Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020
Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020

13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»

Што адбываецца ў Беларусі на трынаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і брутальнага гвалту сілавікоў.

14:51 21.8.2020

Больш за 3 тысячы работнікаў «Нафтану» за адстаўку Лукашэнкі, але страйк пад пытаньнем

Подпісы зьбіралі 18–20 жніўня. Усяго ў галасаваньні ўдзельнічалі 3500 чалавек (агульная колькасьць работнікаў ААТ з «Нафтанам» і «Палімірам» — блізу 10 тысяч). Зь іх за адстаўку Лукашэнкі выказаліся 3238, за адстаўку ЦВК зь Ярмошынай — 3403, за вызваленьне палітвязьняў і затрыманых — 3415. Практычна ўсе згодныя і з астатнімі трыма пунктамі патрабаваньняў.

Аднак пра страйк актывісты ўжо не заяўляюць і просяць «гарачыя галовы» астыць. Прадстаўнікі заводу запэўніваюць, што ў выніку перамоваў з рабочымі бакі прыйшлі да паразуменьня — не рабіць «пасьпешлівых крокаў».

14:50 21.8.2020

«Народ мае права сябе абараняць». Ці могуць рабочыя страйкаваць законна?

На гэтае пытаньне Свабоды адказалі лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і юрыстка Алена Яськова.

14:50 21.8.2020

«Да стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі». Украіна ўзмацніла ахову украінска-беларускай мяжы

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна ўзмацніла ахову ўкраінскай дзяржаўнай мяжы напярэдадні сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.

14:49 21.8.2020

Новы кліп песьні Анжалікі Агурбаш складаецца з кадраў пратэстаў у Беларусі. ВІДЭА

14:03 21.8.2020

Па Менску зноў езьдзяць машыны без нумароў зь дзяржаўнымі сьцягамі

Фота чытача

14:01 21.8.2020

Пад Белдзяржфілярмоніяй сёньня зноў гучыць «Пагоня»

13:14 21.8.2020

Аўстрыя. Акцыя салідарнасьці сёньня ў Вене

13:14 21.8.2020

The Guardian Weekly адзначае змаганьне беларускіх жанчын за перамены

Брытанскі тыднёвік The Guardian Weekly прысьвяціў вокладку свайго выданьня з датай 21 жніўня пратэстам у Беларусі. Загаловак на вокладцы – «Сіла кветак. Жанчыны кіруюць рухам Беларусі да пераменаў».

13:13 21.8.2020

Пад Купалаўскім тэатрам сьпяваюць «Край ты мой, край» і «Ня быць скотам»

Больш за 100 чалавек каля Купалаўскага тэатру сёньня сьпяваюць патрыятычныя песьні. Сярод прысутных акторы тэатра, музыка Сяржук Доўгушаў, опэрная дзіва Маргарыта Ляўчук.

13:07 21.8.2020

Сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак выйшаў са Сьледчага камітэту пасьля допыту

21 жніўня яго выклікалі на допыт паводле крымінальнага артыкулу 361 за спробу «захопу дзяржаўнай улады, а таксама прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

«Усё ў парадку, далі тлумачэньні, ёсьць падпіска аб невыдаваньні, канструктыўна пагутарылі. Адказаў на ўсе пытаньні, спадзяюся, гэтага хопіць, каб разабрацца ў сытуацыі​», — сказаў Максім Знак па заканчэньні допыту ў Сьледчым камітэце.

На пытаньне, ці не паўплывае допыт на працу Каардынацыйнай рады, Максім Знак адказаў, што сёньня працягне працаваць у звыклым рэжыме.

На допыце ў камітэце застаецца яшчэ адзін сябра рады, Сяргей Дылеўскі.

12:59 21.8.2020

Латушка зьняпраўдзіў «фэйкі» аб пазыцыі Каардынацыйнай рады да саюзу і мяжы з Расеяй

Сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка ў інтэрвію Свабодзе назваў фэйкамі публікацыі СМІ аб тым, што Каардынацыйная рада нібыта выступае супраць выхаду Беларусі з Саюзнай дзяржавы і ЭАЭЗ.

«Я такога не казаў, я казаў, што мы проста не разглядаем гэтых пытаньняў, гэтага няма ў парадку дня нашых дыскусій, у нас іншы парадак дня, унутраны. А то цяпер пачнуць гаварвыць, што мы нібыта прарасейскія. Мы прабеларускія», — заявіў ён.

Таксама Павал Латушка назваў фэйкамі заявы прэм’ера Рамана Галоўчанкі аб тым, што апазыцыя прапануе аднавіць мяжу з Расеяй і правесьці прымусовую беларусізацыю. Гэтыя пытаньні на Каардынацыйнай радзе не разглядаліся.

12:45 21.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская дала першую прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні

12:37 21.8.2020

Кіраўнік «Віцязя», які зьбіраў подпісы спартоўцаў супраць гвалту сілавікоў, зноў не выходзіць на сувязь

У пятніцу тэлефон кіраўніка гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандра Апейкіна зноў недасяжны, ягоны акаўнт у «Тэлеграме» выдалены.

14 жніўня гандбольны клюб «Віцязь» апублікаваў свой зварот «у сувязі з надзвычайнай сытуацыяй у краіне».

А кіраўнік клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін пачаў зьбіраць подпісы спартоўцаў. Пад лістом аб непрызнаньні вынікаў выбараў і асуджэньні дзеяньняў сілавікоў ужо падпісаліся больш за 250 спартоўцаў і супрацоўнікаў спартовай галіны, а таксама журналісты спартовых выданьняў.

Спартоўцы гатовыя ў выпадку ціску і пагроз адмовіцца ад выступаў за нацыянальную зборную Беларусі. Сярод падпісантаў Алена Леўчанка, Мікалай Казека, Вольга Мазуронак, Марына Арзамасава, Аляксандра Раманоўская, Дзьмітры Асанаў, Артур Удрыс, Эльвіра Герман і многія іншыя.

Спартоўцы дамагаюцца, каб іхны зварот апублікавалі на афіцыйным сайце Міністэрства спорту і турызму, але пакуль прэсавы сакратар ведамства Ўладзімер Несьцяровіч адказаў: «Без камэнтароў».

Аляксандар Апейкін, які зьбіраў подпісы спартоўцаў, у чацьвер перастаў выходзіць на сувязь. Позна ўвечары паведаміў, што зь ім усё ў парадку. Аднак у пятніцу тэлефон Апейкіна зноў недасяжны.

Свабода будзе сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.

12:36 21.8.2020

Экс-малатабоец і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзевятоўскі заявіў, што Лукашэнка — не ягоны прэзыдэнт

Старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што Аляксандар Лукашэнка — не ягоны прэзыдэнт.

У камэнтары парталу «Трыбуна» ён пацьвердзіў, што заява ягоная, акаўнт не ўзламалі. ​

«Мая ранейшая пазыцыя — гэта памылка. Гэта была здрада самому сябе. Гэта важна і ўсё відавочна. Я напісаў — і мне стала вельмі лёгка. Чаму вырашыў гэта напісаць? Таму што гэта праўда. Я сапраўды так думаю. Паверце, мне казаць цяпер гэта вельмі лёгка, стала значна лягчэй», — сказаў Вадзім Дзевятоўскі.

Раней Дзевятоўскі пасьлядоўна падтрымліваў Лукашэнку, дзякуючы таму за падтрымку спорту і стабільнасьць у краіне.

12:35 21.8.2020

БПЦ Маскоўскага патрыярхату папярэдзіла сьвятароў, каб ня бралі ўдзелу ў палітыцы

Беларуская праваслаўная царква заклікала духавенства ўстрымацца ад удзелу ў палітычным жыцьці, а паству — не паддавацца на правакацыі.

Падзеі апошніх дзён выклікаюць трывогу і сур’ёзную асьцярогу за далейшае захаваньне міру і ўзаемаразуменьня ў грамадзкім жыцьці Айчыны, заявіла Беларуская праваслаўная царква, падкрэсьліўшы, што ня можа застацца ў баку ад таго, што адбываецца, гаворыцца ў тлумачэньні Сінадальнага аддзелу стасункаў Царквы і грамадзтва.

«Мы нагадваем сьвятарам пра абяцаньне, дадзенае перад Богам, ня браць удзелу ў палітычным жыцьці грамадзтва, каб ня быць спакусай і прадметам падзелу людзей», — папярэджваюць аўтары.

Адзначаецца, што Праваслаўная царква лічыць непрымальным заклік да ўдзелу ці няўдзелу ў палітычных акцыях і рашуча асуджае ўсе віды гвалту, распальваньня нянавісьці і нецярпімасьці ў любы бок — няхай гэта лекары, міліцыя, пэдагогі, прадстаўнікі ўлады ці іншыя сацыяльныя групы.

Пры гэтым у дакумэнце выказваецца надзея на расьсьледаваньне кампэтэнтнымі органамі ўсіх абуральных выпадкаў жорсткасьці і зьмяшчаецца заклік да хутчэйшага аднаўленьня міру, адзінства і ўзаемаразуменьня.

12:35 21.8.2020

«Немагчыма працаваць, калі дзяржава выдае злачынныя загады». Першае звальненьне ў менскім тэатры імя Горкага

Акторка Менскага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Анастасія Шпакоўская напісала заяву аб звальненьні:

«Прашу звольніць мяне па згодзе бакоў 21 жніўня 2020 году ў сувязі зь немагчымасьцю працаваць у дзяржаўнай структуры ў сытуацыі, калі дзяржава выдае злачынныя загады ў дачыненьні да ўласнага народу».

Гэта першы выпадак падачы заявы на звальненьне ў гэтым тэатры, пра які стала вядома. Раней падалі заявы каля 100 супрацоўнікаў і актораў тэатру імя Янкі Купалы, пасьля таго як Мінкульт звольніў дырэктара гэтай установы Паўла Латушку.

12:10 21.8.2020

Качанава і Андрэйчанка пераконваюць Эўразьвяз, што перамог Лукашэнка

Старшыня Савету Рэспублікі Наталя Качанава і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка накіравалі звароты ў адрас старшыняў парлямэнтаў Эўразьвязу.

У пасланьні адзначана, што 9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, у выніку якіх прэзыдэнтам Беларусі абраны Аляксандар Лукашэнка. Выбары, падкрэсьліваюць Качанава і Андрэйчанка, прайшлі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь.

12:04 21.8.2020

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу адрэагаваў на крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады

Жузэп Барэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі, заклікаў беларускія ўлады спыніць крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады і пачаць дыялёг з апазыцыяй дзеля мірнага выхаду зь цяперашняга крызісу.

«Толькі мірны і дэмакратычны працэс можа забясьпечыць устойлівыя рашэньні. Важна, каб беларускія ўлады забясьпечылі ўмовы і бясьпечную прастору для дыялёгу. Каардынацыйная рада, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных частак беларускага грамадзтва, зьвярнулася да ўладаў з прапановай дыялёгу, а ўлады адказалі адкрыцьцём крымінальнай справы. Робячы гэта, беларускія дзяржаўныя органы зноў вярнуліся да запалохваньня, зыходзячы з палітычных матываў. (…) Мы чакаем, што беларускія ўлады спыняць крымінальную справу і замест гэтага будуць весьці дыялёг з мэтай мірнага выхаду з цяперашняга крызісу пры поўным захаваньні дэмакратычных і асноўных правоў беларускага народу», — заявіла Набіла Масралі, прэсавая прадстаўніца Жузэпа Барэля.

11:34 21.8.2020

Прэзыдыюм Каардынацыйнай рады зьбярэцца пасьля допыту ў Сьледчым камітэце двух яго чальцоў

«На сёньня заплянавана паседжаньне прэзыдыюма Каардынацыйнай рады — пасьля таго, як вернуцца з допыту Максім Знак і Сяргей Дылеўскі. Яны выкліканыя ў камітэт у якасьці сьведак», — паведамілі «Інтэрфаксу» у прэс-службе арганізацыі.

Сябра рады, звольнены з пасады дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка сказаў, што яго на допыт не выклікалі, і пацьвердзіў, што прэзыдыум Каардынацыйнай рады мае намер абмеркаваць бягучую сытуацыю.

«Пазыцыя нашых юрыстаў адназначная: у стварэньні і дзейнасьці рады няма складу супрацьпраўных дзеяньняў i злачынства. Адпаведна, няма падставаў для прыцягненьня яго чальцоў да адказнасьці», — сказаў Павал Латушка.

Між тым, як перадаюць тэлеграм-каналы, міліцыя перакрыла падыход да будынку Сьледчага камітэту на вуліцы Фрунзэ ў Менску перад прыездам на допыт двух чальцоў Каардынацыйнай рады. Туды прыйшлі шмат журналістаў і прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай.

Максіма Знака прысутныя сустрэлі аплядысментамі і задаволенымі воклічамі. Ён заклікаў іх не чакаць заканчэньня допыту, бо гэта можа заняць увесь дзень.

11:17 21.8.2020

Цапкала: Мы ня хочам украінскага сцэнару, мы ведаем вынік сваіх выбараў

На прэсавай канфэрэнцыі, якая праходзіць віртуальна на пляцоўцы Zoom, былы ўдзельнік выбарчай кампаніі Валер Цапкала заявіў, што беларусам трэба працягваць масавыя пратэсты і страйкі, каб улада слабела і любы сілавік ведаў, што існуе супрацьдзеяньне з боку народу і грамадзянскай супольнасьці — гэта будзе паралізоўваць уладу.

«Сытуацыя будзе разьвівацца як італьянскі страйк, калі чыноўнікі будуць старацца не рэалізоўваць загады, напрыклад як „падатак на дармаедаў“, ніхто з чыноўніукаў не захоча яго рэалізоўваць, калі Лукашэнка зноў яго прапануе», — мяркуе Цапкала.

На ягоную думку, Беларусь ужо ніколі ня будзе краінай, якой яна была дагэтуль, новавыбраным прэзыдэнтам ён лічыць Сьвятлану Ціханоўскую.

«Украінскі сцэнар мы ня хочам рэалізоўваць, там адбылася рэвалюцыя паза межамі электаральнага цыкла. У нас прайшлі выбары, мы ўсе ведаем іх вынік. Мы будзем далей ісьці па легімітызацыі перамогі Сьвятланы Ціханоўскай».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG