У Купалаўскі тэатар увялі міліцыю, уваходы заблякавалі, міліцыя не прапускае актораў і супрацоўнікаў, якія падалі заявы на звальненьне, — паведаміў Свабодзе звольнены Міністэрствам культуры дырэктар тэатру Павел Латушка.
Частка работнікаў тэатру, якія павінны забясьпечыць ягонае функцыянаваньне як установы, не падавалі заяваў на звальненьне, іх пускаюць, кажа Латушка.
«Гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя, каб у ХХІ стагодзьдзі ва ўстанову культуры ўводзілі сілавікоў, аб якой свабодзе мастацтва і творчасьці можа быць гаворка ў такіх умовах... Але сто гадоў наш тэатар пражыў і будзе жыць далей, я ў гэтым перакананы», — сказаў Свабодзе Латушка.
Актор Купалаўскага тэатру Сяргей Чуб паведаміў Свабодзе:
«Учора новы дырэктар заключыў дамову з Дэпартамэнтам аховы МУС. І вось сёньня міліцыя ў сіняй форме блякавала ўсе ўваходы ў тэатар. Мяне асабіста груба выштурхалі з дзьвярэй, калі я пытаў, на якой падставе ўсё блякавана. Адмовіліся адказваць. Бела-чырвоныя-белыя сьцягі з будынку прыбралі.
Цяпер 20 актораў і супрацоўнікаў тэатру стаяць на вуліцы, абвешчаныя два выходныя дні. Пакуль нашы заявы не падпісаныя, то мы яшчэ фармальна ня звольненыя і маем права доступу. Нас ня могуць звольніць усіх разам. Цяпер мы рыхтуем сход прафсаюзу. Зразумела, што тэатар пакуль працаваць ня будзе.
Усяго было больш за сто заяваў на звальненьне, але і паловы хапіла б, каб паралізаваць працу. На паперцы на дзьвярах тэатру напісана, што у сувязі з санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй, вядзецца апрацоўка ўсіх памяшканьнях тэатру, і 19 ды 20 жніўня абвешчаныя як выходныя дні».
Паводле Сяргея Чуба, цяпер вядуцца праверкі памяшканьня тэатру, кабінэтаў і грымёрак, і супрацоўнікі хвалююцца, каб чаго не падкінулі.