Запіс аўдыё з размовай выбарчай камісіі № 26 гораду Віцебску, дзе сяброў камісіі прымушаюць падпісаць сфальшаваны пратакол, сапраўдны. Пра гэта стала вядома Свабодзе са сваіх крыніц.
«Гэты запіс быў выстаўлены ў сеціва адразу ж, як далі інтэрнэт, — 13 жніўня. Ня ведаю, чаму толькі цяпер яго заўважылі. Запіс наогул доўжыцца паўгадзіны, і вось гэтая размова, выкладзеная ў сеціве, адбылася недзе на 15-й хвіліне», — паведаміла крыніца.
Аўдыёзапіс перадалі праваабаронцам.
У камісіі працавалі настаўніцы сярэдняй школы № 44 Віцебску. Атрымаць камэнтары карэспандэнту Свабоды не ўдалося ані ў старшыні ўчастковай камісіі Марыны Печань (яна ж кіравала выбарчай камісіяй і падчас парлямэнцкіх выбараў), ані ў настаўніцы Святланы Шуняковай, імя якой гучыць на аўдыёстужцы і якая не падпісала сфальшаваны на карысьць Аляксандра Лукашэнкі пратакол.
Дырэктар віцебскай школы № 44 Сяргей Піталенка паведаміў, што настаўніцы цяпер у адпачынку. Сам ён кажа, што аўдыёзапісу ня слухаў.
«Без камэнтароў, я нічога ня ведаю. Наўмысна, знарок не глядзеў гэты запіс, але чуў, што ёсьць нейкая гадасьць», — сказаў ён.
На пытаньне, ці праводзіцца нейкі разбор, бо гэта тычыцца і калектыву школы, Сяргей Піталенка сказаў, што пакуль нічога ня ведае.
«Людзі ў водпусках, няхай адпачываюць», — сказаў ён.
Сябры камісіі, да якіх датэлефанаваўся карэспандэнт Свабоды, сказалі, што ня чулі аўдыё, і пра тое, што адбылося, нічога не патлумачылі.
Намесьніца старшыні камісіі Ала Ганковіч сказала, што асабіста яе ніхто не прымушаў падпісваць пратакол. Ці мянялі там лічбы, яна ня ведае.
«Мне далі, я падпісала», — сказала яна.
Раней кіраўнік участковай камісіі № 25 у Віцебску Сяргей Піталенка пазнаў свой голас на іншай стужцы, якая таксама шырока разышлася ў інтэрнэце. На ёй кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі прымушае камісію перапісаць пратакол.
Расшыфроўка запісу з размоваў чальцоў выбарчай камісіі № 26 у Віцебску:
— Тут няпраўда, Марына Мікалаеўна.
— Я разумею, што тут няпраўда, Сьвета.
— Дык іх здымуць заўтра.
— Мы ўсе цудоўна ведаем.
— Я разумею ўсё цудоўна гэта...
— Як я буду свайму дзіцяці ў вочы глядзець?
— Сьвета, як мне гэта зразумець? Іх здымуць заўтра.
— Марына, я цябе прасіла, ня ўмешвай мяне, я не хацела, я ў траўні табе пра гэта казала.
— Калі б ты мне сказала так, як мне сказала Тамара Віктараўна, я павярнулася б і пайшла.
— Канец будзе, але, пэўна, ня гэтым разам.
— Няхай будзе канец. Але гэта не з маім подпісам.
— У мяне ня прымуць.
— Не з маім подпісам. Хочаце — падрабляйце, што хочаце рабіце.
— У мяне дакумэнтаў ня прымуць, Сьвета.
— Марына, ня цісьні мне на сумленьне, я ня ведаю, як мне спаць, калі я падпішу гэта.
— У нас ёсьць дзеці, мы ўсе за іх баімся.
— Вось менавіта, у мяне ёсьць дзеці.
— У нас ёсьць дзеці, крэдыт тым больш узяты.
— Як я магу за вас падпісаць, дзяўчаты? Вы ўжо зусім абалдзелі?
— Я такім не займаюся.
— Дзяўчаты я не змагу выехаць, пакуль ня будзе падпісаны пратакол.
— Ну як так, Марына, там няма і блізка таго, што правяць.
— Я разумею, Сьвета, у мяне ў самой вось тут.
— Я вас маліла, ня стаўце мяне нікуды.
(Па галасах чуваць, што ў пакоі знаходзяцца нейкія людзі, чуваць мужчынскія галасы.)
— Ну што вось (нехта плача).
— Я ніколі не была на прэзыдэнцкіх выбарах, ты наогул...
— ......
— Не, у нас не падпісаны пратакол.
— Сьвета, ну што нам рабіць?
— Жыць сумленна.