Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020
Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020

13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»

Што адбываецца ў Беларусі на трынаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і брутальнага гвалту сілавікоў.

11:17 21.8.2020

Адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалія» пасьля затрыманьня КДБ зьехаў ва Украіну

Пра гэта Свабодзе паведамілі ў страйкаме «Беларуськалія». Сам Кудзелевіч пакуль на сувязь не выходзіць.

Дзьмітры Кудзелевіч зьнік у першай палове дня 20 жніўня. Доўгі час яго месцазнаходжаньне не было вядомае. Позна ўвечары 20 жніўня Кудзелевіч пазваніў жонцы і паведаміў, што знаходзіцца ў бясьпецы, аднак дадому так і не вярнуўся. Некаторыя падрабязнасьці здарэньня ён патлумачыў у кароткім відэароліку, апублікаваным раніцай 21 жніўня.

У роліку Дзьмітры Кудзелевіч паведамляе, што яго затрымліваў КДБ, а таксама што спэцслужбы вельмі пільна сочаць за ўсімі крокамі страйкамаў на «Беларуськаліі». Па яго словах, у бліжэйшы час ён плянуе вярнуцца да працы ў страйкаме.

11:15 21.8.2020

«Гэта былі ваенныя дзеяньні». Пацярпелы ад сьвятлашумавой гранаты паказаў скалечаную нагу. ВІДЭА

35-гадовы Зьміцер Смаляк 10 жніўня стаў сьведкам абстрэлу мірных людзей каля мэтро «Пушкінская» ў Менску. У яго трапіла сьвятлашумавая граната. Неабыякавыя людзі падвезьлі мужчыну да шпіталя, дзе ён прабыў тыдзень.

10:50 21.8.2020

Галоўчанку могуць рыхтаваць на месца Лукашэнкі

Думка аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка.

Мяркуючы па актыўнасьці прэм’ера Рамана Галоўчанкі ў публічнай прасторы, якой ён раней ніколі не праяўляў, яго могуць рыхтаваць у якасьці замены Лукашэнку ў выпадку, калі сытуацыя цалкам выйдзе з-пад кантролю ўладаў і Лукашэнку давядзецца пакінуць пасаду.

У апошнія дні Галоўчанка выказваецца на тэмы, якія традыцыйна лічацца «не прэм’ерскімі» (кіраўнік ураду пры Лукашэнку — тэхнічная фігура), напрыклад пра статус беларускай мовы.

Паводле цяперашняй Канстытуцыі менавіта прэм’ер выконвае абавязкі прэзыдэнта ў выпадку ягонай адстаўкі ці немагчымасьці выконваць функцыі (раней быў сьпікер парлямэнту). Прыкметна, што ў афіцыйных СМІ ніколі такі варыянт не абмяркоўваўся, як, скажам, у СССР ніколі афіцыйна не дыскутавалася, хто зойме месцы Сталіна альбо Брэжнева.

Але цяпер Беларусь зьмянілася. Галоўчанка — крэатура сілавікоў, і ў гэтай якасьці ён задаволіць Маскву, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

10:49 21.8.2020

«Дактары кажуць, што з такімі ранамі ім не даводзілася працаваць, бо вайна даўно скончылася».

У Берасьці жанчына атрымала ад сілавікоў кулю ў жывот на сваім бальконе.

Увечары 10 жніўня жыхарка Берасьця Вольга Рыбакова стала сьведкай жорсткага затрыманьня людзьмі ў чорным маладога чалавека, на яе вачах ударылі і дзяўчыну. За тым, што адбываецца жанчына назірала з балькона сваёй кватэры на чацьвёртым паверсе шматпавярховага дому. У адказ на яе патрабаваньне спыніць гвалт у Вольгу стрэлілі гумовай куляй. Патрапілі ў жывот. Жанчыне зрабілі апэрацыю, яна ў шпіталі.

10:49 21.8.2020

Ня выйшлі з друку чарговыя нумары «Камсамолкі» і «Народнай волі»

Гэта ўжо трэці нумар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии», які ня даў рады выпусьціць Дом друку.

Раней «Камсамолцы» казалі, што прычына ў зламаным станку. Гэтым разам станок ня згадвалі.

Сёньня таксама ня выйшла з Дому друку газэта «Народная воля». Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла намесьніца галоўнага рэдактара газэты Марына Коктыш.

У апошнім нумары, які змог выпусьціць Дому друку на мінулым тыдні, «Камсамолка» расказала пра міліцэйскі гвалт па ўсёй краіне як да людзей, якія выйшлі на пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў, так і да выпадковых грамадзян. Той нумар раскупілі за лічаныя гадзіны, пісала «Камсамолка».

Чытачы паведамлялі рэдакцыі, што скупляюць нумары, каб раздаваць іх людзям.

З 2005 да 2008 году некаторыя незалежныя выданьні не прымалі ў друк, падпіску і распаўсюд у Беларусі. Газэты тады друкавалі ў расейскіх друкарнях, а разносілі па паштовых скрынях курʼерамі, а прадавалі праз прыватных гандляроў.

10:35 21.8.2020

Лідэр страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі прыйшоў да Сьледчага камітэту

10:17 21.8.2020

Паўла Латушку таксама сёньня выклікалі ў Сьледчы камітэт, паведаміў Onliner.

09:57 21.8.2020

У Сьледчы камітэт прыйшоў сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак

08:42 21.8.2020

Ціханоўская заклікала пашыраць забастоўкі

Яна сказала, што страйкоўцы напужалі дыктатуру і таму на іх ціснуць. Яна заклікала рабочых абʼяднацца і запэўніла іх у грамадзкай падтрымцы. Ціханоўская сказала, што забастоўкі — цалкам легальная і магутная зброя супраць рэжыму. Яна заклікала працягваць і пашыраць забастоўкі.


08:23 21.8.2020

«Першая хваля была як рэпэтыцыя». Кіраўнік страйкаму МТЗ лічыць, што будзе другая хваля забастовак. Сёньня яго выклікалі ў Сьледчы камітэт

Сяргей Дылеўскі, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, а таксама кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага заводу, расказаў, што будзе з нацыянальнай забастоўкай у Беларусі, журналісту «Настоящего Времени».

— Чаму ідэя масавай, маштабнай нацыянальнай забастоўкі неяк адышла на другі плян? Не падтрымалі яе масава?

— Яна не сышла на другі плян. Яна разьбілася аб нашае заканадаўства. 26 гадоў уціскаў, 26 гадоў заўсёднага страху прышчапіла беларускаму народу такую рысу як боязь усяго, боязь усяго новага. Вырасла цэлае пакаленьне людзей, пры якіх забастоўкі не было як такой, і яны яе баяцца. А тыя, хто старэйшыя, памятаюць забастоўкі 90-х гадоў, дэфіцыт прадуктаў, дэфіцыт грошай, калі няма чым накарміць сям’ю. Людзі і гэтага баяцца таксама.

Нягледзячы на тое, што вялізная колькасьць фондаў цяпер у Беларусі — беларуская супольнасьць ужо сабрала больш за мільён эўраў на дапамогу страйкоўцам — нягледзячы на гэта, людзі баяцца выходзіць адкрыта.

Думкай большасьці, каб не згасаў гэты рух, было вырашана дзейнічаць у рамках закону, у рамках заканадаўства. Мы цяпер афармляем юрыдычны бок, рыхтуем пакет дакумэнтаў, каб забастоўка была абсалютна легальнай з гледжаньня сучаснага закону. І як толькі мы гэта аформім, я думаю, пойдзе другая хваля забастовак. Першая хваля была больш яе рэпэтыцыя, а другая хваля ўжо [будзе сапраўдная].

У дачыненьні да толькі што створанай Каардынацыйнай рады Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу паводле артыкулу аб захопе ўлады. Сяргея Дылеўскага выклікалі на гутарку 21 жніўня аб 11 гадзіне ў Сьледчы камітэт.

— Пакуль у якасьці сьведкі. Мне позва не прыйшла — мне патэлефанаваў сьледчы з Цэнтральнага сьледчага камітэту і запрасіў на размову — нават не на допыт.

— Вы дапускаеце, што вы адтуль можаце ня выйсьці, што гутарка ператворыцца ў ваша затрыманьне?

— Ёсьць нейкая такая імавернасьць, я дапускаю такое завяршэньне гэтай гутаркі, але ў той жа час немагчыма чалавека запрасіць на размову, а потым арыштаваць бяз складу злачынства. У Беларусі магчыма ўсё, але я меў на ўвазе з пункту гледжаньня закону, а ня як яно ёсьць у рэчаіснасьці. Я разумею, што ў нас у краіне гэта розныя рэчы, але я адказваў менавіта з пункту гледжаньня закону.

08:23 21.8.2020

Беларускі Хэльсынскі камітэт патрабуе ад СК завесьці крымінальную справу за масавыя катаваньні людзей у Беларусі

Недзяржаўная правааабрончая арганізацыя «Беларускі Хэльсынскі камітэт» зьвярнулася ў Сьледчы камітэт з нагоды масавых катаваньняў, жорсткага абыходжаньня і гвалту з палітычных матываў у Беларусі.

Праваабаронцы патрабуюць

  • распачаць па фактах, выкладзеных у паведамленьні, крымінальную справу паводле арт. 128 КК Рэспублікі Беларусь («Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва»),
  • адхіліць падазраваных па справе ад пасадаў, бо застаючыся на пасадах, яны могуць перашкаджаць папярэдняму расьсьледаваньню і судоваму разбору справы, або працягваць займацца злачыннай дзейнасьцю,
  • не перашкаджаць адвакатам у іх прафэсійнай дзейнасьці, у тым ліку ў праве публічна рэагаваць на працэсуальныя парушэньні і працэсуальныя рашэньні ў ходзе правядзеньня папярэдняга расьсьледаваньня,
  • максымальна інфармаваць грамадзтва пра хаду расьсьледаваньня справы.

БХК адзначае, што ў Сьледчага камітэту ёсьць дакладныя і аб’ектыўныя дадзеныя, якія дазваляюць неадкладна завесьці крымінальную справу і прыняць усе магчымыя меры для яе эфэктыўнага і апэратыўнага расьсьледаваньня.

08:23 21.8.2020

«Магчыма, мы пераможам не адразу, але я веру, што неўзабаве вярнуся дадому». Дзяўчына Эдуарда Бабарыкі зьехала ва Ўкраіну

Аляксандра Зьверава, сябра ініцыятыўнай групы пры штабе экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і дзяўчына сына Віктара Бабарыкі Эдуарда, расказала ўкраінскаму парталу Bird in Flight, чаму зьехала ва Ўкраіну, чым займаецца цяпер і што плянуе рабіць далей.

08:22 21.8.2020

Amnesty International: Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады — абуральнае парушэньне свабоды выказваньня думак

Камэнтуючы паведамленьне аб тым, што Генэральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады для трансфэру ўлады, Брус Мілар, выканаўца абавязкаў дырэктара Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіў:

«Беларускія ўлады не спыніліся на затрыманьні тысяч пратэстоўцаў, катаваньнях зьняволеных і зьбіваньні журналістаў і лекараў. Цяпер яны абвінавачваюць мірных лідэраў апазыцыі ў тым, што тыя нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Гэта паказвае, наколькі далёка рэжым Аляксандра Лукашэнкі гатовы зайсьці ў імкненьні ўтрымаць уладу. Калі нешта і пагражае міру і бясьпецы ў Беларусі, то гэта менавіта гвалт уладаў у дачыненьні да ўласнага народу».

«Гэтыя падзеі зноў пацьвярджаюць, што ў Беларусі не дапускаюцца сумневы і крытыка ўраду Лукашэнкі. Гэта разьвейвае ўсё пазасталыя ілюзіі пра тое, што ўлады зацікаўленыя ў захаваньні правоў чалавека і забесьпячэньні вяршэнства права», — дадаў ён.

«Мы зноў заклікаем беларускія ўлады спыніць перасьлед мірных пратэстоўцаў і нагадваем ім пра іх абавязкі ў адпаведнасьці зь міжнародным правам паважаць права на свабоду выказваньня думак. Заява генпракурора напэўна абурыць пратэстоўцаў. Людзі ў Беларусі павінны мець магчымасьць выказваць свае погляды бяз страху пакараньня», — заявіў таксама Мілар.

08:20 21.8.2020

Ганна Канапацкая аспрэчыла вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Вярхоўным судзе

Гэта адбылося у другой палове дня 20 жніўня. Паведамленьне аб гэтым Ганна Канапацкая разьмясьціла ў сваім Фэйсбуку.

«Рэалізуючы права, дадзенае мне як кандыдату ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, працягваю працэдуру прызнаньня несапраўднымі выбараў прэзыдэнта, якія прайшлі 9 жніўня 2020 году. Падала адпаведную скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.

Грубае парушэньне палажэньняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага кодэксу пры прызначэньні і правядзеньні выбараў зьяўляецца безумоўнай падставай для прызнаньня іх несапраўднымі.

Перакананая, што прымальныя толькі негвалтоўныя законныя спосабы палітычнай барацьбы...»

XS
SM
MD
LG