Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мора людзей на маршы ў Менску. Міністар абароны пагражае войскам. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся два тыдні таму.

14:17 23.8.2020

У Магілёве міліцыя выціскае людзей з плошчы перад аблвыканкамам

У Магілёве марш «За новую Беларусь» пачаўся з спробы затрымаць аднаго зь лідэраў пратэставых акцыяў Валадара Цурпанава.

Ён зьявіўся на плошчы Леніна перад аблвыканкамам першым і разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Да яго падышлі двое міліцыянтаў. Потым зьявіўся трэці ў цывільным.

З словаў актывіста, яму прапанавалі сысьці з плошчы, бо аблвыканкам — «рэжымны абʼект». Сказалі, што ён парушае парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Цяпер пратэстоўцы бароняць аднадумцу.

На плошчы з паўсотні чалавек. Міліцыянты выціскаюць людзей з плошчы. Пратэстоўцы скандуюць «Сыходзь!», «Ганьба!».

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

14:07 23.8.2020

Людзі зьбіраюцца на марш у Менску. Фота — каля вуліцы Аранскай

14:06 23.8.2020

Хрэнін: «Вы будзеце мець справу не зь міліцыяй, а з арміяй»

Міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў , што «ня можа спакойна глядзець», як акцыі пратэсту праходзяць каля мэмарыялаў і помнікаў Другой сусьветнай вайны «пад сьцягамі, пад якімі фашысты арганізоўвалі масавыя забойствы». Ён прыгразіў, што ў выпадку «парушэньня парадку і спакою ў гэтых месцах вы будзеце мець справу не зь міліцыяй, а з арміяй». Заяву ён рабіў каля стэлы ў Менску, дзе 16 жніўня звыш 200 тысяч чалавек сабраліся на пратэсты пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Пры якія сьцягі ён казаў, Хрэнін не ўдакладніў, але дзяржаўная прапаганда звычайна зьвязвае з нацыстамі бел-чырвона-белы сьцяг — акупацыйныя ўлады дазвалялі выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі калябарантам у Беларусі, Расеі 🇷🇺, Украіне🇺🇦, Францыі 🇨🇵 і на іншых акупаваных тэрыторыях

14:04 23.8.2020

У Менску пачаўся «Марш новай Беларусі»

А 14 гадзіне каля Дому ўраду ў Менску заплянаваны пачатак чарговай акцыі прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, якія выступаюць за спыненьне гвалту сілавікоў, вызваленьне палітвязьняў і новыя прэзыдэнцкія выбары. Акцыя атрымала назву «Марш новай Беларусі». Свабода вядзе жывы відэарэпартаж з падзеі.

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, людзі абурыліся іх вынікамі, нядопускам назіральнікаў і гвалтоўным разгонам дэманстрантаў. З 9 па 12 жніўня супраць людзей ужывалі гумавыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты і сьлезацечны газ. Паводле афіцыйных зьвестак, тры чалавекі загінулі, сотні параненыя, затрыманыя 7000 чалавек, многія зь іх заявілі пра міліцэйскі гвалт і катаваньні. Акцыі пратэсту праходзяць у Менску ды іншых гарадах вось ужо другі тыдзень штодня.

13:57 23.8.2020

Падлетак расказаў, як у Пінску міліцыянты зламалі яму руку, не дапускалі маці і ня выклікалі хуткую

Толькі праз гадзіну пасьля затрыманьня хлопцу выклікалі хуткую. Да таго моманту ён ужо ня мог самастойна дайсьці да аўтамабіля, траціў прытомнасьць. У лякарні Дзяніс праляжаў 12 дзён. Выявілі закрыты пералом са зрушэньнем. Давялося рабіць апэрацыю. Цяпер у плячы сьпіцы. Правая рука абязрушаная, а праз тыдзень у школу.

13:53 23.8.2020

Расейскі сьпявак Noize MC падтрымаў беларускія пратэсты

Ён напісаў у Instagram: «Сёньня вялікі дзень – пратэст, здольны паўплываць на лёс краіны і народу».

Noize MC піша пра беларускі пратэст: «Ён ня супраць Расеі і не за Захад. За людзей і іхнае права жыць, супраць гвалту, забойстваў і згвалтаваньняў»

13:46 23.8.2020

У Гомлі міліцыя і прыхільнікі Лукашэнкі зрываюць жаночы «ланцуг салідарнасьці»

Удзельніцы жаночай акцыі сабраліся а 13 гадзіне каля гомельскага касцёла. Яны плянавалі стаць ланцугом да ўнівэрмагу.

Сюды ж, да касьцёла, прывезьлі аўтобусамі прыхільнікаў Лукашэнкі. Яны сталі ланцугом, гучна крычаць «Мы за бацьку». У касьцёле ў гэты час ідзе імша.

Удзельніц жаночай акцыі праганяе міліцыя.

13:28 23.8.2020

За 22 жніўня МУС Беларусі налічыла 30 тысяч удзельнікаў мітынгаў за Лукашэнку і 6 тысяч пратэстоўцаў

Як адзначаецца ў тэлеграм-канале ведамства, цягам мінулых сутак зафіксавана 75 фактаў збору грамадзян. У падтрымку «міру, бясьпекі і спакою» узялі ўдзел больш за 30 тысяч чалавек.

Колькасьць удзельнікаў 67 «пратэстных акцый», якія прайшлі ў 55 населеных пунктах, не перавысіла 6 100 чалавек. Пры гэтым на плошчы Незалежнасьці ў сталіцы цягам дня групы грамадзян зьбіраліся тройчы.

Па дадзеных фактах тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў задакумэнтавана 18 парушэньняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. 22 жніўня былі затрыманыя за адміністрацыйныя правапарушэньні 26 чалавек.

13:08 23.8.2020

Менскае мэтро часова закрыла станцыі ў цэнтры гораду: «Плошча Перамогі», «Кастрычніцкая / Купалаўская» і «Плошча Леніна»

13:04 23.8.2020

Экс-кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў звольніўся і асудзіў міліцэйскі гвалт

На мінулым тыдні з тэлеканалу АНТ сышоў вядоўца і кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў Дзьмітры Семчанка. Цяпер ён растлумачыў, што падштурхнула да такога рашэньня.

«Калі я ўбачыў, як зьнішчаюць беларускі народ, зразумеў, што ўжо ніколі не змагу маўчаць. Інакш буду жывым трупам! Мая Беларусь і людзі, якія тут жывуць, для мяне найвышэйшая каштоўнасць, — напісаў ён у Інстаграме. — Як я магу гаварыць з экрана пра „наркаманаў і беспрацоўных, якія запаланіл вуліцы“, калі нашых дзяўчат гвалтуюць у аўтазаках, разрываюць ім яечнікі і маткі, пазбаўляючы магчымасці стаць мамамі. Калі хлопцам, якія ляжаць на зямлі, б’юць паміж ног да таго часу, пакуль там усё не ператвараецца ў месіва».

Паводле Семчанкі, ён мог бы знайсьці тысячу прычынаў апраўдаць сябе, прыкрыцца страхам за сям’ю і маленькае дзіця, паверыць кіраўнікам, якія абяцаюць пачаць паказваць усю праўду. Але ня змог.

«Калі 50 скалечаных людзей у маленькай камэры на пецярых ня могуць паварушыцца і ходзяць пад сябе, а іх пры гэтым труцяць газам. Суткамі не даюць есьці і піць. Б’юць! Б’юць! Б’юць! Калі людзей складваюць адзін на аднаго ў тры рады і скачуць па іх, ламаючы рукі, ногі, хрыбетнікі. Калі расстрэльваюць бяззбройных з паднятымі рукамі. Калі дубінкамі разбіваюць шкло ў машыне з маленькім дзіцём, тараняць яго браневікі. Генацыд, за які каты ад свайго галоўнакамандуючага атрымалі мэдалі!», — патлумачыў сваё рашэньне экс-кіраўнік прэзыдэнцкага пулу.

