Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выкралі Калесьнікаву. Судзяць затрыманых на нядзельным маршы. Што адбываецца на 30-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 30-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

16:58 7.9.2020

Вобшук у дзяўчыны, якая моцна пацярпела падчас разгону 9 жніўня

Марыя і яе хлопец атрымалі цяжкія траўмы ад выкарыстаньня спэцсродкаў падчас разгону акцыі пратэсту ўвечары 9 жніўня каля стэлы. У тую ж ноч Марыю зьмясьцілі ў Вайсковы шпіталь, дзе яна знаходзілася да канца жніўня.

Раніцай 7 верасьня дадому да Марыі прыйшлі сьледчыя, праводзяць ператрус, яе саму дапыталі. Хлопец дагэтуль у сьледчым аддзеле, яго дапытваюць. Як зразумела маці Марыі, допыт у межах справы аб масавых беспарадках. Падрабязнасьці чытайце тут.

17:34 7.9.2020

Латушка сказаў, што вернецца ў Беларусь


«Вы чулі выказваньні дзейнага кіраўніка краіны, што ёсьць і крымінальная справа і я буду адказваць. Маё вяртаньне будзе значыць магчымае затрыманьне, але я маю намер вярнуцца. Не зьбіраюся прасіць палітычнага прытулку ані ў Польшчы, ані ў Літве», — сказаў экс-дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка.

Чатыры прадстаўнікі прэзыдыюму Каардынацыйнай рады цяпер за мяжой. Два — за кратамі. На волі застаецца толькі адзін Максім Знак. Што яшчэ расказалі Латушка і Кавалькова, чытайце па спасылцы.

17:38 7.9.2020

Яшчэ адна загадкавая сьмерць. У Менску знайшлі мёртвым футбольнага фаната

Цела 25-гадовага Аляксея Дзямідава знайшлі на ўскрайку мікрараёну Серабранка раніцай 5 верасьня. Абставіны яго сьмерці незразумелыя нават блізкім сваякам, піша «Наша Ніва».

«4 верасьня выйшаў на працу. Позна ўвечары маці званіла яму, усё было нармальна, але ўжо праз гадзіну то ніхто ня браў слухаўку, то выклік скідвалі. А раніцай 5 верасьня нам паведамілі, што знайшлі цела Аляксея», — расказаў «Нашай Ніве» Аляксандар, стрыечны брат хлопца.

Брат кажа, што ў моргу бацькам не паказвалі цела — толькі твар. Пасьля яны разглядалі цела сына ўжо дома. «Цялесныя пашкоджаньні былі. На галаве гематома, на барадзе нібыта кавалкі скуры выдраныя. Пальцы зьбітыя, косткі зьбітыя на руках. Нага неяк перакручаная — нібы зламаная. Брудная вопратка... Выглядае, што была бойка ці нешта такое, — мяркуе Аляксандар. — Афіцыйнае заключэньне аб сьмерці будзе празь месяц. А ў папярэднім, кажуць, напісалі, што прычына сьмерці — атручэньне нявыяўленым рэчывам».

Загінулы быў удзельнікам фанацкага руху, заўзеў за «Дынама». У мітынгах ня ўдзельнічаў. Сям’я нябожчыка адзначае, што на целе сьлядоў ад кайданкаў няма, ад удараў дубінкай — таксама. Гэта ўжо другая загадкавая сьмерць, калі знаходзяць нежывым маладога хлопца, зьвязанага з фанацкім рухам.

17:40 7.9.2020

«Белнафтахім» заявіў, што выконвае загад Лукашэнкі аб пераводзе транзыту зь літоўскіх партоў на расейскія

«Белнафтахім» пацьвердзіў, што Масква і Менск да канца верасьня прапрацуюць умовы, як перанакіраваць беларускія нафтавыя плыні зь літоўскіх партоў у расейскія.

Раней міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што Беларусь мае патэнцыял для перапраўкі каля 3-4 мільёнаў тон нафтапрадуктаў у год праз расейскія парты. Такая заява прагучала на тле супрацьстаяньня паміж Прыбалтыкай і Менскам.

Прыбалтыйскія краіны ўвялі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і здушэньня пратэстаў. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў якасьці мераў у адказ на санкцыі балтыйскіх краін Беларусь перастане карыстацца іх партамі для перавалкі сваіх экспартных грузаў (у асноўным гэта калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты).

17:42 7.9.2020

Мінінфарм вынес Tut.by другое папярэджаньне цягам году. Праца парталу пад пагрозай

У адпаведнасьці з Законам аб СМІ, у выпадку вынясеньня ўладальніку cайта двух і больш пісьмовых папярэджаньняў на працягу году доступ да сайта можа быць абмежаваны. Рашэньне аб гэтым прымае Мінінфарм. За што Tut.by вынесьлі папярэджаньне, чытайце па спасылцы.

