Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшы пакупнік калійнай солі ў Нарвэгіі шакаваны перасьледам супрацоўнікаў «Беларуськалію»


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю

Нарвэская кампанія па вытворчасьці ўгнаеньняў Yara International ASA вядзе перамовы зь «Беларуськаліем» аб перасьледзе супрацоўнікаў, якая абвясьцілі страйк на прадпрыемстве ў Салігорску. Пра гэта Свабодзе расказалі беларусы Нарвэгіі, якія 21 жніўня сустракаліся з прадстаўнікамі Yara.

«Яны ўсе былі ў шоку, — паведаміла Свабодзе Караліна Вялічка, якая ўдзельнічала ў сустрэчы ў кампаніі Yara. — Яны ведалі, што на „Беларуськаліі“ ідзе страйк, але ня ведалі, наколькі там усё дрэнна».

Беларусы расказалі пра затрыманьні актывістаў «Беларуськалію», пра вымушаную эміграцыю некаторых зь іх. А таксама пра тое, што ўлады выкарыстоўваюць грошы, заробленыя «Беларуськаліем», для падтрымкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пасьля той сустрэчы прадстаўнікі Yara зьвязаліся зь «Беларуськаліем» і выказалі сваю незадаволенасьць тым, што на беларускім прадпрыемстве перасьледуюць, затрымліваюць і штрафуюць страйкоўцаў. Пра гэта Караліна Вялічка даведалася сёньня ад прадстаўніка Yara па сувязях з грамадзкасьцю.

«Яны выказалі сваю дакладную пазыцыю, якая прапісаная ў кантракце: падрадчыкі/пастаўшчыкі павінны выконваць правы чалавека і працаўніка, у тым ліку іх права страйкаваць і зьбірацца ў групы (камітэты)», — расказала Караліна Вялічка.

Таксама наконт сытуацыі ў Беларусі выказалася Нарвэская канфэдэрацыя прафсаюзаў. У сваёй заяве яны выказалі падтрымку незалежнаму прафсаюзнаму руху Беларусі і асудзілі перасьлед уладамі чальцоў прафсаюзаў і мірных пратэстоўцаў.

З словаў Караліны Вялічкі, у Нарвэгіі прафсаюзы вельмі ўплывовыя, яны маглі б паўзьдзейнічаць на сытуацыю зь перасьледам працаўнікоў «Беларуськалію».

Нарвэская кампанія даўно супрацоўнічае зь «Беларуськаліем». Падчас візыту прэзыдэнта Yara у Салігорск у 2016 годзе кіраўніцтва беларускай кампаніі назвала нарвэскага вытворцу мінэральных угнаеньняў «стратэгічным партнэрам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG