Больш за 170 000 чалавек напісалі ў плятформу «Голас», што пратэставалі 6 верасьня
171 618 чалавек зарэгістраваліся на інтэрнэт-плятформе «Голас» як удзельнікі пратэстных акцый 6 верасьня.
У ініцыятыве па падліку пратэстуючых прымалі ўдзел жыхары ўсіх абласьцей і Менску.
МУС налічыла 31 тысячу ўдзельнікаў 42 акцый пратэсту.
Міліцыя затрымала 633 чалавека.
Студэнты праводзяць акцыі салідарнасьці ў сваіх установах
«Людзі ў цывільным» ходзяць па кватэрах, у якіх вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі
Прэс-сакратар Пуціна назваў зьбіцьцё пратэстоўцаў у Менску і пабітае шкло ў кавярні «хуліганскімі выхадкамі»
Журналіст «Эхо Москвы» спытаўся сёньня ў прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, ці лічыць Расея трывожным званком тое, што ў нядзелю ў Менску, апранутыя ў цывільную вопратку, зьбівалі дубінкамі іншых людзей і разьбілі ўваходныя дзьверы ў кавярню.
Карэспандэнта цікавіла, ці спатрэбіцца Расеі ўводзіць той самы рэзэрв сілавікоў ці гэта пакуль ня тое, пра што казаў Уладзімір Пуцін.
«Не. Безумоўна, гэта нейкія хуліганскія выхадкі. Мы ведаем па заяве нашых беларускіх калег, што яны ўжо правяраюць гэтую інфармацыю, гэтыя здымкі. Спадзяемся, што ў дадзеным выпадку беларускія праваахоўныя органы выканаюць сваю працу».
Ціханоўская пра выкраданьне Калесьнікавай: «Улады памыляюцца, калі думаюць, што гэта нас спыніць»
«Улада займаецца тэрорам, па-іншаму гэта не назавеш. Выкраданьне Марыі Калесьнікавай, Антона Раднянкова і Івана Краўцова — гэта спроба сарваць працу Каардынацыйнай рады і запалохаць яе чальцоў. Улады памыляюцца, калі думаюць, што гэта нас спыніць.
Чым больш яны запалохваюць, тым больш людзей будзе выходзіць на вуліцу. Мы працягнем барацьбу, будзем дамагацца вызваленьня ўсіх зьняволеных і правядзеньня новых сумленных выбараў», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
У кавярні, дзе сілавікі разьбілі шыбу, прадалі ўжо ня менш за 300 кубкаў кавы
«Мяне ўжо вялі ў аўтазак, таму мама зь сястрой паехалі са мной». У Менску затрымалі маці з дочкамі-студэнткамі
Сям’я Шчарбаковых — маці Вікторыя і дзьве дачкі, Яна і Марта, — 8 гадзін правялі ў Заводзкім РУУС пасьля затрыманьня на вуліцы Чабатарова.
Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся з-за мяжы: «Пралілася кроў, тысячы людзей зняволеныя, шмат пакалечаных»
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з-за мяжы зьвярнуўся да сьвятароў і вернікаў.
Пазыцыя Памежнага камітэту адносна Кандрсевіча не памянялася
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі 7 верасьня а 14 гадзіне Свабодзе паведамілі, што да іх паступіла скарга мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на забарону яму прыехаць на радзіму.
«Скарга разглядаецца, ці падрыхтаваны ўжо адказ, на гэты момант сказаць не магу. Паводле закону мы маем на гэта 15 дзён», — сказаў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
Тлумачэньняў, на якой падставе дзейнічае забарона на ўезд грамадзяніну Беларусі ў сваю краіну, там па-ранейшаму няма
«Служыць бы рад…» Як можна працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля таго, што адбылося на Акрэсьціна
Менскаму музыку Яўгену Кулічкіну яшчэ нядаўна мусілі б зайздросьціць ягоныя аднакурсьнікі з Унівэрсытэту культуры і мастацтваў. Пагадзіцеся, празь некалькі гадоў пасьля дыплёму трапіць не ў музычную школу, ня ў дом культуры аграгарадка, а быць запрошаным у прэзыдэнцкі аркестар — удача, якая рэдка каму ўсьміхаецца. Раскошныя ўмовы для рэпэтыцый, высокапрафэсійныя калегі, разнастайны рэпэртуар, добры заробак, абласканасьць уладай. Але нічога зь пералічаных плюсаў і профітаў не стрымала ўдачлівага музыку. Хоць ён ня граў у тым аркестры першую скрыпку, і на ягоныя партыі ўжо знайшлі выканаўцу, ягоны галоўны канцэрт, упэўнены ён, яшчэ наперадзе.
«Яны ратавалі людзей». Кіраўніцтва Менскай станцыі ратаваньня на вадзе шукае работнікаў, якія перавозілі дэманстрантаў
У Менскай гарадзкой станцыі ратаваньня на водах не камэнтуюць зьвестак пра лёс 6 супрацоўнікаў станцыі, якіх затрымалі 6 жніўня. Яны выцягнулі з вады і перавезьлі на другі бераг некалькі дэманстрантаў, якія ратаваліся ад АМАПу.
Невядомыя мужчыны, якіх жыхары дому называюць «ціхарамі», зрэзалі стужкі некалькі дзён таму. Але людзі ізноў упрыгожылі дом нацыянальным сьцягам
Каардынацыйная рада: «Улада замест спробы дыялёгу з грамадзтвам пачала выкарыстоўваць мэтады тэрору»
Каардынацыйная рада пасьля захопу невядомымі Марыі Калесьнікавай выступіла з заявай. У ёй згадваецца выкраданьне сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай, прэс-сакратара Антона Раднянкова, выканаўчага сакратара Івана Краўцова, вываз з краіны Вольгі Кавальковай, прад'яўленьне абвінавачаньня Ліліі Ўласавай, адміністрацыйны арышт Сяргея Дылеўскага.
