Маці Аляксея Шыша Алена перакананая, што на яе сына ціснуць «на загад зьверху».
Пасьля дня выбараў 9 жніўня акцыі пратэсту ня згодных зь іх афіцыйнымі вынікамі прайшлі па ўсёй Беларусі. У тым ліку ў невялікім раённым цэнтры Горадзенскай вобласьці Карэлічах. Інфармацыю пра такія акцыі распаўсюджваюць у асноўным праз тэлеграм-каналы.
Як расказала Свабодзе жыхарка Карэлічаў Алена Пякарская, аўтарам заклікаў да мірных акцыяў у карэліцкім тэлеграм-канале выявіўся яе 13-гадовы сын Аляксей.
«Пісаў заклікі да мірных акцыяў, каб людзі пастаялі з балёнікамі, з кветачкамі, — расказвае Алена, маці 13-гадовага Аляксея Шыша. — Каб проста пастаялі, памахалі. Гэта ўсё была яго ініцыятыва. Я, шчыра кажучы, нават і ня ведала пра гэта. Калі пабачыла, што ён так піша, то прасіла супакоіцца. Пытала, навошта ён гэта робіць. Кажа, што гэта яго пазыцыя, што яму ў гэтай краіне яшчэ жыць і што ён ня хоча, каб краіна была такой, якой яна ёсьць цяпер. Што няма ні працы, ні свабоды слова. А паколькі галасаваць ён яшчэ ня можа, то будзе дзейнічаць вось так».
«Паступіла каманда зьверху давесьці справу да канца»
Алена расказвае, што да выбараў яе сын нічога не пісаў у тэлеграм-каналы, пачаў гэта рабіць пасьля разгонаў акцыяў пратэсту ў Менску і іншых гарадах. У РАУС Алена з сынам была ўжо двойчы.
«Першы раз нас запрасілі (у Карэліцкі РАУС) у мінулую суботу, — расказвае жанчына. — Позва была на нядзелю, 23 жніўня. Там было напісана, што дзіця запрашаюць у якасьці сьведкі. Маўляў, недзе на рынку пашкоджаны гандлёвы павільён. Дзіўна гэта ўсё было. Перад гэтым яшчэ ў нас у Карэлічах быў мітынг, пяць чалавек літаральна прыйшлі. І мой Лёша там таксама быў. Калі прыйшлі ў РАУС, сказалі, што нас выклікаюць з прычыны заклікаў у тэлеграм-канале».
З словаў Алены, размова праходзіла культурна. Яе папярэдзілі, што заклікаць да пратэстаў у Тэлеграме нельга, папрасілі, каб Аляксей так больш не рабіў. Падлетак пагадзіўся. Пасьля гэтага Алену з сынам адпусьцілі дадому.
Аднак у сераду іх выклікалі ў РАУС ізноў, на гэты раз пагаварыць пра бойку з іншым хлопчыкам.
«Я пра гэта нічога ня ведала, бацькі іншага хлопчыка мне не званілі, — расказвае Алена. — Спыталася, ці ёсьць заява ад яго бацькоў, ад пацярпелага. Мне сказалі, што заявы няма, але паступіў сыгнал ад сьведкаў, таму трэба правесьці прафіляктычную гутарку. Я сказала ім, што калі бойка была, то я пагавару з сынам абавязкова. Тады яны зноў пачалі гаварыць пра заклікі ў тэлеграм-каналах. Маўляў, паступіла каманда зьверху давесьці справу да канца. Я кажу ім: да якога канца, што вы ад мяне хочаце?».
Алена зьвярнулася ў мясцовую пракуратуру — там парушэньняў з боку міліцыі ня ўгледзелі. На пятніцу 28 жніўня 13-гадовага сына Алены Пакроўскай зноў выклікалі ў РАУС, але яна ісьці адмовілася. Новы візыт заплянаваны на суботу, 29 жніўня. Алена Пакроўская кажа, што ў праваахоўных органах ёй пагражаюць праверкай сацыяльных работнікаў альбо нават штрафам. Жанчына не разумее, чаму. Пра акцыі пратэсту ў карэліцкі тэлеграм-канал яе сын перастаў пісаць пасьля першага візыту ў міліцыю.
Інспэктар у справах непаўналетніх Карэліцкага РАУС Дзьмітры Аляшкевіч у размове са Свабодай пацьвердзіў факт выкліку Алены Пякарскай і яе сына Аляксея на размову. Ад камэнтару міліцыянт адмовіўся, параіўшы з усімі пытаньнямі зьвяртацца ў УУС Горадзенскага аблвыканкаму.