Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21-ы дзень пратэстаў. Жаночы марш у Менску. У журналістаў забралі акрэдытацыі

Што адбываецца ў Беларусі на 21-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 

18:37 29.8.2020

Гарадзенкі засьпявалі «Купалінку» ў гандлёвым цэнтры

Дзясяткі гарадзенак засьпявалі «Купалінку» ў гандлёвым цэнтры «Трыніці» ў Горадні 29 жніўня. Наведнікі цэнтру пляскалі дзяўчатам, скандавалі «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь», «Не забудзем, не даруем», «Кожны дзень».

Падчас флэшмобу гарадзенец Дзяніс зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Натальлі. Яна адказала: «Так». Пара сустракаецца два гады. Як расказаў Дзяніс, ён вырашыў сказаць Натальлі тое, што даўно хацеў, у прысутнасьці годных людзей.

«Цяпер так шмат кепскага адбываецца. Хочацца нечага добрага», — дадаў ён.

Напрыканцы флэшмобу ў цэнтар прыйшлі два міліцыянты з рупарам. Аднак ніхто ўжо не сьпяваў і ня пляскаў. Затрыманьняў не было відаць.

18:30 29.8.2020

Жанчыны з плошчы Якуба Коласа рушылі ў бок вуліцы Куйбышава

Жаночы марш з плошчы Якуба Коласа, адкуль яго адціснуў АМАП, рушыў да Камароўскага рынку. Сярод жанчын — актывістка Ніна Багінская.

Ад Камароўскага рынку калёна рушыла далей у бок вуліцы Куйбышава. У пераходзе жанчыны скандавалі: «Лукашэнку ў аўтазак».

18:25 29.8.2020

Акцыя ў Наваполацку сабрала каля сотні жанчын

На сёньняшнюю акцыю салідарнасьці ў Наваполацку прыйшлі каля сотні жанчын.

18:20 29.8.2020

18:12 29.8.2020

Эўразьвяз: Замест таго каб перашкаджаць СМІ, уладам варта засяродзіцца на памкненьнях беларускага народу

«Апошнія абмежаваньні ў дачыненьні да незалежных СМІ, у тым ліку замежных журналістаў, якія маюць належную акрэдытацыю, непрымальныя і ўяўляюць сабой чарговую спробу ўладаў абмежаваць свабодную плынь інфармацыі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпляматычнага ведамства Эўразьвязу Жузэпа Бурэля Пэтэр Стана.

Ён нагадвае, што свабода СМІ і свабода інфармацыі — гэта ключавыя складнікі кожнага дэмакратычнага грамадзтва.

18:02 29.8.2020

АМАП блякуе плошчу Якуба Коласа

АМАП заблякаваў пратэстоўцаў на плошчы Якуба Коласа.

Падтрымаць жаночую акцыю на плошчу Якуба Коласа прыехалі раварысты.

17:57 29.8.2020

Зьніклі журналісты «Белсату»

У Менску зьніклі журналісты «Белсату» Аляксандар Любянчук і Зьміцер Міцкевіч, паведамляе БАЖ. Магчыма, іх затрымалі.

А 19-ай гадзіне праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што журналіст «Белсату» Аляксандар Любянчук знайшоўся. Зь ім усё добра, яго не затрымлівалі (удзельніцы пратэсту дапамаглі журналісту выйсьці ў бясьпечнае месца). Сувязі са Зьмітром Міцкевічам дагэтуль няма.

17:55 29.8.2020

У Маршы ўдзельнічаюць каля 10 тысяч чалавек

Паводле ацэнак Tut.by, у маршы ў Менску бяруць удзел звыш 10 тысяч чалавек.

АМАП перакрыў дарогу да Акадэміі навук, піша «Наша Ніва» — жанчыны рушылі назад на плошчу Якуба Коласа.

Сілавікі цалкам перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў раёне вуліцы Казлова. Tut.by піша, стаяць вайсковыя грузавікі і вадамёт. «Наша ніва» бачыць таксама машыны з калючым дротам — такая вось рэакцыя на мірны жаночы марш.

Сілавікі разьбілі марш на дзьве часткі, некаторыя ідуць у бок Камароўкі.

Затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі карэспандэнта «Камсамольскай праўды» Сьвятаслава Зоркага. «Рэкамэндавалі больш не здымаць».

17:53 29.8.2020

17:48 29.8.2020

Сілавікі цалкам перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў раёне вуліцы Казлова. Tut.by піша, стаяць вайсковыя грузавікі і вадамёт. «Наша ніва» бачыць таксама машыны з калючым дротам

17:28 29.8.2020

У Менску затрымалі фатографа «Комсомольской правды в Беларуси» Сьвятаслава Зоркага, піша Tut.by.

«Да РУУС не даехалі. Як фотакарэспандэнта акрэдытаванага СМІ адпусьцілі. Раілі больш не здымаць», — напісаў Зоркі.

17:20 29.8.2020

Жаночы марш салідарнасьці ў Менску. Фотагалерэя

17:20 29.8.2020

17:19 29.8.2020

Каля Палаца спорту пачаўся роварны прабег

Тым часам каля Палаца спорту пачаўся роварны прабег, на які выехалі дзясяткі раварыстаў. Многія зь іх зь бел-чырвона-белай сымболікай.

17:17 29.8.2020

Затрымалі журналіста Deutsche Welle

Стала вядома, што затрыманы таксама журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі. Ён пасьпеў паведаміць, што яго вязуць у Кастрычніцкае РУУС, паведамляе БАЖ.

Вельмі хутка, аднак, Быкоўскага выпусьцілі з аўтазаку. Ён паведаміў Свабодзе, што ніякіх пратаколаў на яго няма, тэхніку вярнулі, выпусьцілі і папрасілі прабачэньня: сказалі, што зь некім пераблыталі.

17:09 29.8.2020

Калёна дайшла да плошчы Якуба Коласа. Сярод удзельніц Марыя Калесьнікава

16:58 29.8.2020

Гранд-марш жанчын у Менску. Від зьверху

16:54 29.8.2020

У Гомлі міліцыя не дае жанчынам правесьці ланцуг салідарнасьці

Затрымалі журналістку «Белсату» Ларысу Шчыракову.

Месца збору — пляцоўка каля абласной бібліятэкі на праспэкце Перамогі — занятае выставай жывапісу. Міліцыя папярэджвае жанчын, што акцыя несанкцыянаваная. Жанчыны ўзяліся за рукі і сталі вакол карцін, адна з удзельніц чытае лекцыю пра жывапіс

Каля 50 жанчын зладзілі «карагод салідарнасці» вакол помніка Братам Лізюковым у Гомлі. За жанчынамі ходзяць міліцыянты і зноў папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная.

16:53 29.8.2020

Да 5000 жанчын удзельнічаюць у Гранд-маршы ў цэнтры Менску

Калёна жанчын ідзе ад плошчы Перамогі ў бок плошчы Якуба Коласа. Мост у бок плошчы Незалежнасьці перакрыты.

16:48 29.8.2020

У Менску зачынілі некалькі станцый мэтро

У 16.35 на ўваход і выхад зачынілі станцыі мэтро «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Леніна» і «Плошча Перамогі». Цягнікі на іх ідуць без прыпынку. Менскі мэтрапалітэн паведамляе, што гэта зроблена «ў мэтах бясьпекі пасажыраў».

У 16.47 адкрылі станцыі мэтро «Плошча Леніна» і «Плошча Перамогі», але зачынілі на ўваход і выхад станцыю «Плошча Якуба Коласа», паведамляе Tut.by.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG