Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9-ы дзень пратэстаў. Ціханоўская гатовая стаць нацыянальным лідэрам. Рабочыя на сустрэчы з Лукашэнкам: «Сыходзь!»

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гатовая стаць нацыянальным лідэрам. На Менскім заводзе колавых цягачоў, які ўзбунтаваўся 14 жніўня, адбылася сустрэча з Лукашэнкам. Рабочыя крычалі яму: «Сыходзь!» 

18:35 17.8.2020

Расейскі пісьменьнік: ва ўсіх выклікае захапленьне і зайздрасьць тое, як беларусы ўпэўнена, упарта і прыгожа бароняць сябе

Расейкі пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў у інтэрвію беларускай Свабодзе падзяліўся сваімі асьцярогамі адносна магчымага ўмяшаньня Расеі ў сытуацыю ў Беларусі і паразважаў пра палітычнае і культурнае значэньне беларускага супраціву дыктатуры.

Сьцісла

  • У нас ва ўсіх выклікае захапленьне і зайздрасьць тое, як беларусы ўпэўнена, упарта і прыгожа бароняць сябе
  • Варыянтаў расейскага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі шмат, і яны яшчэ ня вычарпаныя
  • Абсалютна перакананы, што вэнэсуэльскага сцэнару ў Беларусі ня будзе. Беларусы не вэнэсуэльцы, беларусы маюць нардычны, больш халодны тэмпэрамэнт, даўжэй цярпяць і больш адчайна самі гатовыя ісьці да канца
  • Падзеі ў Беларусі маюць велізарнае значэньне для Расеі, але там такога адзінства давядзецца дамагацца значна даўжэй.
  • Рэвалюцыя не нясе паляпшэньня побыту, яна нясе паляпшэньне самаадчуваньня
  • Перамога над Лукашэнкам будзе мець магутнае культурнае значэньне для Беларусі.

Інтэрвію цалкам чытайце па спасылцы.

19:04 17.8.2020

19:09 17.8.2020

На плошчы Незалежнасьці працягваюцца пратэсты

На плошчы Незалежнасьці ля Дому ўраду ў Менску працягваюць зьбірацца пратэстоўцы.

Ля помніка Леніну ў рэжыме «вольнага мікрафона» пачалі выступаць усе ахвотныя.

19:30 17.8.2020

«Рыхтавалі да вайны супраць свайго народу». Падпалкоўнік міліцыі расказаў, як рыхтаваліся да выбараў і зьбіцьця

«Ідэалягічная падрыхтоўка была такая: калі дзейная ўлада пацерпіць паразу, то кожнага з нас [супрацоўнікаў міліцыі] будуць вешаць на суках пры дарозе. Таму абараняць гэтую ўладу трэба любымі сродкамі і спосабамі». Партал tut.by запісаў аповед падпалкоўніка міліцыі зь Ліды, камандзіра роты Юрыя Махнача.

Яшчэ ў чэрвені яму ад намесьніка начальніка Лідзкага РАУС Дзяніса Аўраменкава паступіў загад разганяць мірны пікет у Лідзе. Туды выйшлі, паводле Махнача, мірныя людзі — пэнсіянэры, мужчыны, жанчыны зь дзецьмі і вазочкамі, якія нічога дрэннага не рабілі. Ён адмовіўся выконваць загад начальства, які, у сваю чаргу, прыйшоў зьверху, ад намесьніка начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Аляксандра Шастайлы.

«У Лідзе адбываліся страшныя рэчы: білі людзей на тэрыторыі РАУС, зьбівалі і катавалі ў аўтазаках, на мыйцы аўтатранспарту РАУС». Юры Іванавіч кажа, што гэта рабілі супрацоўнікі АМАПу Горадзенскага аблвыканкаму і супрацоўнікі Лідзкага РАУС. Цалкам чытайце па спасылцы.

19:44 17.8.2020

19:59 17.8.2020

У Магілёве зноў «ланцуг салідарнасьці». Давераная асоба Ціханоўскай заклікала пратэстоцаў не хадзіць на мітынг у падтрымку Лукашэнкі

У Магілёве людзі зноўку сталі ў «ланцуг салідарнасьці».

Каля паўтысячы чалавек сабраліся каля Магілёўскага гарвыканкаму. Частка патрабавала сустрэчы з «мэрам» Уладзімерам Цумаравым, але на той момант у будынку яго не было, бо скончыўся працоўны дзень.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП, былая давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай — Уладзімер Шанцаў заклікаў мясцовых пратэстоўцаў не хадзіць на мітынг у падтрымку Лукашэнкі, які арганізуе 18 жніўня аблвыканкам.

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

Сваю пазыцыю ён патлумачыў тым, што на мітынг на плошчы Леніна «згоняць» удзельнікаў прымусова, а тых, хто ня згодны з вынікамі выбараў і прыйдзе на мітынг, ідэолягі выкарыстаюць у прапагандысцкіх мэтах, каб паказаць свае посьпехі.

Шанцаў прапанаваў у адказ на праўладны мітынг арганізаваць свой ля гарвыканкаму. Частка пратэстоўцаў прапанову актывіста падтрымала.

20:00 17.8.2020

Штаб Ціханоўскай абяцае падтрымку страйкоўцам і сілавікам, якія звальняюцца

Штаб Святланы Ціханоўскай заяўляе:

1. Усім супрацоўнікам і вайскоўцам сілавых структур, якія звольніліся празь нежаданьне быць катамі свайго народу, будзе дадзеная магчымасьць аднаўленьня на службе. Іх грамадзянская пазыцыя ў гэтыя складаныя дні будзе ўлічвацца пры прыняцьці кадравых рашэньняў і прасоўваньня па службовай лесьвіцы ў новай, вольнай Беларусі.

2. Усе звольненыя праз удзел у страйках будуць адноўленыя на сваіх працоўных месцах, і ім, акрамя падтрымкі з фондаў дапамогі страйкоўцам і пацярпелым, будзе пакрыты страчаны заробак за кошт дзяржаўнага бюджэту.

3. Службовыя асобы органаў улады, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія маюць дачыненьне да супрацьпраўных звальненьняў страйкоўцаў, будуць абавязаныя кампэнсаваць усе выдаткі бюджэту на пакрыцьцё заробку звольненым удзельнікам страйкаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:06 17.8.2020

20:19 17.8.2020

Дзяржаўная тэлевізія Горадні ўключыла жывую трансьляцыю акцыі пратэсту ў цэнтры гораду

Мітынг на плошчы Леніна ў Горадні сабраў каля 10 тысяч чалавек. На патрабаваньні пратэстоўцаў выйшлі адказваць прадстаўнікі ўлады.

Са сцэны выступіў жыхар Пецярбургу Аляксей Абрамаў. Ён прыехаў у Горадню як турыст. Яго затрымалі на мінулым тыдні, калі ён ішоў па вуліцы ў вышыванцы. Па ягоных словах, яго шматкроць зьбівалі і катавалі. Знайшлі пры ім 200 даляраў і дапытвалі, нібыта ён некаму плаціў грошы, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.

Аляксей зьняў на сцэне вышыванку і паказаў вялікія сінякі на целе і руках. Яго трымалі ў зьняволеньні тыдзень і вызвалілі ўвечары 17 жніўня, пасьля таго як пратэстоўцы высунулі свае патрабаваньні да ўладаў.

20:30 17.8.2020

ВІЦЕБСК. Перамовы ўладаў з дэлегацыяй гараджан доўжацца больш за 3 гадзіны

Амаль тры гадзіны доўжацца перамовы прадстаўнікоў улады з дэлегацыяй гараджан у аблвыканкаме ў Віцебску. Некаторыя дэлегаты ўжо пачалі выходзіць. Па іх словах, перамовы ня маюць сэнсу.

Паводле Аляксандра Якушкова, актывіста «Народнай грамады», на сустрэчы прысутнічаюць старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў, прадстаўнікі УУС, Сьледчага камітэту, пракуратуры, а таксама прадстаўнік прэзыдэнта ў Віцебскай вобласьці і кіраўнік Віцебску Вадзім Заранкін. Да людзей прадстаўнікі ўлады так і ня выйшлі. Толькі ўзмацнілі ахову на ўваходзе.

Некалькі гадзінаў таму ля гарвыканкаму
Некалькі гадзінаў таму ля гарвыканкаму

20:47 17.8.2020

Некалькі тысяч чалавек сабралася ля сьцен Валадаркі

Некалькі тысяч чалавек прыйшлі ўвечары 17 жніўня да СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведамляе Tut.by.

Пляцоўка ля СІЗА на Валадарскага запоўненая цалкам. Па розных ацэнках, тут 5–7 тысяч чалавек. Яны стаяць на ходніках і праезнай частцы. ДАІ перакрыла рух. Усе ахвотныя выступаюць у рэжыме вольнага мікрафона. Людзі пэрыядычна скандуюць: «Выпускай!», «Лукашэнку ў аўтазак», «Ярмошыну ў турму», «Караева пад суд».

Сярод бел-чырвона-белых сьцягоў каля мікрафона быў таксама і сьцяг Эўразьвязу, але ўдзельнікі акцыі доўга скандавалі: «Прыбяры чужы сьцяг», і сіні сьцяг у выніку зьнялі.

Пасьля людзі калёнай рушылі ад СІЗА на вуліцы Валадарскага да ізалятара на завулку Акрэсьціна.

21:26 17.8.2020

У Жодзіне дырэктара мясцовага тэлеканалу звольнілі за «відэа з гвалтоўнымі разгонамі пікетаў»

У Жодзіне звольнілі кіраўніка «Тэлевізійнага Жодзінскага тэлеканалу» Эльшада Акберава «з прычыны трансьляцыі відэа з гвалтоўнымі разгонамі пікетаў і меркаваньняў замежных палітолягаў пра сытуацыю ў Беларусі», гаворыцца ў пратаколе агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Тэлевізійны Жодзінскі тэлеканал», піша Interfax.by.

У пратаколе пазначана, што на сходзе прысутнічалі два чалавекі, у руках якіх знаходзіцца статутны фонд ТАА. Яны аднагалосна пастанавілі адхіліць Акберава ад працы, а таксама спыніць вяшчаньне тэлеканалу і ўсіх сацыяльных сетак ад імя ТАА «Тэлевізійны Жодзінскі тэлеканал».

21:46 17.8.2020

ВІЦЕБСК. Сустрэча прадстаўнікоў улады і дэлегатаў ад гараджан доўжылася 4 гадзіны

У Віцебску завяршылася сустрэча прадстаўнікоў улады і дэлегатаў ад гараджан, яна доўжылася чатыры гадзіны. Са словаў Яўгеніі Пачэпкі, прадстаўніцы YMCA Belarus у Віцебску, нават здымачную групу дзяржаўных СМІ на сустрэчу не пусьцілі.

Яўгенія Пачэпка
Яўгенія Пачэпка

Дэлегатка кажа, што вельмі доўга абмяркоўвалі затрыманьні і дзеяньні сілавых структураў. У аблвыканкаме паведамілі, што загаду жорстка абыходзіцца зь людзьмі не давалі. Усе пытаньні адносна затрыманьняў гараджане змогуць задаць ад заўтра па гарачай лініі.

Пытаньні адносна выбараў мусяць быць накіраваныя ў ЦВК, патлумачылі ў аблвыканкаме. На Сяргея Сташэўскага, старшыню Кастрычніцкага выканкаму, які прымушаў выбарчую камісію перапісаць пратакол на карысьць дзейнага прэзыдэнта, падалі дзьве заявы ў пракуратуру. Вядзецца праверка.

У аблвыканкаме паабяцалі, што сустрэчы ў такім фармаце будуць адбывацца і надалей. Выхаду дэлегатаў дачакаліся 100–150 чалавек.

22:10 17.8.2020

Сьледчы камітэт зьняпраўдзіў інфармацыю пра пяць ахвяраў вулічных пратэстаў

Афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч заявіў БелаПАН, што зарэгістраваныя дзьве сьмерці: адна ў Менску і адна ў Гомлі, і «па абодвух выпадках сьледчыя разьбіраюцца».

Ён падкрэсьліў, што іншых выпадкаў сьмерці падчас масавых акцый у Беларусі не зарэгістравана. Калі грамадзяне альбо праваабарончыя арганізацыі валодаюць фактамі пра іншыя сьмерці, СК просіць іх зьвярнуцца ў яго тэрытарыяльныя органы альбо абласныя ўпраўленьні камітэту і расказаць пра гэта. «І мы неадкладна будзем з гэтым разьбірацца», — запэўніў Кабаковіч. Цалкам чытайце па спасылцы.

22:24 17.8.2020

Супрацоўніца «Нафтану» зачытвае патрабаваньні працоўных. ВІДЭА

17 жніўня супрацоўнікі наваполацкіх прадпрыемстваў «Нафтан» і «Палімір» сабраліся каля будынкаў заводакіраўніцтва, каб працягнуць дыялёг з начальствам.

Патрабаваньні працоўнага калектыву нафтаперапрацоўшчыкаў Наваполацку было даверана агучыць Вользе Брыцікавай, начальніцы аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў ААТ «Нафтан». Першым з гэтых патрабаваньняў была адстаўка Аляксандра Лукашэнкі. Цалкам чытайце па спасылцы.

22:28 17.8.2020

АБСЭ прапануе візыт у Беларусь для перамоваў з удзельнікамі супрацьстаяньня

«Афіцыйную прапанову аб візыце дзейнага старшыні АБСЭ, прэм’ер-міністра, міністра замежных спраў і па справах Эўропы Эдзі Рамы і будучага старшыні АБСЭ, міністра замежных спраў Швэцыі Ан Ліндэ накіравалі ўраду Беларусі для сустрэчы з урадам і прадстаўнікамі апазыцыі», — паведамілі ў прэс-службе АБСЭ.

«Мы паўтараем нашу занепакоенасьць правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, за якімі не магло назіраць Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, непрапарцыйным ужываньнем сілы ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў, масавымі затрыманьнямі і паведамленьнямі аб катаваньнях і злоўжываньнях сілавых структур. Для таго каб знайсьці дарогу наперад, неабходны адкрыты і канструктыўны дыялёг у Беларусі. АБСЭ гатовая падтрымаць яго і прыцягнуць да размовы ўсе бакі», — гаворыцца ў заяве ад імя цяперашняга старшынства Альбаніі ў АБСЭ.

22:45 17.8.2020

Мэркель не размаўляла з Лукашэнкам пасьля выбараў 9 жніўня

Пра гэта заявіў прэсавы сакратар нямецкага ўраду, паведамляе Reuters. Такім чынам, Бэрлін абверг заяву, якую зрабіў Аляксандар Лукашэнка сёньня раніцай. Выступаючы на МЗКЦ, ён сказаў: «Ужо ўчора тэлефануе Мэркель: „Я хачу паразмаўляць“. Гэтыя — Наўседа там і іншыя. „Мы хочам паразмаўляць“. Ня трэба мяне нахіляць ні з Захаду, ні з Усходу».

22:55 17.8.2020

Прэм’ер Польшчы паабяцаў Сьвятлане Ціханоўскай падтрымліваць беларусаў

Прэм'ер-міністар Польшчы Тадэвуш Маравецкі 17 жніўня правёў тэлефонную размову з кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай і выказаў падтрымку беларусам.

«Я гаварыў праз тэлефон са Сьвятланай Ціханоўскай. Я запэўніў, што беларусы маюць поўную падтрымку Польшчы як у імкненьні да свабоды сваёй айчыны, так і ў паўсядзённым жыцьці ў Польшчы. Сёння, праз 40 гадоў пасьля жнівеньскіх пагадненьняў (паміж прафсаюзам „Салідарнасьць“ і камуністычнымі ўладамі. — РС), нам зноў патрэбная гэтая салідарнасьць», — напісаў Маравецкі ў Твітэры.

22:56 17.8.2020

МЕНСК. Пратэстоўцы прыйшлі на Акрэсьціна

Каля 22-й гадзіны пратэстоўцы дайшлі да парку вакол ізалятара на Акрэсьціна, спыніліся і пачалі скандаваць: «Свабоду!», «Трыбунал», паведамляе Tut.by. Валянтэры папрасілі людзей супакоіцца, таму што «затрыманым будзе яшчэ горш».

Адзін зь лідэраў калёны сказаў, што многія з тых, хто прыйшоў, сядзелі на Акрэсьціна, і самым важным для іх былі словы падтрымкі. Калёна падтрымала яго і пачала скандаваць: «Свабоду!» і «Давай!». Да будынку ізалятара прапусьцілі прэсу.

Валянтэры казалі, што сюды мае пад'ехаць прадстаўніца абʼяднанага штабу Марыя Калесьнікава, але замест яе прыехала прадстаўніца штабу Ціханоўскай Вольга Кавалькова. Як сказала Кавалькова, ёй абяцалі, што да грамадзкасьці выйдзе прадстаўнік ізалятара, але так ніхто і ня выйшаў. Ёй толькі сказалі, што «тут няма палітычных зьняволеных».

Кавалькова выйшла да пратэстоўцаў і сказала, што ўначы «мы нічога ня зможам вырашыць», бо прадстаўнікі ізалятара і МУС не ідуць на кантакт, і прапанавала сабрацца на Акрэсьціна заўтра раніцай ці днём. Пратэстоўцы пачалі разыходзіцца.

23:15 17.8.2020

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пацьвердзіў БелаПАН адстаўку кіраўніка дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы Андрэя Бушылы.

Раней зьявіліся паведамленьні пра сыход Бушылы на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў. На яго старонцы ў «Фэйсбуку» 16 жніўня зьявіўся рэпост фатаграфіі з Маршу свабоды ў Менску.

Раней пра сваю грамадзянскую пазыцыю заявіў беларускі амбасадар у Славаччыне Ігар Ляшчэня.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG