3 верасьня тэлевядоўцу Дзянісу Дудзінскаму прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Такое рашэньне прыняла судзьдзя Анастасія Ляйкоўская ў судзе Першамайскага раёну Менску.
Дзяніса Дудзінскага судзілі без адвакатаў. Пра гэта паведамілі ягоныя абаронцы. Таксама нікому не паведамілі, што працэс адбудзецца ў судзе Першамайскага раёну. Раней жонцы Дудзінскага казалі, што ягоную справу будуць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну, дзе яго чакалі адвакаты, жонка і сябры.
Тэлевядоўцу Дзьмітрыя Кахно маюць судзіць у 15.40 у судзе Першамайскага раёну Менску. Судьдзя Максім Трусевіч.
2 верасьня зьявілася інфармацыя пра затрыманьне вядоўцаў Дзьмітрыя Кахно і Дзяніса Дудзінскага, якія страцілі эфір на дзяржаўнай тэлевізіі пасьля таго, як выказаліся супраць гвалту сілавікоў над мірнымі людзьмі. Раніцай 3 верасьня жонкі тэлевядоўцаў пацьвердзілі, што Дудзінскі і Кахно за кратамі.
«Мой муж з таварышам правёў ноч „на ператрымцы“ на Акрэсьціна, мы з Надзяй Кахно (жонка Дзьмітрыя Кахно. — РС) ад 9:00 раніцы і ўвесь дзень плянуем чакаць каля суду Цэнтральнага раёну (папярэдняя інфармацыя!) вестак пра пасяджэньне, каб сачыць за навінамі», — напісала ў Instagram жонка Дзяніса Дудзінскага Кацярына Раецкая.
Надзея Кахно апублікавала відэа затрыманьня ейнага мужа. Па яго прыехала ўзброеная група захопу. «Вось як гэта было: з крыкамі „тварам у падлогу“ і далей паводле сцэнару», — напісала яна.
Дзьмітры Кахно і Дзяніс Дудзінскі выказаліся супраць гвалту сілавікоў пасьля таго, як у чэрвені АМАП разагнаў людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by.
«У краіне адбываюцца жахлівыя рэчы», — напісаў Дзьмітры Кахно.
«Гэй, вялікі і жахлівы АМАП, нельга біць дубінкамі людзей, якія прыйшлі купіць адзеньне ці кубачак», — напісаў Дзяніс Дудзінскі. Абодва пасьля гэтых выказваньняў страцілі эфір на дзяржаўнай тэлевізіі.
На першым канале БТ Дудзінскі вёў праграму «Добрай раніцы, Беларусь». Кахно вёў шоў «Удача ў прыдачу» на канале АНТ.
Дзьмітрыя Кахно 3 верасьня таксама асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.