17:45 7.9.2020

У Горадні 7 верасьня затрымалі 102 чалавек, – УУС Гродзенскага аблвыканкаму

Гэта рэкордныя пасьля 12 жніўня рэпрэсіі ў Горадні. За ўвесь час пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў па ўсёй Беларусі, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, было затрымана каля 8900 чалавек.

17:50 7.9.2020

У Магілёве вызвалілі журналіста, які 6 сутак трымаў галадоўку

Пасьля 8 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю журналіст інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандар Сабалеўскі. Яго затрымалі 30 жніўня падчас вядзеньня стрыму з «Маршу міру і салідарнасьці», а 1 верасьня судзьдзя Вікторыя Палякова асудзіла журналіста за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Прысуд Сабалеўскі назваў «прававой сваволяю» і абвясьціў галадоўку, якую трымаў у ізалятары 6 сутак. Паводле Сабалеўскага, у ізалятары супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Паўлаў склаў на яго адміністрацыйны пратакол яшчэ за адзін стрым, які ён вёў на шэсьці 23 жніўня.

17:52 7.9.2020

У Берасьці на трое сутак затрымалі дзьвюх сясьцёр, якія хацелі пачаставаць марозівам міліцыянтаў

У Берасьці дзьвюх сясьцёр затрымалі за тое, што яны вырашылі пачаставаць супрацоўнікаў міліцыі марозівам. Гэта адбылося 10 жніўня, а цяпер зь сёстрамі пагаварыла і напісала пра гэта «Брестская газета».

Лізавета і яе старэйшая сястра Кацярына ў той дзень адправіліся ў краму, каб купіць марозіва для ўсёй сям’і. Паводле іх, на зваротным шляху яны ўбачылі аўтобус з 25–30 супрацоўнікамі міліцыі, што млелі ад сьпёкі, бяз шлемаў і балаклаваў. Дзяўчаты прапанавалі ім марозіва. У адказ іх пасадзілі ў аўтобус і павезьлі ў аддзяленьне міліцыі.

Паводле сясьцёр, у СІЗА яны прабылі ў жахлівых умовах да 13 жніўня. Акрамя пратаколу, падпісалі папярэджаньне, што пры паўторным затрыманьні ім будзе пагражаць крымінальная адказнасьць, а таксама позву ў суд з адкрытай датай. А на наступны дзень выпадкова даведаліся, што суд над імі ўжо адбыўся: адна атрымала папярэджаньне, другая — вялікі штраф.

17:58 7.9.2020

Яшчэ ў аднаго сябра Каардынацыйнай рады правялі ператрус

У кватэры сябра Каардынацыйнай рады Івана Краўцова правялі вобшук прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, паведаміла прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі.

«Гэта адзіная інфармацыя, якую мы атрымалі сёньня пра нашых зьніклых сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады цягам 7 гадзін», — сказаў Свабодзе юрыст Максім Знак.

18:33 7.9.2020

Дзяўчыну, якая пасьля разгону 9 жніўня тры тыдні правяла ў Вайсковым шпіталі, зьмясьцілі на Акрэсьціна

Жыхарка Менску Марыя моцна пацярпела падчас разгону акцыі пратэсту ўвечары 9 жніўня ля стэлы. У тую ж ноч Марыю зьмясьцілі ў Вайсковы шпіталь, дзе яна знаходзілася да канца жніўня. Раніцай 7 верасьня дадому да пацярпелай прыйшлі сьледчыя. Па словах яе маці, справа можа датычыць сьледзтва па факце масавых беспарадкаў.

Увечары дома ў Марыі адбыўся ператрус. Пасьля яго пацярпелую адвезьлі на Акрэсьціна. Адвакат, які прысутнічаў падчас ператрусу, камэнтаваць сытуацыю пакуль ня можа.

18:37 7.9.2020

Выкраданьне Марыі Калесьнікавай – сьведчаньне поўнага прававога свавольля

Выкраданьне Марыі Калесьнікавай, зьнікненьне і іншых чальцоў Каардынацыйнай рады — вельмі яскравы сымптом новай прававой сытуацыі ў краіне, мяркуе палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Не сказаць, што і дасюль у краіне існавала прававая дзяржава. Але хоць закон, асабліва адносна палітычных апанэнтаў рэжыму, ня дзейнічаў, усё ж існавалі нейкія пэўныя правілы ці «паняцьці», якіх прытрымліваліся і ўлады, і, у пэўным сэнсе, апазыцыя, нават незалежныя мэдыя. Напрыклад, кандыдатам у прэзыдэнты дазвалялася праводзіць сваю кампанію, і толькі пасьля выбараў іх садзілі ў турму.

Але з пачаткам сёлетняй выбарчай кампаніі паступова, крок за крокам усе мінулыя правілы і паняцьці былі адкінутыя. А пасьля таго як зьявіліся забітыя, катаваныя і скалечаныя, мяжа дазволенага зьнікла зусім. Калі рэпутацыя рэжыму зьнішчаная ўшчэнт, то можна жыць, нічога не саромеючыся. Можна выганяць грамадзян Беларусі за мяжу краіны, біць вокны ў кафэ, выкрадаць людзей. Як у Дастаеўскага: калі Бога няма, то ўсё дазволена. Баюся, што мы напярэдадні страшных адкрыцьцяў пра беларускую ўладу.

18:39 7.9.2020

Журналістку Насту Захарэвіч асудзілі на 7 сутак арышту

Журналістку «Зялёнага парталу» Насту Захарэвіч асудзілі на 7 дзён арышту, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Агулам праваабаронцам «Вясны» вядомыя імёны 19 асуджаных на арышт за 7 верасьня, яшчэ 5 імёнаў аштрафаваных. Агулам праваабаронцам вядома пра 55 судоў над затрыманымі з палітычных прычын

19:16 7.9.2020

Беларуса, які скончыў МГУ і Сарбону, вінавацяць у арганізацыі беспарадкаў

Менчука Юрыя Стрыжака затрымалі 20 жніўня як удзельніка несанкцыянаванай вулічнай акцыі, прысудзілі яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і ня выйшаў. Днямі яго з Жодзінскага ізалятара зноў перавялі ў ізалятар на Акрэсьціна.

Бацька затрыманага Юры Мікалаевіч Стрыжак, калі прыйшоў з працы ўвечары 7 верасьня, пабачыў, што дзьверы кватэры ўзламаныя. Паводле яго, у доме правялі ператрус, забралі вінчэстэры кампутараў. Ніякай паперы аб правядзеньні ператрусу няма, сьведак, верагодна, таксама не выклікалі — ва ўсялякім выпадку, Юрыю Стрыжаку пра гэта нічога не вядома.

Паводле Юрыя Стрыжака, ягонага сына падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Падставай, на думку бацькі, могуць стаць паказаньні былога крымінальніка, допыт якога міліцыянты выклалі ў інтэрнэт. На відэа мужчына з зацемненым тварам апавядае пра тое, як яму нібыта прапаноўвалі грошы за ўдзел у пратэставай акцыі. Гісторыю Юрыя Стрыжака цалкам чытайце па спасылцы.

19:19 7.9.2020

Украінскі амбасадар вярнуўся ў Менск, але двухбаковыя адносіны застаюцца «на паўзе»

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім вярнуўся ў Менск пасьля кансультацый у Міністэрстве замежных спраў Украіны, паведамілі Радыё Свабода ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску.

На пытаньне Свабоды, як будуць надалей будавацца адносіны паміж Кіевам і Менскам, Ігар Кізім адказаў:

«Як ужо адзначыў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба, афіцыйныя кантакты паміж нашымі краінамі ў цяперашні час „прыпыненыя“. У той жа час далейшае разьвіцьцё ўкраінска-беларускіх адносін будзе залежаць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад разьвіцьця сытуацыі непасрэдна ў Беларусі, а таксама ад інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі». Цалкам чытайце тут.

20:19 7.9.2020

Дваровыя чаты: каму гэта патрэбна і чаму варта думаць пра бясьпеку

Апошнімі днямі масава пачалі стварацца тэлеграм-чаты па дварах, мікрараёнах — і ў Менску, і ў рэгіёнах. Зьявілася мапа, якую зрабілі валянтэры, дзе кожны можа лёгка знайсьці свой лякальны чат.

Пагаварылі з грамадзкім актывістам і юрыстамі, навошта такія чаты патрэбныя, а таксама пашукалі «падводныя камяні» — наколькі бясьпечна ўдзельнічаць у такіх чатах. Чытайце па спасылцы.

20:20 7.9.2020

«Мы будучыня Беларусі, і ў гэтай будучыні няма месца Лукашэнку». Washington Post дае голас беларускай моладзі

«Удзел у антыўрадавых дэманстрацыях стаў звыклым для многіх беларускіх студэнтаў, у тым ліку і для мяне», — піша ў амэрыканскай газэце Washington Post Аліса Сітнікава, студэнтка Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

Яна апісвае, як за яе аднакурсьнікамі гнаўся АМАП, а адміністрацыя іх ВНУ зачыніла дзьверы і не ўпусьціла сваіх студэнтаў, каб схаваць іх ад сілавікоў. Як потым адміністрацыя абвінаваціла іх у «парушэньні навучальнага працэсу» і дала зразумець, што без ваганьняў запусьціць у будынак амапаўцаў. І кажа, што гэты эпізод — толькі адзін з прыкладаў рэпрэсіяў, а моладзь «хоча адчуваць сябе абароненай». Цалкам чытайце па спасылцы.

20:22 7.9.2020

Латвія адмаўляецца прымаць хакейны чэмпіянат у пары зь Беларусьсю

Латвія адмовіцца праводзіць Чэмпіянат сьвету па хакеі-2021, калі ён будзе праходзіць і ў Беларусі. Такую выснову можна зрабіць са зьместу ліста, адпраўленага ўрадам Латвіі ў Міжнародную фэдэрацыю хакею.

«Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня, не адпавядаюць міжнародным абавязаньням, прынятым у сьвеце дэмакратычным прынцыпам і нормам права, яны не былі свабоднымі і справядлівымі. Рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў і прымяненьне гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ парушаюць міжнародна прызнаныя правы чалавека і дэмакратычныя прынцыпы.

На думку ўраду Латвійскай Рэспублікі, такія дзеяньні несумяшчальныя з каштоўнасьцямі Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі і, такім чынам, несумяшчальныя са статусам краіны — арганізатара ЧС-2021». У сувязі з гэтым урад Латвіі заклікае «перадаць статус галоўнага арганізатара чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2021 году нейкай іншай краіне»​ Цалкам чытайце па спасылцы.

20:24 7.9.2020

За адкліканьне дэпутата Гайдукевіча сабралі 700 подпісаў. Але не дапамагло

Выбарцы Каліноўскай выбарчай акругі № 108 за 1,5 дня сабралі 700 подпісаў пад лістом аб тым, што «страцілі давер да дэпутата Гайдукевіча». Людзі лічаць, што Алег Гайдукевіч «бязьдзейнічаў і не абараніў інтарэсы выбарцаў», не адрэагаваў на факты парушэньняў падчас прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама на гвалт і бесчалавечнае стаўленьне да затрыманых пасьля выбараў.

У прэзыдыюме Менскага гарадзкога савету дэпутатаў, куды па працэдуры накіроўваецца зварот аб сходзе з мэтай адкліканьня дэпутата, палічылі шматлікія прэтэнзіі грамадзян да Гайдукевіча недастатковымі і не прызначылі сход зь ягоным удзелам.

«Дэпутацкія паўнамоцтвы не даюць права ўмешвацца ў дзейнасьць праваахоўных органаў і даваць ім ацэнку», — гаворыцца ў адказе. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

20:25 7.9.2020

Улады Беларусі шукаюць «зьнешнюю пагрозу», каб расправіцца з пратэстоўцамі, — кіраўнік МЗС Літвы

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у панядзелак абмеркаваў з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам сытуацыю ў Беларусі.

Як паведаміў партал baltija.eu са спасылкай на літоўскае МЗС, удзельнікі гутаркі канстатавалі, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня «былі відавочна сфальсыфікаваныя», а пратэсты пасьля іх гасяцца брутальнай сілай, тысячы пратэстоўцаў былі арыштаваныя, у турмах супраць іх выкарыстоўваецца гвалт.

«Падчас гутаркі мы зьвярнулі ўвагу на неабгрунтаваныя абвінавачаньні беларускіх службовых асобаў на адрас NATO і саюзьнікаў Альянсу з нагоды нарошчваньня вайсковай моцы ў рэгіёне. Ідзе пошук зьнешняй пагрозы як падставы для расправы над пратэстоўцамі», — адзначыў міністар Лінкявічус.

20:45 7.9.2020

«Падштурхнула палітычная абстаноўка». Чаму студэнты з Горадні падаюць заявы на выхад з БРСМ і прафсаюзу

Студэнты Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы пачалі падаваць заявы аб выхадзе з БРСМ і прафкаму. Ва ўнівэрсытэцкай арганізацыі БРСМ адмаўляюць, што зьява мае масавы характар. Але, як кажуць самі студэнты ГрДУ, ужо сотні маладзёнаў з пачатку навучальнага году выйшлі або падалі заявы на выхад з БРСМ і прафсаюзнай арганізацыі.

Студэнты расказалі Свабодзе, чаму вырашылі выйсьці з гэтых арганізацый менавіта цяпер і чаму не рабілі гэтага раней. Чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG