка адказаў Лукашэнку
Павал Латушка ня верыць у шчырасьць Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў пра намер правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары пасьля канстытуцыйнай рэформы.
«Выбары трэба праводзіць ужо заўтра пры разуменьні таго, што будуць вызваленыя ўсе палітвязьні, спынены перасьлед іншадумцаў, створана здаровая атмасфэра ў краіне і адноўлена законнасьць. Гэта павінны быць сумленныя, адкрытыя выбары. Іх можна праводзіць адначасова з канстытуцыйнай рэформай, але ніяк не пасьля», — сказаў Павал Латушка «Інтэрфаксу».
На яго думку, адкладаючы правядзеньне выбараў, беларускія ўлады спрабуюць выйграць час. Цалкам чытайце тут.
Дваровыя чаты як разбуральнікі аўтарытарызму
Адным з практычных вынікаў беларускага рэвалюцыйнага працэсу многія называюць пачатак утварэньня гарадзкіх міні-супольнасьцяў. Двары, вуліцы, мікрараёны...
Спачатку мясцовыя жыхары стваралі тэлеграм-каналы для каардынацыі выхадаў на «ланцугі салідарнасьці». Пасьля — для супольных нядзельных выхадаў у цэнтар Менску на маршы. Людзі між сабой перазнаёміліся і пачалі рабіць штосьці для душы. Напрыклад, супольна зь дзецьмі глядзець мультфільмы праз праектар ці запрашаць артыстаў з музычнымі выступамі. «Лукашэнка сыдзе, а лякальныя кам’юніці застануцца», — патлумачыў мне знаёмы ўрбаніст, піша блогер Севярын Квяткоўскі. Блог цалкам чытайце тут.
Андрэй Курэйчык прадставіў ва Ўкраіне п’есу аб падзеях жніўня 2020 году ў Беларусі
Беларускі драматург і рэжысэр Андрэй Курэйчык, які ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады, прэзэнтаваў ва Ўкраіне апошнюю частку сваёй трылёгіі «Абражаныя. Беларусь». Першыя дзьве часткі — «Абражаныя. Расея» і «Абражаныя. Украіна» — выйшлі ў 2018 і ў 2019 гадах у супрацы з Херсонскім тэатрам імя Міколы Куліша.
П’еса «Абражаныя. Беларусь» заснаваная на апошніх падзеях у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. У пастаноўцы выкарыстаныя дакумэнтальныя матэрыялы, а ўсе падзеі расказваюцца праз гісторыі розных герояў, сярод якіх і старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, што праводзіла рэпэтыцыю падліку галасоў на карысьць усіх кандыдатаў; і дзяўчына, вымушаная скасаваць вясельле са сваім абраньнікам, бо той служыў у АМАП, і прадстаўнікі абʼяднанага выбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай. Цалкам чытайце тут.
«Яны хочуць разарваць усе сувязі з брацкай Расеяй». Лукашэнка заявіў, што ня будзе размаўляць з Каардынацыйнай радай
«Я ня буду размаўляць з Каардынацыйнай радай апазыцыі, таму што я ня ведаю хто гэтыя людзі. Яны ніякая не апазыцыя», — пераказаў словы Лукашэнкі (блізка да тэксту) ў телеграм-канале галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва» Раман Бабаян, які ўдзельнічаў у інтэрвію Лукашэнкі прадстаўнікам расейскіх СМІ 7 верасьня.
У інтэрвію Лукашэнка назваў усе прапановы Каардынацыйнай рады «катастрофай для Беларусі і беларускага народа». «Яны хочуць разарваць усе нашы сувязі з брацкай Расеяй, хочуць, каб у нас былі платнымі адукацыя і мэдыцына. Яны хочуць, каб усе нашы прамысловыя прадпрыемствы былі зьнішчаныя, а рабочыя сталі б беспрацоўнымі!» — заявіў Лукашэнка.
Пра далейшую інтэграцыю з Расеяй
«Мы гатовыя працягваць інтэграцыю з Расеяй, але спачатку трэба каб рэальна запрацавалі ўсе інстытуты і ўжо існыя, у рамках Саюзнай дзяржавы, праекты», — пераказвае адказ Лукашэнкі Раман Бабаян на пытаньне пра далейшую інтэграцыю з Расеяй.
«Прыйшлі зь ператрусам, нібыта яны гоняць самагонку і прадаюць». Як затрымалі сям’ю ўдзельніцы страйкаму БДУ
Выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сьвятлана Воўчак, якая брала ўдзел у стварэньні страйкаму БДУ, і яе муж Міхаіл адбываюць 15-дзённыя арышты ў ізалятары гораду Іванава Берасьцейскай вобласьці. Свабода высьвятляла падрабязнасьці справы.
Гісторыю перасьледу Сьвятланы і Михаіла Воўчака чытайце па спасылцы.
«Беларускае грамадзтва ўжо ня спыніцца», — лідэр польскай «Салідарнасьці» прыбыў зь візытам у Менск
Старшыня незалежнага прафсаюзу Польшчы «Салідарнасьць» Пётар Дуда прыляцеў у Менск на запрашэньне кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Да апошняга былі асьцярогі, ці пусьцяць Пятра Дуду ў Беларусь, некаторыя адгаворвалі яго ад візыту, але ён не паддаўся на гэта.
Пётар Дуда ўжо правёў сустрэчу з прадстаўнікамі амбасады Польшчы ў Менску і Аляксандрам Ярашуком. Падчас гутаркі абмяркоўвалася тэма палітычнага крызісу ў Беларусі. У інтэрвію Радыё Свабода свой візыт Пётар Дуда назваў сымбалічным, бо 40 гадоў таму ў Польшчы зьявіўся незалежны прафсаюз «Салідарнасьць», а цяпер, таксама ў жніўні, у Беларусі паўстаў масавы рух за перамены.
«Для мяне вялікі гонар прыехаць у час гістарычных падзей у Беларусі. Беларускае грамадзтва абудзілася, арганізуецца, і яно ўжо ня спыніцца. Гэтак было ў Польшчы, але мы чакалі свабоды яшчэ 9 гадоў пасьля зьяўленьня «Салідарнасьці», — нагадаў ён. Пётар Дуда заявіў, што на ягоную думку, сытуацыя настолькі кепская для рэжыму Лукашэнкі, што той выводзіць на вуліцу ня толькі міліцыю, але і армію. Цалкам чытайце па спасылцы.
Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „За 10 мэтраў ад іх забіваюць людзей, а яны абмяркоўваюць адпачынак у Турцыі“
Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году.
Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
Усе гісторыі сьведкаў можна пачытаць па спасылцы (абнаўляецца).
«Справа аб фальсыфікацыі». Плятформа «Голас» прапанавала спосаб, як прыцягнуць да адказнасьці за парушэньні на выбарах
Плятформа «Голас» і супольнасьць «Сумленныя людзі» выступілі з новай ініцыятывай, як аддаць пад суд фальсыфікатараў прэзыдэнцкіх выбараў.
«З вашай дапамогай мы даведаліся, што выбары сфальсыфікаваныя. Цэнтарвыбаркам і Вярхоўны суд адмовіліся прыняць скаргі ад кандыдатаў. Непрыемна, але прадказальна. Прыйшоў час для наступнага кроку абароны нашых галасоў. Нашы партнёры з супольнасьці «Сумленныя людзі» запускаюць новы праект пад назвай «Справа аб фальсыфікацыі», — гаворыцца ў супольнай заяве.
Бацька Марыі Калесьнікавай абверг заяву Лукашэнкі
Аляксандар Лукашэнка ў час інтэрвію расійскім журналістам заявіў, што Марыя Калесьнікава «хацела ўцячы да сястры ва Ўкраіну». Аднак бацька Марыі гэта абвяргае.
«Марыя заўсёды паўтарала: «Тата, што б ні здарылася, я буду ў Беларусі. Гэта была яе прынцыповая пазыцыя», — распавёў Tut.by Аляксандар Калесьнікаў. — Яна нічога не казала мне пра тое, што плянуе зьехаць ва Ўкраіну. І ўчора я пакінуў заяву ў міліцыі аб яе зьнікненьні».
Па словах Аляксандра Калесьнікава, сувязі з дачкой у яго да гэтага часу няма. Усю інфармацыю пра яе ён цяпер даведаецца з інтэрнэту.
Праваахоўныя органы, куды ён учора зьвярнуўся з заявай па факце зьнікненьня Марыі, бацьку нічога не паведамляюць.
З Марыяй Калесьнікавай атрымаўся пракол, улады ў разгубленасьці
Камэнтар палітоляга Валера Карбалевіча
- Спэцапэрацыі для выдаленьня небясьпечных для рэжыму людзей з краіны — гэта абсалютнае юрыдычнае свавольства.
- Таму альбо афіцыйныя органы нібыта «нямеюць», альбо ім даводзіцца ўвесь час гаварыць няпраўду, якая лёгка абвяргаецца. Заявілі, што Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў нібыта затрыманыя на тэрыторыі Ўкраіны. Але ўкраінцы гэта хутка абверглі.
- Ва ўладаў адсутнічае разуменьне, што інфармацыйная эпоха патрабуе хоць нейкай долі праўдападобнасьці. Але цяпер уладам не да гэтага. Трэба выратоўваць рэжым любымі сродкамі.
Лукашэнка: «Калі я сыду, маіх прыхільнікаў будуць рэзаць!»
Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва» Раман Бабаян выклаў у сваім тэлеграм-канале цытату Аляксандра Лукашэнкі пра магчымыя датэрміновыя выбары.
Лукашэнка, у прыватнасьці, заявіў, што гатовы правесьці рэформу Канстытуцыі, пасьля чаго ня выключыў датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.
Аляксандар Лукашэнка паўтарыў, што «проста так ня сыдзе».
«Я чвэрць стагодзьдзя даводзіў да ладу Беларусь. Проста так усё гэта не пакіну. Да таго ж, калі я пайду, маіх прыхільнікаў будуць рэзаць!», — заявіў Лукашэнка.
«Была пацярпелай, стала злачынкай». Яшчэ адну моцна траўмаваную 9 жніўня дзяўчыну адправілі на Акрэсьціна
Стала вядома пра яшчэ адну пацярпелую 9 жніўня, якую адвезьлі на допыт у Сьледчы камітэт і больш ня выпусьцілі. 7 жніўня Свабода паведаміла пра былую пацыентку вайсковага шпіталя Марыю, якую забралі на допыт у СК, а пасьля зьмясьцілі на Акрэсьціна. Дома ў Марыі таксама правялі ператрус. Празь дзень стала вядома яшчэ пра адзін такі ж выпадак. Насьця Дудзіна вучыцца ў адным зь менскіх ВНУ, пра яе затрыманьне Свабодзе расказалі сяброўкі Насьці і ейная маці Ніна.
Невядомыя спрабуюць трапіць у кватэры экалягічных актывістак
У кватэру, дзе пражывае сябра рады экалягічнай арганізацыі «Экадом» Ксенія Малюкова, з учорашняга дня спрабуюць трапіць невядомыя. У 14:30 там мусіць прайсьці ператрус. Таксама невядомыя з раніцы спрабавалі трапіць у кватэру, дзе жыве дырэктарка «Экадому» Марына Дубіна.
«Магчыма, я крыху пераседзеў». Лукашэнка даў інтэрвію расейскім журналістам
Напярэдадні візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію прадстаўнікам расейскіх СМІ. «Так, магчыма, я крыху пераседзеў. Магчыма, мяне паказваюць ня толькі з тэлевізара, але з праса і чайніка. Але толькі я цяпер магу абараніць Беларусь»,-- заявіў Лукашэнка.
Памежны камітэт Беларусі расказаў сваю вэрсію інцыдэнту з Марыяй Калесьнікай на мяжы з Украінай
Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў Свабодзе, што прэтэнзій да Марыі Калесьнікавай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова ў беларускіх памежнікаў на пропуску «Аляксандраўка» ў Нараўлянскім раёне не было.