«Відавочна, што такія мэтады зьяўляюцца незаконнымі і ня могуць прывесьці ні да якага іншага выніку, акрамя абвастрэньня сытуацыі ў краіне, паглыбленьня крызісу і далейшага нарастаньня пратэстаў. Мы бачым, што ў апошнія дні ўлада замест спробы дыялёгу з грамадзтвам пачала адкрыта выкарыстоўваць мэтады тэрору.
Каардынацыйная рада адзначае, што ўсе дзеяньні, учыненыя асобамі, якія выступаюць у афіцыйным статусе, спалучаныя з ужываньнем гвалту і накіраваныя на здушэньне палітычнай і грамадзкай актыўнасьці грамадзян, зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавецтва і могуць быць расьсьледаваныя без абмежаваньня тэрмінаў даўнасьці.
Каардынацыйная рада патрабуе неадкладнага вызваленьня Марыі Калесьнікавай, Ліліі Ўласавай, Антона Раднянкова, Івана Краўцова, а таксама пацьверджаньня магчымасьці свабоднага вяртаньня Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі і Сьвятланы Ціханоўскай у краіну», — адзначаецца ў заяве Каардынацыйнай рады.
Жнівень-2020. Мы — сьведкі. «Доктар, які мяне лекаваў, сказаў, што на Акрэсьціна мне далі трамадол»
Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году.
Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
Усе гісторыі чытайце па спасылцы.
Прэс-служба штабу Бабарыкі апублікавала меркаванае відэа выкраданьня Калесьнікавай
У БарДУ працягваюць затрымліваць студэнтаў
У БарДУ працягваюцца затрыманьні пасьля студэнцкай акцыі салідарнасьці, піша Tut.by. Студэнтаў забірае на «размову зь міліцыяй» намесьнік дэкана па выхаваўчай працы, пасьля студэнтаў звозіць міліцыя.
У Менску людзі стаяць гадзіну ў чарзе, каб падтрымаць кавярню, дзе сілавікі разьбілі шыбу
У нядзелю шкляныя дзьверы ў менскую кавярню O’Petit на праспэкце Пераможцаў, дзе схаваліся ўдзельнікі Маршу адзінства, разьбілі сілавікі. Сярод іх быў і Мікалай Карпянкоў, кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС.
Сёньня тут ад самай раніцы чарга па каву. Людзі прыйшлі падтрымаць уладальніка і працаўнікоў кавярні. «Чакаць кавы трэба ня менш за гадзіну. Я ўжо сваю чаргу адстаяла, але бачу, што цяпер яна стала яшчэ даўжэйшаю», — расказала Свабодзе жыхарка Менску, якая даслала некалькі здымкаў зь месца падзеяў.
«Я не пайду насустрач уладам». Інтэрвію з заснавальнікам PandaDoc Мікітам Мікадам
Заснавальнік амэрыканскай IT-кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада прапанаваў фінансавую дапамогу беларускім сілавікам, якія адмовяцца выконваць загады і ўжываць гвалт супраць пратэстоўцаў. У адказ улады арыштавалі чатырох супрацоўнікаў ягонай кампаніі, фактычна ўзяўшы іх у закладнікі.
«Гэтая справа не вытрымлівае ніякай крытыкі, і я вельмі спадзяюся, што гэта нейкае непаразуменьне, таму што ад гэтай сытуацыі горш становіцца ўсім. Зразумела, што гэта палітычны перасьлед, што нацэлены ён на мяне, але незразумела, чаму выбраны такі спосаб, які наносіць страты ня столькі мне, колькі ўсёй Рэспубліцы Беларусь. Саджаючы ў турму ні ў чым не вінаватых апалітычных людзей, ніякім чынам не датычных да маёй актыўнасьці, беларуская ўлада запалохвае ўсіх шараговых супрацоўнікаў гэтых кампаній. Атрымліваецца, што ніводзін з айцішнікаў не ў бясьпецы — незалежна ад іх палітычных поглядаў, грамадзянскай пазыцыі і выхадаў на плошчу», — кажа Мікіта Мікада. Вялікае інтэрвію зь Мікітам чытайце па спасылцы.
У Латвіі гатовыя прыняць каля сотні беларускіх кампаній, дзесяць ужо прынялі рашэньне
Дзесяць беларускіх кампаній ужо прынялі рашэньне перанесьці сваю дзейнасьць у Латвію, каля сотні разглядаюць такую магчымасьць, паведаміў агенцтву LETA 7 верасьня дырэктар Латвійскага агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця (ЛАІР) Каспар Рожкалнс.
«Латвійскае агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця ўжо арганізавала першыя візыты беларускіх кампаній у Латвію. Усяго было праведзена больш за 100 кансультацый, а 10 кампаній ужо прынялі рашэньне аб частковым або поўным пераносе сваёй дзейнасьці ў Латвію», — паведаміў Рожкалнс.
У Латвіі сфармавалі адмысловую каманду, якая апэратыўна апрацоўвае заяўкі ад беларускіх прадпрымальнікаў і прапануе магчымыя рашэньні, якія ўключаюць у сябе так званую стартап-візу ці «сінюю карту» Эўразьвязу, то бок выдачу часовага віду на жыхарства высокакваліфікаваным спэцыялістам і іх семʼям.