Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст студэнтаў у Менску 1 верасьня
Пратэст студэнтаў у Менску 1 верасьня

25-ы дзень пратэстаў. Судзяць студэнтаў і журналістаў

Што адбываецца ў Беларусі на 25-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

00:21 3.9.2020

Зоркі беларускага спорту: «Больш ня можам маўчаць!» ВІДЭА

21:49 2.9.2020

«Выступаюць за культурны разрыў з Расеяй». Крэмль адмовіўся размаўляць з Каардынацыйнай радай

Прадстаўнікі Расеі ня будуць сустракацца з чальцамі Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, пакуль яны не сфармуюць сваю структуру ў адпаведнасьці з заканадаўствам краіны, заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на сумеснай зь беларускім калегам Уладзімірам Макеям прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.

Расейскі міністар сказаў: «Мы ня ведаем, як была сфармаваная рада, многія з тых, каго абвясьцілі чальцамі гэтай структуры, даведаліся пра гэта ўжо постфактум. Некаторыя ўжо пасьпелі заявіць пра тое, што яны сыходзяць з гэтай структуры... Некаторыя прозьвішчы з таго сьпісу, які быў абвешчаны ў якасьці складу рады, нам знаёмыя.

І цэлы шэраг гэтых прозьвішчаў асацыюецца ў нас з асобамі, якія выступаюць за культурны разрыў з Расеяй, за выкарыстаньне лёзунгу беларусізацыі для ўціску расейскай мовы, якія выступаюць за тое, каб менш супрацоўнічаць са структурамі, створанымі на постсавецкай прасторы, у тым ліку зь ідэяй выхаду з АДКБ, з Эўразійскага эканамічнага саюзу, далучэньня да NATO».

Лаўроў таксама адзначыў: «Ну і мы ведаем заяву як найменей аднаго з чальцоў Каардынацыйнай рады аб тым, што «расейцы — гэта народ-падлюка» і што «Беларусь ніколі не была Расеяй, што Беларусь заўсёды была Польшчай». Я яшчэ раз падкрэсьлю, што гэта заявы і выказваньні, якія гучалі з вуснаў дзеячаў рады на папярэдніх этапах іх кар’еры. Але тым ня менш гэта характарызуе погляды як мінімум некаторых з удзельнікаў гэтага працэсу».

Лаўроў не ўдакладніў, каго менавіта мае на ўвазе.

21:36 2.9.2020

Акцыі салідарнасьці ў розных раёнах Менску ўвечары

21:34 2.9.2020

Акцыю салідарнасьці каля ПВТ разагналі

Tut.by паведамляе, што ўвечары разагналі акцыю айцішнікаў каля Парку высокіх тэхналёгій. Ёсць затрыманьні.

21:17 2.9.2020

Справы ўсіх затрыманых падчас студэнцкага пратэсту журналістаў вярнулі на дапрацоўку. Але іх не адпусьцілі

Справы ўсіх шасьці затрыманых падчас учорашняга студэнцкага пратэсту журналістаў суд адправіў на дапрацоўку. Але журналісты па-ранешаму знаходзяцца ў Кастрычніцкім РУУС Менска.

Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу з БелаПАН затрымалі каля 17.00 у раёне стадыёну «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».

Рэпартэры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх ёсьць бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны прадстаўляюць.

Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту, якая праходзіла ў Менску.

На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КоАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») ​за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне ў выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту.

Чытаць далей

19:45 2.9.2020

«Ладна ноўтбукі, але навошта ім чырвоны халат?» — на валянтэра «Вясны» завялі справу па артыкуле «Масавыя беспарадкі»

У дачыненьні да валянтэра праваабарончай арганізацыі «Вясна» Паўла Гарбуза завялі крымінальную справу па артыкуле КК 293 («Масавыя беспарадкі». Ён затрыманы і мае статус падазраванага.

Валянтэрка «Вясны» Марына Гарбуз ня можа супакоіцца ад падзей 31 жніўня, калі затрымалі яе мужа Паўла і ў прысутнасьці малых дзяцей правялі вобшук у кватэры.

У траўні Павал і Марына запісаліся ў валянтэрскую службу «Вясны» і працавалі ўсё лета, асабліва пасьля выбараў. Падвозілі ваду пікетоўцам, адвозілі перадачы палітвязьням, сустракалі з Акрэсьціна тых, хто вызваляўся, развозілі вызваленых па дамах, вялі з палітвязьнямі перапіску і адвозілі ім перадачы.

Падрабязьней

19:43 2.9.2020

«Заткні еб***, с***». 55-гадовая гарадзенка пры затрыманьні ўкусіла амапаўку. Яе зьбілі, а цяпер завялі крымінальную справу

Марыну Палікарпаву затрымалі 9 жніўня і зьбілі супрацоўніцы АМАП.

Пазьней на яе завялі крымінальную справу, бо жанчына ўкусіла амапаўку.

«Яны пачалі ўдваіх мяне мяцеліць, куды трапляла. Твар мне разьбілі. Потым я старалася твар прыкрыць, бо я працую ў аптэцы. Як я пайду на працу з разьбітым тварам? Я ж ня думала, што мяне на трое сутак пасадзяць, — расказала Свабодзе Марына Мікалаеўна. — Мне трэба было рукі за сьпіну заламаць. Яна (супрацоўніца АМАП) пачала мяне душыць. Я галаву апусьціла. Хто ж дасьць сябе душыць? Я яе за руку і ўкусіла. Калі была вочная стаўка, мой адвакат запыталася ў міліцыянткі: „А дзе вашыя пашкоджаньні? Я ніякіх пашкоджаньняў на вас ня бачу. А Марына Мікалаеўна ўся сіняя“. Другая сказала, што я ёй падрапала лоб. Яны ўдваіх спрабавалі мяне скруціць. Усё-такі скруцілі. Паклікалі: „Віця“. Ён зьверху мяне па галаве кулаком бабах. Першыя тры дні я шыяй не магла паварушыць. Ён мне зашпіліў кайданкі так, што кроў з рук пайшла».

Чытаць расповед цалкам.

18:47 2.9.2020

Ці прыйдуць у Беларусь пуцінскія сілавікі?

Пры якіх умовах Уладзімір Пуцін можа паслаць у Беларусь падрыхтаваную рэзэрву сілавікоў? Якімі могуць быць мэты гэтай апэрацыі? Якой рэакцыі Захаду на гэта можна чакаць?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды: беларускай службы — Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык, і расейскай службы — Яраслаў Шымаў.

Навумчык

  • «Чырвоная рыса» для Крамля — гэта сілавы прымус адносна Лукашэнкі, каб ён сышоў, скажам, аблога ці штурм Палаца Незалежнасьці
  • Лукашэнка скінуў зь сябе ўсю сваю шматвэктарнасьць, ён ізноў загаварыў пра супольную айчыну ад Берасьця да Ўладзівастоку
  • Ніякія самалёты ці танкі з боку Польшчы ці Літвы ў бок Беларусі ня рушаць. Ніякага вайсковага ўмяшаньня ня будзе
  • З боку Захаду будуць такія маштабныя санкцыі, якія не ўжываліся адносна Расеі ніколі

Шымаў

  • Калі сытуацыя прыме сілавы характар, Крэмль можа вырашыць — там усё пайшло ўразнос, уваходзім і наводзім парадак
  • Зь іншага боку, калі абазначыцца страта палітычнага кантролю, то і тут можна будзе сказаць — у краіне хаос, трэба дапамагчы
  • Гэта сапраўды вельмі архаічная і заснаваная на геапалітыцы акцыя, падобная да корпусу Паскевіча, які быў пасланы Мікалаем І на дапамогу імпэратару Францу Іосіфу
  • Пуцін разумее, што ў беларускай сытуацыі ў яго калі не тузовы покер, то вельмі добрая камбінацыя
  • Нейкай надта рэзкай рэакцыі Захаду на магчымыя абвастрэньні ў Беларусі я б не чакаў


Тэкставая вэрсія размовы.

18:22 2.9.2020

Губарэвіч падаў заяву на пачатак крымінальнай справы супраць Лукашэнкі

Сябра Каардынацыйнай рады дзеля ўрэгуляваньня палітычнага крызісу, старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча дапыталі ў Сьледчым камітэце.

Губарэвіч зьяўляецца сьведкам у крымінальнай справе аб стварэньні і дзейнасьці Каардынацыйнай рады за заклікі да захопу ўлады.

Як расказаў Юрась Губарэвіч агенцтву БелаПАН, яму задалі каля двух дзясяткаў пытаньняў, фактычна на ўсе ён адмовіўся адказваць, каб гэта потым гэта не было выкарыстана супраць яго. Таксама не даваў падпіску пра неразгалошваньне.

«Падчас допыту я сказаў, што генпракурору неабходна прайсьці пераатэстацыю на прадмет службовай адпаведнасьці», — адзначыў Губарэвіч, патлумачыўшы, што кіраўнік ведамства бачыць склад злачынства ў працы Каардынацыйнай рады, але не заўважае злачынстваў, учыненых сілавікамі ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў.

18:15 2.9.2020

У 32-гадовай жанчыны — інсульт пасьля затрыманьня мужа. У сям’і чацьвёра дзяцей

Юліі Сахарчук, маці чацьвярых дзяцей з Пружаны, тэрмінова патрэбная рэабілітацыя. Ад стрэсу пры затрыманьні мужа яна перанесла ішэмічную атаку галаўнога мозгу і інсульт. З прычыны каранавірусу Берасьцейскі абласны шпіталь праводзіць рэабілітацыю толькі хадзячым хворым, а Юлія — ляжачая.

Чытаць далей.

18:06 2.9.2020

Гарадзенца, які пагаліў галаву «пад Лукашэнку» арыштавалі

Удзельніка маршу незалежнасьці ў Горадні Андрэя Янковіча асудзілі на 7 сутак арышту. Андрэй адмыслова пагаліў перад маршам частку галавы, зрабіўшы нібы лысіну, і трымаў надпіс «Прэзідэнт ненастаяшчы».

Андрэй Янковіч
Андрэй Янковіч

17:51 2.9.2020

ЗША разгледзяць санкцыі супраць усіх, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, — Пампэо

ЗША і эўрапейскія партнэры разам абдумваюць пытаньне аб увядзеньні мэтавых санкцый супраць усіх, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.

«Мы таксама цесна каардынуемся з нашымі трансатлянтычнымі партнэрамі і разам пераглядаем значныя мэтавыя санкцыі супраць тых, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека», — сказаў Пампэо журналістам.

У аўторак высокапастаўлены прадстаўнік ЗША заявіў агенцтву Reuters, што Злучаныя Штаты ўзважваюць санкцыі супраць сямі беларускіх чыноўнікаў, якія, на яго думку, датычныя да фальсыфікацыі вынікаў выбараў у Беларусі 9 жніўня і гвалту супраць мірных дэманстрантаў.

17:39 2.9.2020

Літва абяцае беларусам гуманітарную дапамогу, стыпэндыі, запросіць ІТ-кампаніі

У сераду ўрад Літвы прыняў плян падтрымкі народу Беларусі. Плян уключае ў сябе падтрымку беларусаў, што пацярпелі ад рэпрэсій за пратэсты супраць рэжыму.

Літва таксама абяцае выдзеліць стыпэндыі для беларускіх студэнтаў, запрасіць кампаніі па інфармацыйных тэхналёгіях (ІТ) і спэцыялістаў у гэтым сэктары, а таксама палегчыць выдачу візаў грамадзянам Беларусі, паведамляе агенцтва BNS.

Міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус, які прадставіў гэты плян на пасяджэньні ўраду ў сераду, заявіў, што з урадавага рэзэрву плянуецца выдзеліць Міністэрству аховы здароўя да 100 тысяч эўра на гуманітарную дапамогу.

«Хутчэй за ўсё, гэта будзе лячэньне», — сказаў міністар.

Чытаць далей

17:20 2.9.2020

«Не магу сказаць, праз год, два ці паўтара». Макей аб працы над новай Канстытуцыяй

Працэс падрыхтоўкі рэформы Канстытуцыі ідзе, але тэрміны яго завяршэньня пакуль невядомыя, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, піша БелаПАН.

«Што тычыцца канстытуцыйнай рэформы, не магу сказаць, што будуць адпаведныя папраўкі прынятыя праз год, два ці паўтара, — сказаў ён. — Працэс ідзе. Папярэднія як мінімум два варыянты дакладаліся кіраўніку дзяржавы. Створана рабочая група. Ідзе працэс падрыхтоўкі канкрэтных паправак у дзейную Канстытуцыю».

Макей адзначыў, што будзе праходзіць «грамадзкае абмеркаваньне» гэтых паправак з усімі катэгорыямі насельніцтва.

«Не выключаю, што будзе створаная нейкая структура, у рамках якой будуць абмяркоўвацца папраўкі ў Канстытуцыю. Перакананы, што ў найбліжэйшай будучыні вымалюецца і фармат, і тэрміны завяршэньня працэсу. Гэта самы аптымальны варыянт, не парушаючы заканадаўства, арганізаваць працоўны дыялёг, які прывядзе ў канчатковым выніку да стабілізацыі сытуацыі і дээскаляцыі працэсаў, якія, на жаль, сёньня адбываюцца».

17:15 2.9.2020

«Гэта трызьненьне». МЗС Украіны абвергла заяву Лаўрова пра ўкраінскіх экстрэмістаў, нібыта накіраваных у Беларусь

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба абверг выказваньні кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова пра тое, што радыкальныя дзеяньні падчас дэманстрацыяў у Беларусі нібыта правакуюцца і фінансуюцца з тэрыторыі Ўкраіны.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

«Ня хочацца нават камэнтаваць гэтае трызьненьне. Але ў рамках барацьбы з расейскай дэзынфармацыяй літаральна пяць тэзісаў па тэме:

  • 1. 200 украінскіх экстрэмістаў, якіх Украіна нібыта накіравала ў Беларусь для дэстабілізацыі сытуацыі, і лягеры па падрыхтоўцы экстрэмістаў ва Ўкраіне зьяўляюцца плодам хваравітай фантазіі тых, хто даў такія дадзеныя майму расейскаму калегу Сяргею Лаўрову.
  • 2. Украіна не вяла, не вядзе і ня будзе весьці ніякай падрыўной дзейнасьці супраць Беларусі.
  • 3. Расея, наадварот, заяўляе, што ўжо накіравала некаторых сваіх „спэцыялістаў“ у Беларусь і гатовая накіраваць іх яшчэ больш», — напісаў Кулеба на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
  • 4. Спробы Расеі прадставіць сваіх «зялёных чалавечкаў» у Беларусі як украінскіх экстрэмістаў — «гэта танны і пройгрышны трук».
  • 5. «Як кажа прыказка: «злодзей крычыць — трымайце злодзея», — падсумаваў Кулеба.
17:12 2.9.2020

«Мае калегі маўчаць». У Жыткавічах пэдыятра з 35-гадовым стажам аштрафавалі за ланцуг салідарнасьці​

У Жыткавічах суд аштрафаваў на 135 рублёў пэдыятра Ірыну Цішкоўскую, якая ўжо 35 гадоў лечыць жыткавіцкіх дзяцей у раённай паліклініцы. Яна ўдзельнічала ў «ланцугу салідарнасьці» 23 жніўня.

Судзьдзя Андрэй Багданік зачытаў міліцэйскі пратакол: «Цішкоўская парушыла парадак правядзеньня мітынгу — узяла ў ім удзел і выражала свой пратэст супраць дзейнай улады».

Лекарка патлумачыла, што не прызнае сябе вінаватай.

«Гуляла з сабачкам. Ішла паўз сквэр і бачыла там шмат людзей. Яны былі ўсхваляваныя. І я была ўсхваляваная падзеямі ў краіне і разумела, што не магу застацца ўбаку. Мы стаялі і эмацыйна абмяркоўвалі сытуацыю ў краіне. Мы абмяркоўвалі, што выбары былі сфальсыфікаваныя, што людзей жорстка зьбівалі. Мы ведалі маладога чалавека з Жыткавічаў, які моцна пацярпеў, і мы гэта абмяркоўвалі. Што мы можам у маленькім горадзе зьмяніць? Мы можам проста абмяркоўваць...», — патлумачыла Ірына Цішкоўская.

«Ці падтрымліваюць мяне калегі? Ну як сказаць.... Маўчаць. Маладыя можа трохі і падтрымліваюць, а старыя — не. Ці баюся звальненьня? А каму будзе горш, калі мяне звольняць? Хто будзе лячыць дзяцей? Не, не пагражала начальства. Яны ж ведаюць маю пазыцыю», — кажа Ірына.

Чытаць далей.

16:45 2.9.2020

Надпіс «Не забудзем!» на месцы гібелі Тарайкоўскага ля мэтро «Пушкінская» засыпалі пяском

Менскія ўлады намагаюцца зьнішчыць народны мэмарыял памяці загінулага дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі мэтро «Пушкінская».

Камунальнікі пад покрывам ночы прыбіраюць кветкі і сьвечкі, якія прыносяць людзі на месца расстрэлу пратэстоўца. Але назаўтра пляцоўка зноў набывае звыклае аблічча, людзі прыносяць новыя кветкі.

У ноч на 2 верасьня камунальныя службы прыбралі ўсе кветкі, а частку ходнікаў яшчэ засыпалі пяском. Такім чынам яны схавалі напісаны фарбай надпіс «Не забудзем!». Здымак чытача ў сваім тэлеграм-канале публікуе «Наша Ніва».

Аляксандар Тарайкоўскі стаў першай ахвярай пратэстаў. Ён загінуў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе сілавікі брутальна разагналі ўдзельнікаў акцыі з выкарыстаньнем шумавых гранат і гумовых куль.

У МУС спачатку заяўлялі, што Тарайкоўскі хацеў кінуць выбуховае прыстасаваньне, але яно выбухнула ў яго ў руцэ. Аднак відавочцы і відэакадры пацьвярджаюць, што ў яго мэтанакіравана стрэлілі з калёны сілавікоў. Аляксандру было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка.

16:09 2.9.2020

З «Новага радыё» звольніўся вядоўца, які расказаў пра беларускія пратэсты казачнымі алегорыямі

Дзьмітры Лаўроў вёў эфіры на «Новым радыё», заснавальнік якога — Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ляяльная Аляксандру Лукашэнку. Падчас уключэньня 25 жніўня ён у форме «казкі» расказаў пра акцыю салідарнасьці каля Міністэрства адукацыі.

«Думаю, на маё звальненьне больш паўплываў мой камэнтар Tut.by, чым гісторыя пра Хогвартс. Я расказаў пра негалосную цэнзуру, якой прасілі прытрымлівацца супрацоўнікаў нашага радыё ў асабістых сацсетках, — кажа ён. — Пасьля гэтага думка калегаў падзялілася. Падтрымка тых, хто мяне і раней падтрымліваў, засталася. Астатнія, як я зразумеў, сталі лічыць мяне здраднікам. Я вырашыў, што ня буду працягваць кантракт. Ён у мяне быў да 10 верасьня».

16:06 2.9.2020

Калёна жанчын на праспэкце Незалежнасьці ў Менску

15:34 2.9.2020

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША: Нашы асноўныя патрабаваньні — неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў


Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэн Бігэн заклікаў вызваліць несправядліва затрыманых і спыніць гвалт, абмеркаваў ролю Расеі і ЗША ў вырашэньні канфлікту і выказаў захапленьне мужнасьцю беларусаў. Эксклюзіўнае інтэрвію вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG