Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020
Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020

13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»

Што адбываецца ў Беларусі на трынаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і брутальнага гвалту сілавікоў.

18:05 21.8.2020

Энэргетыкі Горадні зьвярнуліся з пэтыцыяй да ўладаў

Калектыў «Гроднаэнэрга» зьвярнуўся да кіраўніцтва свайго прадпрыемства, гораду і вобласьці з пэтыцыяй, пад якой падпісаліся 668 чалавек. У звароце энэргетыкі паведамілі, што заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі пасьля выбараў 9 жніўня і не прызнаюць вынікі выбараў. Яны патлумачылі, што ня могуць далучыцца да агульнанацыянальнага страйку, бо ад іхных рашэньняў залежыць функцыянаваньне сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня грамадзянаў і працы ўсіх галінаў гаспадаркі, але выказалі салідарнасьць з удзельнікамі мірных пратэстаў.

Энэргетыкі выклалі шэраг патрабаваньняў да ўладаў:

  • правесьці новыя сумленныя выбары прэзыдэнта,
  • спыніць гвалт і незаконныя затрыманьні ў дачыненьні да мірных грамадзянаў,
  • вызваліць усіх незаконна затрыманых і палітвязьняў,
  • пакараць тых, хто затрымліваў і біў зьняволеных.
17:53 21.8.2020

Апошні нумар «Народнай волі» ня выйшаў з друку

Галоўны рэдактар газэты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч абураны адмовай Беларускага дому друку аддрукаваць апошнія нумары ягонай газэты і «Комсомольскай правды в Беларуси», прысьвечаныя палітычнаму крызісу ў Беларусі, міліцэйскаму гвалту і мітынгам праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Фармальна ў Беларускім доме друку прычынай нявыхаду газэт называюць паломку друкарскага абсталяваньня.

«Да нас масава зьвяртаюцца чытачы, пытаюць, як можна прачытаць сьвежы нумар, бо друкарні адмовілася яго друкаваць і ён ня трапіў у шапікі і падпісчыкам — фармальна з тэхнічнай прычыны. Вядома, мы абураныя гэтай сытуацыяй, але ў кожным разе газэта знойдзе дарогу да чытачоў», — сказаў Ёсіф Сярэдзіч Свабодзе.

А пакуль што апошні, 66-ты нумар выданьня даступны ў інтэрнэт-архіве газэты ў фармаце ПДФ, паведаміў ён.

17:44 21.8.2020

У Гомлі затрымалі настаўніцу — выносіла сьмецьце і зьнікла

У Гомлі невядомыя, імаверна, міліцыянты, затрымалі настаўніцу Іну Барысенку. Паводле яе дачкі Тацяны, маці панесла на вуліцу сьмецьце і зьнікла.

«Гэта было недзе каля 13.30. Маці панесла сьмецьце, у хатнім адзеньні, і не вярнулася. Я чакала, думала, мо з суседзямі размаўляе. Але прайшло дваццаць хвілін — а яе няма. Я выйшла на вуліцу — нідзе нікога. Праз хвілін дваццаць маці патэлефанавала і сказала, што яна ў Цэнтральным РАУС», — сказала Тацяна.

Яна дадала, што маці хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Гомлі і давала інтэрвію незалежным СМІ. Цяпер дачка стаіць пад РАУС, але міліцыянты адмаўляюцца даць ёй інфармацыю, што з маці і калі яна выйдзе.

17:36 21.8.2020

Майдан ці ўсё ж не? Як СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны расказваюць пра падзеі

Тэлеканал «Настоящее время» (праект Радыё Свабода / Свабодная Эўропа) прааналізаваў, як мэдыя трох краін пішуць пра падзеі ў Беларусі.

  • «Тое, што адбываецца ў апошнія дні ў Беларусі. Ці ёсьць шанец, што гэта ператворыцца ў нешта накшталт украінскага Майдану?» (Zaxid.net, Украіна)
  • «Усе гэтыя сцэнары беларускія пісаліся на ўзор украінскіх падзеяў» («Россия 24», Расея).
  • «Той жа сцэнар, які пракруцілі ва Ўкраіне тады, добра прасочваецца ўжо цяпер у нашай краіне» («Беларусь 1», Беларусь).

Беларусь (дзяржаўныя СМІ): спроба каляровай рэвалюцыі

У беларускіх СМІ вызначэньня «Майдан» унікаюць. Незалежныя мэдыя імкнуцца не падаграваць радыкалізацыі пратэсту, на дзяржаўных тэлеканалах проста баяцца прызнаць, што падобнае можа здарыцца ў краіне, — бо яшчэ шэсьць гадоў таму Аляксандр Лукашэнка заяўляў: такога, як ва Ўкраіне, ён ніколі не дапусціць. Таму, пэрыядычна ўспамінаючы прыклад суседзяў, на дзяржтэлеканалах гавораць пра каляровыя рэвалюцыі ў агульным (пра лялькаводаў, падбухторнікаў, мэтадычкі і сакральныя ахвяры).

  • «Мы назіраем спробу пракруціць чарговы сцэнар каляровай рэвалюцыі на постсавецкай прасторы» («Беларусь 1», Беларусь).
  • «Тэхналёгіі каляровых рэвалюцыяў» (АНТ, Беларусь).
  • «У цяперашняй беларускай сытуацыі наўпрост замяшаныя вонкавыя сілы» («Беларусь 1», Беларусь).
  • «Ёсьць праграма, ёсьць рэжысэры» (АНТ, Беларусь).
  • «Пэўным сілам можа быць выгадна падбухторваць да страйку» (ОНТ, Беларусь).
  • «Страйкі — гэта мэтад расхістаць ўладу ў Беларусі, гэта перш за ўсё. Гэта другі пункт мэтадычкі каляровых рэвалюцыяў» (СТВ, Беларусь).
  • «На акцыях нас і нашых дзяцей выкарыстоўваюць як гарматнае мяса» (ОНТ, Беларусь).

Расея: зноў Майдан

Значна вальней з цэтлікам «Майдан» абыходзяцца на фэдэральных тэлеканалах Расеі. З самага пачатку вулічных пратэстаў кажуць пра дэжавю, пра агульныя сцэнары і славутыя заходнія мэтадычкі.

  • «Усё выбухала, грукатала. Адчуваньне было, што знаходзісься на вуліцы Інстытуцкай або Грушэўскага ў Кіеве. Вядома, паралеляў з Майданам напрошваецца вельмі шмат» («Звезда», Расея).
  • «Супраць праваахоўнікаў выкарыстоўваліся ну тыя ж самыя мэтады, як і на кіеўскім Майдане» («Россия 1», Расея).
  • «Вось усё ідзе пакуль што паводле сцэнара кіеўскага Майдану. Усё абсалютна» (Першы канал, Расея).
  • «Паводле абсалютна заходніх мэтадычак» («Россия 1», Расея).
  • «Літаральна па мэтадычцы Джына Шарпа» («Звезда», Расея).

Украіна: падобна, але не Майдан

На падабенства пратэстаў зьвяртаюць увагу і ва Ўкраіне.

  • «Людзі з пабітымі тварамі, ліецца кроў — як гэта было на Майдане, на вуліцы Грушэўскага» («Еспресо», Украіна).
  • «Улады... звозяць бюджэтнікаў і арганізоўваюць пастановачныя акцыі ў падтрымку Лукашэнкі.... Гэта ў іх такі мясцовы анты-Майдан. Паралелі напрошваюцца самі сабой» (24 канал, Украіна).
  • Вельмі падобна на Майдан, але ўсё-такі ня ён — прыходзяць да высновы большасьць мэдыя. Занадта ўжо адрозьніваюцца беларусы ад украінцаў.
  • «Пастаянна гучыць параўнаньне з Майданам. Ну нельга. Мы настолькі розныя краіны. Зусім розныя» (5 канал, Украіна).
  • «У чым розьніца паміж Украінай і Беларусьсю. У нас пратэсты — быў Майдан, а ў іх цяпер, у Беларусі, пратэсты перарасьлі ў страйкі. У нас страйкаў не было. Прынамсі гэта» («НАШ», Украіна).
  • «Пытаньне ў тым, што менавіта лічыць Майданам. Калі казаць пра стварэньне нейкай нацыянальнай ідэі, пра пошук нацыянальнай ідэнтычнасьці, як гэта было ў нас, пра нейкі геапалітычны выбар у бок Эўропы, то, зразумела, гэта зусім іншая гісторыя» (Zaxid.net, Украіна).
17:32 21.8.2020

«Па матывах сумленьня». Рапарт аб звальненьні падаў пракурорскі работнік з Менску

21 жніўня рапарт пра звальненьне падаў памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску Яўген Бабак. «Зь меркаваньняў сумленьня. P.S. Перастаньце рабіць зь мяне героя», — напісаў пад пастом у Інстаграм з фатаздымкам рапарту аб звальненьні і пасьведчаньнем работніка пракуратуры.

Як высьветліла «Наша Ніва», Яўген Бабак да звальненьня спрабаваў завесьці крымінальную справу па факце зьбіцьця матацыклістаў людзьмі ў форме супарцоўнікаў ДАІ ў менскім мікрараёне Ўручча.

17:25 21.8.2020

Затрымалі аднаго з «дыджэяў пераменаў»

21 жніўня зноў затрымалі Ўлада Сакалоўскага, аднаго з «дыджэяў пераменаў», якія 6 жніўня на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім сквэры ў Менску песьню Цоя «Перемен», паведамляе Tut.by са спасылкай на ягонага адваката.

Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў атрымалі за гэту акцыю 10 сутак арышту, якія правялі ў ізалятары на Акрэсьціна. Яны выйшлі на волю 16 жніўня.

17:01 21.8.2020

Геаграфія выбараў: У якіх пратэставых гарадах незалежны падлік галасоў выявіў найбольшую анамалію

Свабода ўважліва праглядзела вынікі незалежнага падліку галасоў ад плятформаў «Голас», zubr.in і ініцыятывы «Честные люди».

Дзякуючы сумеснай працы платформаў «Голас», zubr.in і «Честные люди» ўдалося атрымаць і апрацаваць выніковыя пратаколы з 1310 выбарчых участкаў сярод 5767 па ўсёй Беларусі. У афіцыйных пратаколах 1 875 998 выбарнікаў, што складае 32,2% ад 5 818 955 тых, хто прагаласаваў.

У тых 1310 выніковых пратаколах, якія атрымалі ініцыятывы, Сьвятлана Ціханоўская набрала 81% галасоў. Але дадзеныя Цэнтравыбаркаму зусім іншыя, паводле іх 80% набраў Аляксандар Лукашэнка па ўсёй краіне. Глядзім, дзе зьвесткі разышліся найбольш.

Жабінка

На ўчастку для галасаваньня № 7, а гэта Жабінкаўскі цукровы завод, паводле ЦВК Аляксандар Лукашэнка перамог і набраў 880 галасоў. Але на плятформу «Голас» не прыйшоў ніводны сфатаграфаваны бюлетэнь за яго і ніводны голас. За Сьвятлану Ціханоўскую прыйшло 146 галасоў і 76 сфатаграфаваных бюлетэняў. Паводле камісіі, у яе толькі 72 галасы.

У якіх яшчэ гарадах афіцыйныя падлікі найбольш разышліся з дадзенымі незалежнага падліку, падрабязна чытайце па спасылцы.

16:57 21.8.2020

За выкананьне злачыннага загаду — крымінальная адказнасьць. Артыкул 40 КК РБ

Ці будуць пакараныя службовыя асобы, які выдавалі злачынныя загады жорстка затрымліваць людзей, катаваць і зьдзекавацца зь іх у пастарунках? Ці адкажуць тыя, хто выконваў злачынныя загады? Адвакат Дзьмітры Гарачка мяркуе, што гэта магчыма.

Паводле арт. 40 Крымінальнага кодэксу Беларусі, асоба, якая зьдзейсьніла наўмыснае злачынства, падпарадкаваўшыся загаду, нясе за гэта крымінальную адказнасьць на агульных падставах. Адмова ад выкананьня злачыннага загаду не караецца крымінальнай адказнасьцю. Першы пункт арт. 40 кажа, што крымінальную адказнасьць за прычыненьне шкоды нясе той, хто выдаў незаконны загад:

«Не зьяўляецца злачынствам прычыненьне шкоды інтарэсам, якія ахоўвае гэты Кодэкс, асобаю, якая дзейнічае, выконваючы абавязковы для яе загад ці распараджэньне, выдадзеныя ўстаноўленым чынам. Крымінальную адказнасьць за прычыненьне такой шкоды нясе асоба, якая выдала незаконны загад ці распараджэньне».

Даказаць, што загад быў у вуснай форме, цяжка, але магчыма, кажа адвакат Дзьмітры Гарачка. Далей чытайце па спасылцы.

16:29 21.8.2020

Акцыя салідарнасьці ў Ерусаліме

16:13 21.8.2020

Лукашэнка заявіў, што супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі замежных цэнтраў сіл

Супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі цэнтраў сіл, дзе аселі «ўрады ў выгнаньні». Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 жніўня, наведваючы агракамбінат «Дзяржынскі», паведамляе БелТА.

«Каардынацыйная рада — гэта прыгожая назва. За мяжой сёньня, па-мойму, ужо пяць урадаў у выгнаньні», — адзначыў Лукашэнка.

Адным з такіх цэнтраў сіл кіраўнік Беларусі назваў Валера Цапкалу, які цяпер у Варшаве. «І ён сьмелы, робіць заявы з Варшавы. Вось гэта адзін з „урадаў“», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка таксама сказаў, што Сьвятлана Ціханоўская выехала за мяжу «не безь яго ўдзелу». «Па яе просьбе. Яна нармальная жанчына, любіць сваіх дзяцей. Але яе кінулі на папялішча, і яна сёньня топчацца на гэтых галавешках. Яе аблыталі, ахуталі Міністэрства замежных спраў (Літвы. — БелТА), спэцслужбы, яна ўжо пачала рабіць заявы. Вось яшчэ адзін цэнтар. Я проста не хачу пералічваць — яны ад Амэрыкі да Варшавы», — адзначыў ён.

«Вы можаце мяне асуджаць ці не асуджаць, але пакуль я прэзыдэнт, я буду праводзіць жорсткую палітыку на стабілізацыю абстаноўкі ўнутры краіны», — сказаў Лукашэнка рабочым агракамбінату.

15:54 21.8.2020

Лукашэнка: запрошаных расейскіх журналістаў аплочвае Расея

Аляксандар Лукашэнка сёньня, размаўляючы з работнікамі агракамбінату «Дзяржынскі», пракамэнтаваў прыезд у Белтэлерадыёкампанію журналістаў з Расеі, паведамляе БЕЛТА.

Лукашэнка растлумачыў, што запрасіў расейскіх журналістаў пасьля таго, як некаторыя з супрацоўнікаў тэлекампаніі, «якіх ён на руках насіў», «выскачылі на вуліцы і пачалі мітынгаваць». Лукашэнка зазначыў, што тых, хто захацелі сысьці, не ўгаворвалі застацца: «Што толку, што ты яго сёньня ўтрымаў, угаварыў, а ён усё роўна будзе кукіш у кішэні насіць».

У той жа час, паводле Лукашэнкі, ён гатовы прыняць журналістаў назад: «Я папрасіў расейцаў: дайце нам 2-3 групы журналістаў на ўсялякі выпадак. Гэта 6 або 9 чалавек з самага прасунутага тэлебачаньня, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – І наша моладзь хай паглядзіць, як працуюць. Слухайце, гэтыя яшчэ 2-3 групы не прыехалі, а палова тых, якія посьціліся і бегалі вакол Белтэлерадыёкампаніі, – назад. Я кажу: ну добра, сёньня возьмем назад. Хто заўтра сыдзе – не прымаем».

Ён заявіў, што запрасіў адну групу расейскіх журналістаў у прэзыдэнцкі пул. Пры гэтым расейскім журналістам нібыта Беларусь грошы ня плаціць, а фінансуюць іх з Расеі:

«Мы расіянам ня плацім наогул. Слухайце, няўжо я для 6 або 9 чалавек не знайду ў Расеі сяброў, якія падтрымаюць гэтых людзей?»

Лукашэнка дадаў, што дастаткова спэцыялістаў у гэтай сфэры, у тым ліку ў суседніх краінах, і іх пры неабходнасьці можна прыцягнуць на працу.

15:52 21.8.2020

У Беларусі афіцыйна заблякавалі онлайн-плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў і дзясяткі проксі-сэрвісаў

У Беларусі абмежавалі доступ да онлайн-плятформаў «Голас» і Zubr.in, паведамляе Tut.by са спасылкай на афіцыйны сайт БелДІЭ.

Сайты гэтых онлайн-ініцыятыў патрапілі ў сьпіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь» 21 жніўня. Сьпіс з такімі рэсурсамі недаступны для прагляду звычайнымі карыстальнікамі, але даступны для інтэрнэт- і хостынг-правайдэраў. У адным з іх нам пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

Акрамя таго, у сьпіс абмежаванага доступу паводле рашэньня Міністэрства інфармацыі ўнесьлі некалькі дзясяткаў проксі-сэрвісаў, з дапамогай якіх падчас адсутнасьці доступу да інтэрнэту 9-11 жніўня некаторыя карыстальнікі ажыцьцяўлялі доступ да папулярных мэсэнджэраў.

«Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра». Стваральнік плятформы «Голас» упершыню назваў сваё імя

20 жніўня «Голас» разам з ініцыятывай «Честные люди» апублікавалі прамежкавыя вынікі альтэрнатыўнага падліку галасоў. Зь іх можна зрабіць выснову, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

15:35 21.8.2020

Пуцін абмеркаў сытуацыю ў Беларусі з Саветам бясьпекі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 21 жніўня правёў нараду з Саветам бясьпекі, абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт Крамлю.

Пуцін «грунтоўна праінфармаваў удзельнікаў нарады аб сэрыі тэлефонных міжнародных кантактаў, якія адбыліся на гэтым тыдні. Акцэнтаваная непрымальнасьць якога заўгодна ўмяшаньня звонку ў справы рэспублікі і безальтэрнатыўнасьць урэгуляваньня ўсіх ўнутрыбеларускіх праблемаў кіраўніцтвам гэтай краіны ў дыялёгу зь яе грамадзянамі».

Ці лічыцца недапушчальным умяшаньнем запрашэньне на БТ тэлевізійнікаў з Расеі, не ўдакладняецца.

15:32 21.8.2020

Лукашэнка пра Купалаўскі тэатар: будзе поўная свабода і рынкавыя адносіны

Аляксанадр Лукашэнка, размаўляючы з працоўным калектывам агракамбіната «Дзяржынскі», выказаўся аб сытуацыі вакол Купалаўскага тэатра, паведамляе БелТА.

«Цяпер яны спрабуюць напісаць нейкія заявы. А я думаю: яны хацелі свабоды, у іх лёзунг быў „Свабода. Рынак“. Я ім зараз прадстаўлю (і прадставіў ужо) поўную свабоду. Ёсьць калектыў, заяўляйце ў Амэрыку, што прывязеце туды спэктакль, едзьце туды і стаўце спэктакль. Вам заплацяць даляр — падзяліце, заплацяць тысячу даляраў — тысячу падзяліце. Ня прымуць вас — ну, гэта ж рынак. Зьезьдзіце ў Расею, пастаўце спэктакль. То бок, поўная свабода, лётайце, стаўце спэктаклі. Мы не будзем у гэта ўмешвацца. І рынкавыя адносіны: колькі зарабілі, столькі і атрымаеце», — выказаўся Лукашэнка.

Ён дадаў, што дзяржава датуе сфэру культуры, у тым ліку тэатральныя калектывы, але цяпер будзе «поўная свабода і рынкавыя адносіны». «Што хацелі, то і арганізуем ім», — дадаў ён.

15:09 21.8.2020

Лукашэнка пацьвердзіў, што запрасіў на БТ расейцаў

«6 ці 9 чалавек», замест тых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія «выскачылі на вуліцы і пачалі мітынгаваць», — перадае ягоныя словы БелТА. Таксама ён прыгразіў страйкоўцам «Беларуськалія», што на іхнае месца чарга, а калі ў штрайкбрэхеры ня пойдуць беларусы, то запросяць беспрацоўных украінцаў.

14:57 21.8.2020

Менск, плошча Перамогі. Жанчыны зноў выйшлі на вуліцу, каб стаць у «ланцуг салідарнасьці»

14:56 21.8.2020

«Дадзена каманда зьверху»

Са Сьледчага камітэту пасьля допыту выйшаў Сяргей Дылеўскі, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, а таксама кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага заводу/

Ён праходзіць сьведкам у крымінальным артыкуле аб «захопе ўлады».

«На маю думку, няма складу злачынства. Няма чаго абмяркоўваць, — сказаў Дылеўскі. — Дадзена каманда зьверху разабрацца зь нязгоднымі».

Ён знаходзіўся ў Сьледчым камітэце ад 11-й гадзіны. Раней з СК выйшаў Максім Знак. Ён адмовіўся ад падрабязных камэнтароў, бо мае падпіску аб неразгалошваньні.

14:53 21.8.2020

Павал Латушка адказвае на пытаньні Свабоды

14:52 21.8.2020

МАЗ паказальна звальняе самых актыўных страйкоўцаў

Самых актыўных удзельнікаў страйкавага руху ўжо пачалі звальняць. Дзевяць работнікаў МАЗа атрымалі распараджэньні аб скасаваньні іх працоўных кантрактаў, паведамляе «Онлайнер».

14:52 21.8.2020

«Выходи из машины, животное». Як затрымалівалі кіроўцаў у ноч пратэстаў

Падчас мірных акцыяў пратэстаў у Беларусі затрымлівалі ня толькі мітынгоўцаў, але і тых, хто ехаў на машыне. На відэа бачна, як людзі ў форме затрымліваюць кіроўцаў машын, якія едуць па горадзе. Па машынах стралялі зь невядомай зброі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG