Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: верасень


Джон Артур Ломакс, «У бібліятэцы» (1923)
Джон Артур Ломакс, «У бібліятэцы» (1923)

Нават у самыя скрушныя часіны людзі чытаюць кнігі. Больш за тое, добрая кніга можа быць найлепшым лекам ад трывогі, страху, панікі, болю, разгубленасьці. Беларускія недзяржаўныя выдавецтвы падбалі, каб палепшыць ваш душэўны стан і даць надзею калі не на ўсё жыцьцё, то хаця б на заўтрашні дзень, які многія чытачы правядуць на пляцах і вуліцах сваёй краіны.

Літаратурны каляндар Свабоды чытайце ў першую суботу кожнага месяца.

Паэзія

Эдуард Акулін. «Плашчаніца». Менск, выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

Насамрэч гэта ня проста зборнік твораў Эдуарда Акуліна, а літаратурна-мастацкая кампазыцыя. Яна сталася вынікам супрацы паэта з Беларусі і дванаццаці сэрбскіх мастакоў. Прачытаньне мастакамі «густых» вершаў Акуліна ў перакладзе Міядрага Сібінавіча і ўвасобілася ў гэты кніжны праект. На яго старонках — дванаццаць аўтэнтычных, насычаных візуальна аповесьцяў, своеасаблівых «выяўленчых фільмаў», якія яднаюцца ў складаную архітэктоніку выставы вершамі. У зборніку зьмешчана па адной працы кожнага аўтара, «выяўленчай песьні», на якую натхніў адзін зь вершаў «Плашчаніцы», і гэта стварае кампазыцыю ўсёй выставы-спэктаклю, у якой дзеясловы глядзяць на чытача, а карціны размаўляюць зь ім.

Проза

Артур Клінаў. «ЛОКІСАЎ». Менск, выдавец Ігар Логвінаў.


У новым рамане знаны літаратар і мастак Артур Клінаў задаецца пытаньнем: хто ён — герой нашага часу? Чалавек з двайной ідэнтычнасьцю? Асоба з другім, прыхаваным жыцьцём? Партызан? Пярэварацень? Палітык, які прамаўляе тое, чаго хоча чуць ад яго публіка, але ніхто дакладна ня ведае, што ў яго ў галаве? Няма канкрэтнага адказу, як няма і пазнавальнага месца дзеяньня. Яго можна пабачыць у кожным беларускім мястэчку. Адно пазнавальны час — наш.

Гісторыя ж тчэцца ў рамане страшная, але аж да жуды сьмешная. Магчымы працяг запаветаў Кафкі, Баршчэўскага, Хармса, Платонава і Гогаля. Кожны чытач знойдзе ў рамане нешта блізкае дл сябе: вострасюжэтны трылер, філязофскую прыпавесьць, сацыяльную драму, а хтосьці проста пасьмяецца з дакладнага адбітку бязьлітаснай беларускай рэчаіснасьці. За якой, што праўда, ніводзін сёньняшні літаратар не пасьпявае.

Алесь Паплаўскі. «Гульні з нулявымі сумамі». Менск, «Галіяфы».


У кнігу ўвайшлі тры аповесьці. «Размовы са стодзівамі» — гэта псыхалягічная прыпавесьць. Чытачу давядзецца вырашыць, каму суперажываць. Трагічныя лёсы людзей дзіўным чынам пераплятаюцца.

У аповесьці «Lapido» Павал, ахвяра рэпрэсіўнай дзяржаўнай сыстэмы, вымушаны ратавацца ў краіне, дзе ў далёкія савецкія гады ягоны бацька жорстка распраўляўся з паўстанцамі. Дзеяньні разгортваюцца на фоне містычнай Прагі.

Галоўны герой аповесьці «Гульні з нулявымі сумамі» трапляе ў далёкую Палестыну, дзе раздумвае пра свой лёс, спрабуе разабрацца ў мінулым. Самалёт, у якім ён вяртаецца на радзіму, цярпіць катастрофу. Што можа выратаваць галоўнага героя?

Збых Слупоўскі. «Нарысы сучаснага краязнаўства». Менск, «Галіяфы».


Філёзаф Бэртран Расэл казаў, што сталы за нашай сьпінай могуць ператварыцца ў кенгуру, а мы таго й ня ўбачым, але ж верым, што не ператвараюцца, бо такія законы. Але гэтая кніжка сьведчыць, што сталы могуць ператварацца ў кенгуру проста перад вачыма чытача. А яшчэ пра тое, як з гэтым можна жыць. Ну і крыху пра зайцоў, баброў і міністраў адукацыі. Бязь бімбру, вядома ж, не абыходзіцца.

Мікола Калядны. «Касьмічныя праекцыі». Менск, «Галіяфы».


Нашае жыцьцё — касьмічныя праекцыі. Бесьперастанныя, адмысловыя, вызначальныя. Створаныя ўверсе, на Нябёсах, яны ліюцца ўніз, у чалавечую сьвядомасьць, і абумоўліваюць усе думкі, пачуцьці, учынкі, — перакананы аўтар кнігі. Ягоныя героі, ідучы церазь нетры і церні рэальнасьці, выпрабоўваюць свой дух і ўзгадоўваюць у сабе разуменьне паўсюднай касьмічнай прычыннасьці. Глыбокія веды пра Космас пашыраюць іхнае сьветаўспрыманьне, адкрываюць праўду і сэнс жыцьця, дапамагаюць шукаць правільныя адказы на пытаньні — увогуле многія праблемы ад іх проста адыходзяць. Характэрна: праясьненьне адчуваюць усе, хто знаёміцца зь лёсам пэрсанажаў, — кажуць выдаўцы.

Юльяна Пятрэнка. «Харунжы verbera ventorum». Менск, «Кнігазбор».

«Потым казалі, што сам Сьвяты Юры спусьціўся зь нябёсаў, каб пакараць бязбожны горад і зьмярцьвіць Рагатага. А Стрыбогава студня стаіць як стаяла — і дагэтуль у ёй вятры сьпяваюць…»

Так пачынаецца дэбютны раман выпускніцы Школы маладога пісьменьніка. Юльяна Пятрэнка замахнулася адразу ня проста на буйнафарматны жанр, але й рэканструявала ў ім падзеі 500-гадовай даўніны. Сьмеласьць напоўніцу выяўляе маладая пісьменьніца і ў спробе даць свой адказ на галоўнае пытаньне сучаснасьці: як жыць на роднай зямлі, якую наскрозь працінаюць ліхія вятры з усяго сьвету?. І знаходзіць адказ у падзеях далёкай гісторыі.

Тацяна Карытка. «Чаму ўсё так?». Менск, «Кнігазбор».

Балючыя пытаньні штодзённасьці вярэдзяць душу і другой верасьнёўскай дэбютанткі, таксама выпускніцы Школы маладога пісьменьніка. Тацяна Карытка нават у назву сваёй кнігі выносіць запытальны знак? Праўда, ейныя героі жывуць і дзеюць спачатку наіўна-недасьведчана і молада-інфантыльна. Але потым жыцьцё ўкручвае іх у нечаканыя прыгоды, якія часам нагадваюць пародыю на вядомыя забаўляльныя тэлепраграмы, але і ставіць дарослыя і сур’ёзныя пытаньні, на якія ні аўтарка, ні яе героі ня маюць уцямнага адказу. Зрэшты, у жыцьці амаль заўсёды не бывае простых і адназначных адказаў.

Марына Кайс. «Паўзмоўча». Менск, «Кнігазбор».

Экспэрымэнтальны твор трэцяй дэбютанткі сёлетняе восені зацэняць тыя чытачы, якія цэняць найперш навізну формы і жанру. Гульня словаў і вобразаў, парушэньне клясычнае будовы сказаў і адсутнасьць нумарацыі старонак, некаторыя надрукаваныя дагары, а іншыя напісаныя герогліфамі… Гэта ня ўсе навацыі Марыны Кайс. Пачытайце «Паўзмоўчу» і вы не забудзеце імя яе аўтаркі.

Дакумэнталістыка

Вітаўт Кіпель. «Беларусы ў ЗША». Выданьне трэцяе, дапрацаванае і дапоўненае. Менск, «Кнігазбор».

Імя гэтага аўтара ня мае патрэбы ў рэкамэндацыях. Слынны дзяяч беларускай эміграцыі, заснавальнік і нязьменны кіраўнік «Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку» Вітаўт Кіпель — гэта той казачны волат, які, жывучы за акіянам, плённа робіць на рэальнай ніве беларушчыны болей за цэлыя акадэмічныя інстытуты на радзіме. Трэцяе выданьне ягонай знакамітай абагульняльнай кнігі пра суродзічаў у ЗША сабрала ці ня ўсе вядомыя на сёньня зьвесткі пра далёкую выспу беларускае грамады. Напісана лёгка і ясна, чытаецца на адным дыханьні.

Лініі сьвятла. Зборнік артыкулаў. Менск, «Кнігазбор».

Кніга прысьвечаная сучасным дзеячам культуры Беларусі і прадстаўнікам грамадзкіх арганізацый, якія захоўваюць гістарычную і духоўную спадчыну беларускага народу, разьвіваюць хрысьціянскія традыцыі ў дасьледаваньнях кніжнай культуры, у літаратуры, музыцы, тэатральным мастацтве, жывапісе. Уклала кнігу Эла Дзьвінская.

Дзіцячая літаратура

Джоан Роўлінг. «Гары Потэр і Таемная заля». Менск, выдавец Андрэй Янушкевіч.


Беларускае выданьне «Гары Потэра і Таемнай залі» рыхтавала каманда, ужо знаёмая чытачам па кнізе «Гары Потэр і філязофскі камень». Гэта перакладчыца Алена Пятровіч, рэдактарка Ганна Янкута, карэктарка Наста Анцімонік, і мастачка Крысьціна Іванцова. Вокладку для кнігі намаляваў вядомы амэрыканскі мастак Браян Сэлзнік.

Гэтае выданьне мае калекцыйны характар: калі пакласьці дзьве кнігі побач, то вы ўбачыце, што выява на вокладцы «Таемнай залі» з’яўляецца працягам выявы на першай кнізе. Нагадаем, кнігі пра Гары Потэра ў такім аздабленьні ад Браяна Сэлзніка ўпершыню выйшлі ў ЗША да 20-гадовага юбілею першага выхаду знакамітых твораў Джоан Роўлінг.

Афармленьне беларускага «Гары Потэра і Таемнай залі» будзе такім жа якасным і стылёвым, як і першай кнігі. Колькасьць старонак павялічыцца — іх будзе 360.

Старт продажаў 26 верасьня. Сачыце за рэклямай.

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст. «Як Мама Му сустрэла Крумкача». Менск, выдавецтва «Коска».


Перакладчыца твораў пра любімых швэдзкіх герояў, якія цяпер гавораць па-беларуску, Надзея Кандрусевіч днямі напісала ў сваім фэйсбуку, што ёй прысьнілася, быццам у новай кнізе, якая вось-вось выйдзе, Мама Му радасна крычыць «Жыве Беларусь!», трымаючы бел-чырвона-белы сьцяг. Тая цяпер хвалюецца, каб пасьля такіх сноў кніга выйшла і яе не канфіскавалі, і перакладчыцу не запраторылі ў турму.

НЕ ідэалёгіі ў школах і дзіцячых кнігах!!! — гатовая выгукнуць яна. Ды зноў перакладаць новыя кнігі пра неверагодную Маму Му.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG