Футбалісты менскага клюбу «Крумкачы» 1 верасьня выйшлі на матч супраць «Дынама» ў цішотках з надпісам «Мы супраць гвалту».
У Менску пачаўся матч 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе паміж камандамі «Крумкачы» і «Дынама» — Менск.
«Дынама» ўвяло мяч у гульню, але «Крумкачы» адмовіліся гуляць далей, сталі і пачалі пляскаць у ладкі. Дынамаўцы таксама сталі. Іх падтрымалі трыбуны. Заўзятары пляскалі разам з гульцамі на вачах у АМАП.
Пэрформанс доўжыўся хвіліну, пасьля чаго гульня аднавілася. Палітычных лёзунгаў не было, перадае карэспандэнт Свабоды са стадыёна. Гульцы «Крумкачоў» былі ў футболках з надпісам «Мы супраць гвалту».
На матчы прысутнічалі затрыманыя 30 жніўня па справе аб нападзе на міліцэйскі аўтамабіль футбалісты Сяргей Казека і Павал Расолька. Крымінальную справу супраць іх 31 жніўня спынілі.