12:57 23.8.2020

У Латвіі Ланцуг салідарнасьці зь беларускім народам стане ўздоўж мяжы зь Беларусьсю

Сузаснавальнік CEO PandaDoc Мікіта Мікада, які прапанаваў беларускім сілавікам фінансавую дапамогу, калі яны звольняцца і «пяройдуць на бок дабра», апублікаваў у Facebook вынікі працы сваёй каманды.

12:48 23.8.2020

За тыдзень на падтрымку сілавікоў, якія сышлі з органаў, і звольненых рабочых прадпрымальнікі сабралі $1,5 млн

Паводле Мікіты Мікады, Фонд салідарнасьці BYSOL / Belarus solidarity foundation за шэсьць дзён сабраў 1,5 млн даляраў. Грошы пойдуць тым, каго звольнілі праз страйкі альбо выказваньне асабістай пазыцыі, у тым ліку і сілавікам.

Сузаснавальнік CEO PandaDoc Мікіта Мікада, які прапанаваў беларускім сілавікам фінансавую дапамогу, калі яны звольняцца і «пяройдуць на бок дабра», апублікаваў у Facebook вынікі працы сваёй каманды.

12:47 23.8.2020

Затрыманага ў Расеі экс-сьледчага Астаповіча паліцыянты адвезьлі ў Беларусь,— валянтэрка

Як паведаміла Свабодзе беларуская грамадзянка Юлія, якая апекавалася лёсам сьледчага СК, беларускага ўцекача Андрэя Астаповіча, расейскія паліцыянты вывезьлі яго ў Беларусь, а не выпусьцілі з пастарунку 1-га адзела паліцыі Пскова.

«Учора ўвечары Андрэя вывезлі з адзяленьня паліцыі і высадзілі ў памежнай вёсцы на тэрыторыі Беларусі. Яго не выпусьцілі, яго адразу з камеры пасадзілі ў аўтамабіль. Нікому не паведамілі. Вельмі ціха і хутка. Гэтак паліцыя РФ проста адкрэсьцілася ад таго, што адбываецца, спалохаліся моцнай агалоскі», — паведаміла карэспандэнту Свабоды Юлія.

Раней ад адваката Вячаслава Галавіна расейскаму тэлеканалу «Дождж» стала вядома, што Андрэя Астаповіча вывезьлі ў Беларусь «невядомыя». Па словах адваката, у дзяжурнай частцы Пскоўскай паліцыі яму паведамілі, што Астаповіча выпусьцілі.

«Потым невядомыя людзі пасадзілі яго ў машыну і вывезлі на тэрыторыю Беларусі», — распавёў адвакат Галавін са спасылкай на крыніцу.

Паводле адваката Галавіна ў Беларусі Андрэя Астаповіча затрымалі беларускія праваахоўнікі.

12:46 23.8.2020

Упершыню за шмат гадоў не было трансьляцыі каталіцкай імшы на Першым канале радыё

У нядзелю 23 жніўня ўпершыню за шмат гадоў вернікі па ўсёй краіне не змаглі пачуць трансьляцыю сьвятой Імшы, якая штонядзелю ў 8:15 вялася на Беларускім радыё, піша Catholic.by.

Сьвятая Імша з трансьляцыяй павінна была адбыцца, і для яе згодна з графікам быў вызначаны сьвятар, паведаміў Catholic.by пробашч менскай катэдральнай парафіі Найсьвяцейшага Імя Марыі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.

У праграме Радыё-1 а 8.15 у суботу была заплянаваная перадача «Каталіцкая пропаведзь».

Аднак пробашчу патэлефанавалі зь Беларускага радыё і папярэдзілі, што трансьляцыі ў гэтую нядзелю ня будзе з тэхнічных прычынаў.

Ці будуць адбывацца трансьляцыі ў далейшым, супрацоўнікі радыё не ўдакладнілі.

12:30 23.8.2020

Калёна рабочых МЗКЦ накіравалася ў цэнтар Менска, дзе заплянаваны марш прыхільнікаў новых выбараў

23 жніўня калёна прыхільнікаў пераменаў прыкладна з 50 чалавек, у ліку якіх работнікі Менскага завода колавых цягачоў і Менскага маторнага заводу накіравалася ад МЗКЦ ў бок цэнтра сталіцы Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Яны ідуць са сьцягамі сваіх прадпрыемстваў, стылізаванымі пад бел-чырвона-белы сцяг і бел-чырвона-белымі сцягамі, плякатамі «Сумленьне не прадаюць», «МЗКЦ за сумленныя выбары!».

Удзельнікі шэсця маюць намер прайсці па Партызанскім праспэкце, каб злучыцца з калёнамі работнікаў іншых заводаў, а затым прайсьці на плошчу Незалежнасьці, дзе сёння плянуецца чарговая акцыя супраць фальсыфікацыі выбараў і сілавых дзеяньняў уладаў.

12:30 23.8.2020

Катаваньні і прыніжэньне: сусьветныя СМІ расказваюць пра пратэсты і гвалт сілавікоў у Беларусі

Пасьлявыбарчымі пратэстамі заходнія мэдыя не зьдзівіць. Каб прабіцца на першыя палосы, Беларусі давялося правесьці самы масавы мітынг у сваёй гісторыі.

12:07 23.8.2020

Шукаюць маладога чалавека, які зьнік пасьля акцыі пратэсту ў Віцебску

У Віцебску зьнік Леанід Маліхаў. У сацсетках пішуць, што апошні раз маладога чалавека бачылі 21 жніўня на акцыі пратэсту, пасьля гэтага ён больш за суткі не выходзіць на сувязь.

У міліцыі вобласьці парталу Tut.by паведамілі, што хлопца не затрымлівалі, а яго сваякі з заявай аб зьнікненьні не зьвярталіся.

11:53 23.8.2020

«Лысы, на калені!» Журналіст ТАСС пасьля заявы Лукашэнкі пра пастановачныя фота апублікаваў сваю гісторыю зьбіцьця ў міліцыі

Акрэдытаваны ў Беларусі журналіст расейскага агенцтва ТАСС Юры Шамшур расказаў, што падчас разгону акцыяў пратэсту сілавікі мэтанакіравана палявалі на супрацоўнікаў мэдыя. Ён апісаў у Facebook гісторыю свайго затрыманьня АМАПам, зьдзекаў і зьбіцьця ў ноч 11 жніўня, калі ён ад удараў страціў прытомнасьць.

Юры Шамшур пацьвердзіў Свабодзе, што гэта ягоны допіс. Допіс зьявіўся праз 12 дзён пасьля падзеяў, — пасьля таго як Лукашэнка заявіў на мітынгу ў Горадні пра пастановачны характар фота пабояў АМАПам удзельнікаў дэманстрацыяў.

11:40 23.8.2020

Віцебскі лекар Уладзімер Мартаў: сілавікі зрабілі злачынства. Дзе рэакцыя пракуратуры, СК?

Загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімер Мартаў выступіў з заявай аб тым, што ён думае пра сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў: «Міністар Караеў выгадаваў і цяпер пакрывае злачынцаў»

11:09 23.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская: «Пераломны момант ужо наступіў»

У відэаінтэрвію балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS вечарам 22 жніўня Сьвятлана Ціханоўская сказала, што беларусы ўжо ніколі ня будуць такія, як раней.

«Калі вам здаецца, што ўсё заціхне, то гэтага ня здарыцца. Таму што нашы людзі прачнуліся, і яны ўжо ня змогуць жыць з гэтай уладай, якую яны не прымаюць, якую не ўспрымаюць, якой ніколі не прабачаць і не забудуць усіх тых здачынстваў, якія яна зьдзейсьніла», — заявіла Ціханоўская, адказваючы на пытаньне, што будзе зь беларускімі пратэстамі далей.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG