Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты МДЛУ зьбіраюць подпісы пад зваротам да рэктара, пагражаюць пачаць страйк

абноўлена

У фае Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту сёньня зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй да рэктара Натальлі Баранавай. Пазьней у студэнтаў адбылася сустрэча з прарэктарам па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ўладзімерам Пашкевічам.

У пэтыцыі студэнты і супрацоўнікі ўнівэрсытэту патрабуюць ад рэктара ў сувязі з парушэньнем грамадзянскіх і палітычных правоў «выступіць з адназначнай заявай» у падтрымку шэрагу патрабаваньняў да ўладаў:

  • адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі;
  • спыненьня гвалту і пакараньня вінаватых у катаваньнях;
  • неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў;
  • адстаўкі Цэнтрвыбаркаму;
  • правядзеньня паўторных выбараў.

Калі гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя студэнты пагражаюць пачаць страйк.

Падчас сустрэчы з прарэктарам Уладзімерам Пашкевічам студэнты патрабавалі таксама тлумачэньняў адносна ўчорашніх затрыманьняў.

Уладзімер Пашкевіч паведаміў, што затрыманых днямі студэнтаў унівэрсытэту рашэньнем рэктара забралі з пастарунку.

«Я сам тэлефанаваў у Партызанскае РУУС, мне сказалі, што ёсьць наш студэнт, мы тут жа паехалі і забралі яго. І ён праз 5 хвілін быў ужо тут, ва ўнівэрсытэце. Гэта студэнт ФМК (факультэту міжкультурных камунікацыяў. — РС). Студэнта з факультэту нямецкай мовы пазаўчора я забіраў сам і таксама прывёз яго сюды, ва ўнівэрсытэт».

Прадстаўнік адміністрацыі паабяцаў разабрацца, чаму перад студэнтамі зачынялі дзьверы ўнівэрсытэту, калі ля ВНУ спынілася міліцэйская машына і зь яе выбеглі амапаўцы.

Пра што студэнты пыталі прарэктара?

  • «Як толькі прыехаў АМАП, дзьверы былі зачыненыя і іх трымалі Пучэня (начальнік упраўленьня выхаваўчай працы Ігар Пучэня. — РС) з Паніматкам (дэкан перакладніцкага факультэту Аляксандар Паніматка. — РС). Нам у твар ён сказаў, што мы не студэнты».
  • «А што будзе з прадстаўнікамі адміністрацыі ўнівэрсытэту, якія садзейнічалі затрыманьню студэнтаў — яны зачынялі дзьверы, не пускалі студэнтаў? Калі пачалі выбягаць амапаўцы, пачалася цісканіна, дзяўчаты плакалі, крычалі і прасілі іх упусьціць. Ніхто нікога не ўпускаў, ні Паніматка, ні Пучэня. Толькі калі сто чалавек наваліліся, студэнты праціснуліся».
  • «Тэрыторыя ганку належыць унівэрсытэту, чаму зь яе затрымліваюць, чаму на тэрыторыю ўнівэрсытэту пускаюць „ціхароў“, чаму ў нас яны вялі відэаздымкі 1 верасьня?»
  • «Чаму ахова ня кінулася абараняць нашых студэнтаў? Навошта тады тут ахова?»
  • «Гэты хлопец (студэнт. — РС) нічога не рабіў, ён ні на кога не напаў, нікога не зьняважыў, у адрозьненьне ад людзей, якія прыйшлі нас заганяць».
Студэнты МГЛУ з плякатамі
Студэнты МГЛУ з плякатамі
  • «Адміністрацыя ўнівэрсытэту павінна выступіць, як гэта зрабіў Ліцэй БДУ, з асуджэньнем дзеяньняў сілавікоў. А таксама разабрацца з тым, што рабілі тут Пучэня і Паніматка. Павінны быць прынятыя меры. Гэта тычыцца нашай бясьпекі. Мы проста больш не давяраем адміністрацыі».
  • «Хто верыць у вэрсію пра тое, што дзьверы падпіралі нібыта для нашай бясьпекі?Ніхто гэтаму ня верыць, мы самі бачылі, як іх зачынялі перад намі».
  • «У нашай краіне студэнты, як і іншыя людзі, ня маюць права голасу. Адпіскі, ціск на студэнтаў, на лідэраў пратэсту, пагрозы, запалохваньні. Калі вы кажаце, што ня можаце абмяркоўваць палітычных патрабаваньняў, вы павінны зьвярнуцца да вышэйшай інстанцыі. У адкрытым фармаце вы павінны вызначыць сваю пазыцыю». «Мы вяртаемся дадому і баімся, што зьявіцца машына без нумароў і забярэ, бо я недзе прайшлася ў кофце няправільнага колеру. Цяпер ня можа быць так, што мы проста ходзім на заняткі і робім выгляд, што нічога не адбываецца. Нам патрэбная падтрымка, калі студэнтаў забіраюць з ганку».
  • «Чаму наагул лічыцца нармальным факт адвольнага затрыманьня? Людзі не называюць сябе, часта ў цывільным, „ціхары“, яны ўсё здымаюць на камэру. Прычым яны затрымліваюць даволі жорстка».
  • «Студэнтаў затрымліваюць проста так. Выкладчык Сяргей Шафарэнка ідзе адбіваць студэнтаў, а яму кажуць, што ён будзе наступным сядзець у бусіку... Вы павінны асудзіць дзеяньні сілавікоў».
  • «Трэба рабіць ад унівэрсытэту публічную заяву. Калі вы ня будзеце яе рабіць, то мы будзем тады заяўляць. Вы павінны зрабіць заяву з асуджэньнем дзеяньняў сілавікоў».
  • «Мы хочам арганізаваць сход, але не зь вярхушкай БРСМ ці прафсаюзаў і не з падабранымі загадзя людзьмі».
Студэнты МГЛУ з плякатамі
Студэнты МГЛУ з плякатамі

Што на гэта адказваў прарэктар

  • «Вы заўсёды ў любой сытуацыі можаце разьлічваць на дапамогу ўнівэрсытэту. Можаце зьвязвацца са мной». «Мы будзем разьбірацца, што адбылося».
  • «Пра вашу бясьпеку мы ў першую чаргу будзем думаць. Думаем і будзем думаць». «Калі хто хоча пагутарыць, прыходзьце, мы адкрытыя».
  • «Падрыхтаваць вашы пытаньні і прапановы...Вы кажаце, што вашыя патрабаваньні не выконваюцца — дзе яны?»
  • «Праваахоўныя органы робяць сваю працу».
  • «Свой пункт гледжаньня мы выкажам абавязкова, і вы маеце магчымасьць выказацца. Я ня ўся адміністрацыя». «Бандытаў», якія захоплівал б студэнтаў, тут ня будзе. Я прашу браць з сабой студэнцкія білеты. Мы ж ня можам адказваць за тое, што адбываецца на вуліцы«.
  • «Вы не навязвайце, калі ласка. У сьценах унівэрсытэту ажыцьцяўляецца вучэбна-адукацыйны працэс. І давайце разам гэта рабіць тут».
  • «Я ня ведаю, хто такія „ціхары“».
  • «Калі вы будзеце размаўляць такім чынам, што „павінны“... Я не павінен казаць пра свае асабістыя сумневы. Я раблю гэта, калі перакананы ў нечым. А каб быць перакананым, мне трэба праверыць факты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG