Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выкралі Калесьнікаву. Судзяць затрыманых на нядзельным маршы. Што адбываецца на 30-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 30-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

20:48 7.9.2020

У Польшчы стварылі «Цэнтар беларускай салідарнасьці» для дапамогі ўцекачам зь Беларусі

У яго ўвайшлі 13 арганізацый. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі абвясьцілі прадстаўнікі некалькіх ужо дзеючых ініцыятываў, паведамляе reform.by.

«Мы павінны быць гатовыя да таго, што многія вымушаныя будуць пакінуць краіну, таму аб’яднаем намаганьні, каб тыя, хто прыедзе ў Польшчу, атрымалі неабходную юрыдычную, мэдычную, матэрыяльную, псыхалягічную дапамогу, дапамогу ў пытаньнях адукацыі дзяцей», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі выканаўчы дырэктар iSANS (міжнароднай ініцыятывы экспэртаў супраць гібрыдных пагрозаў дэмакратыі) Улад Кобец.

Паводле прадстаўніцы грамадзкай арганізацыі «Праспэкт» Ларысы Караленкі, Цэнтар салідарнасьці ўжо дапамагае пацярпелым беларусам. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:49 7.9.2020

Каардынацыйная рада паскардзіцца на дзеяньні сілавікоў у Сьледчы камітэт

Сябры Каардынацыйнай рады пададуць заяву ў Сьледчы камітэт на дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў 6 верасьня падчас «Маршу адзінства», гаворыцца на сайце арганізацыі.

«Асаблівая ўвага ў заяве зьвяртаецца на дзеяньні групы невядомых асобаў увечары ў Менску ў раёне дома 3 па праспэкце Пераможцаў. Дадзеныя асобы не насілі форменнай вопраткі і знакаў адрозьненьня, закрылі свае твары маскамі для ўскладненьня ідэнтыфікацыі, не прадстаўляліся і не прад’яўлялі дакумэнтаў, затое адкрыта дэманстравалі розную зброю падчас мірнай акцыі і без абвяшчэньня якіх-небудзь патрабаваньняў ужывалі спэцсродкі, зьбівалі грамадзян», — гаворыцца ў дакумэнце.

20:58 7.9.2020

Сваякі Калесьнікавай падалі заяву ў міліцыю аб яе зьнікненьні

Сваякі Марыі Калесьнікавай падалі заяву ў міліцыю па факце зьнікненьня. У міліцыі сказалі, што заява прынятая і Марыю шукаюць, паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву раніцай 7 верасьня каля Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку.

22:03 7.9.2020

Суд накіраваў на дапрацоўку справу эколяга Ірыны Сухій

7 верасьня справу Ірыны Сухій вярнулі ў РУУС для ліквідацыі недахопаў, паведаміла ў Фэйсбуку яе дачка Сафія Садоўская.

Ноч Ірына Сухій правяла ў ізалятары на Акрэсьціна. Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску разгледзелі яе справу — Сухій вінавацяць ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 3 верасьня. Як казала Свабодзе раней дачка Ірыны Сухій, «яна ў гэты вечар зьехала на хутар, шмат людзей гэта ведаюць».

Суд прайшоў онлайн. Судзьдзя дала адвакату 10 хвілін на абмеркаваньне з Ірынай Сухій матэрыялаў справы. Пасьля суду Сухій ня выпусьцілі з ізалятара і, паводле дачкі, сёньня ня выпусьцяць. Фармальна паводле закону затрыманых па адміністрацыйнай справе могуць утрымліваць да 72 гадзін.

22:05 7.9.2020

Гітанас Наўседа: Абавязак Літвы – стаць пасярэднікам паміж уладай і апазыцыяй у Беларусі

Паводле прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, Літва гатовая ўзяць на сябе ініцыятыву і стаць пасярэднікам паміж пратэстоўцамі і ўладамі Беларусі. Гэта абавязак Літвы як вольнай дзяржавы – члена ЭЗ, пацярпелай ад рэпрэсіўных і акупацыйных рэжымаў, сказаў прэзыдэнт Літвы ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім 7 верасьня.

Кіраўнікі Літвы і Ўкраіны сышліся ў тым, што дыялёг паміж урадам і грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі для трансфэру ўлады і правядзеньня новых, справядлівых і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў пад эгідай АБСЭ зьяўляецца мірным спосабам выхаду зь цяперашняй сытуацыі.

22:06 7.9.2020

Арганізатары #BY_help запускаюць збор сродкаў на падтрымку незалежных СМІ і журналістаў у Беларусі

«Журналістыка — не злачынства. Журналісты — не злачынцы. Салідарнасьць мацнейшая за рэпрэсіі!», — падкрэсьліваюць у прэс-рэлізе арганізатары кампаніі MediaSOL, якая будзе зьбіраць грошы на дапамогу незалежным СМІ і журналістам.

У межах кампаніі MediaSOL будуць зьбіраць грошы на:

  • Ахоўныя сродкі для журналістаў, якія працуюць на вулічных акцыях.
  • Стыпэндыі і дапамогу журналістам, якія зазналі рэпрэсіі за працу ў незалежных мэдыя: штатным, фрылансэрам, а таксама іншым мэдыяработнікам.
  • Аплату часовага пераезду для тых, чыйму жыцьцю і/або здароўю пагражаюць за журналісцкую працу.
  • Легальныя спосабы падтрымкі бізнэс-устойлівасьці незалежных выданьняў, якія нясуць страты з прычыны рэпрэсій.

Падрабязьней пра кампанію чытайце па спасылцы.

22:13 7.9.2020

МЗС Нямеччыны і Вялікай Брытаніі занепакоеныя лёсам Марыі Калесьнікавай

Кіраўнік МЗС ФРГ Гайка Маас зноў папярэдзіў Аляксандра Лукашэнку ў сувязі з паведамленьнямі аб падаўленьні пратэстаў у Беларусі. «Калі Лукашэнка ня зьменіць свой курс, мы будзем рэагаваць», — напісаў нямецкі міністар у сваім твітэры.

«Сур'ёзна занепакоены сытуацыяй з Марыяй Калесьнікавай», – заявіў Дамінік Рааб, міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі. «Рэжым Лукашэнкі павінен зрабіць яе бясьпечнае вяртаньне сваім галоўным прыярытэтам. Рэжым павінен спыніць жорсткае абыходжаньне з дэманстрантамі, вызваліць палітвязьняў і пачаць дыялёг з апазыцыяй», цытуе міністра Reuters. Падрабязнасьці тут.

22:14 7.9.2020

Шчырае інтэрвію са студэнтам, які расплакаўся на пратэсьце

1 верасьня Максім Сысоенкаў разам зь іншымі студэнтамі менскіх унівэрсытэтаў удзельнічаў у забастоўцы. Празь некалькі гадзін шэсьце жорстка разагнаў АМАП, некалькі студэнтаў затрымалі. А ў сацыяльных сетках зьявілася відэа таго, як Максім плача пасьля разгону акцыі. Мы пагутарылі з Максімам, і ён расказаў, што выклікала такія эмоцыі і якія словы ён хацеў бы сказаць Лукашэнку.

23:08 7.9.2020

Літоўскія дэпутаты заклікалі вызваліць мірных грамадзян у Беларусі і правесьці новыя выбары

Група літоўскіх дэпутатаў зьвярнуліся ў амбасаду Беларусі ў Вільні з заклікам неадкладна вызваліць удзельнікаў пратэстаў і правесьці новыя выбары.

«Мы, члены літоўскага Сэйму, патрабуем неадкладнага вызваленьня ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і іншых мірных грамадзян, выкрадзеных невядомымі сёньня, учора і ў папярэднія дні ў Беларусі. Патрабуем вызваліць прадстаўнікоў СМІ, акадэмічнай супольнасьці, грамадзкіх аб’яднаньняў і рухаў, у тым ліку актыўнага крытыка праекту Беларускай АЭС, эколяга, члена савета арганізацыі „Экадом“ Ірыну Сухій, а таксама аднаго з лідэраў пратэсту Марыю Калесьнікаву», — гаворыцца ў заяве.

23:11 7.9.2020

Да 15 сутак арышту і штрафы. Суды над удзельнікамі акцый пратэсту 4-6 верасьня. Сьпіс

7 верасьня ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту, якія адбываліся з 4 па 6 верасьня. Вынікі судоў зьбірае і публікуе праваабарончы цэнтар «Вясна». Сьпіс выракаў па гарадах за 7 верасьня глядзіце тут.

XS
SM
MD
LG