МЗС Чэхіі: «Паўторныя выбары павінны адбыцца пад кантролем назіральнікаў»
Чэскі міністар замежных спраў Томаш Пэтршычак заявіў у інтэрвію Радыё Свабода:
«Пазыцыя Чэхіі ў тым, што паўторныя выбары павінны адбыцца, і яны павінны кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі».
Ён таксама сказаў, што вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль гатовы прыехаць у Беларусь.
«Мы просім Жузэпа Бурэля неадкладна пачаць перамовы зь беларускім рэжымам пра гэта. І спадар Бурэль сказаў нам, што гатовы ехаць у Менск, каб выказаць пазыцыю ЭЗ як беларускай грамадзкасьці, так і прадстаўнікам беларускага ўраду. Мы гатовыя зрабіць гэта. Наш прыярытэт — дамагчыся прамых перамоваў бакоў». Цалкам чытайце па спасылцы.
Эўракамісар Вархэі: санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі рыхтуюцца поўным ходам
Эўракамісар Эуразьвязу ў пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівер Вархэі даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода адразу пасьля паседжаньня кіраўнікоў МЗС краінаў ЭЗ. Галоўнае:
- Пастанова аб санкцыях Эўразьвязу супраць рэжыму ў Менску, магчыма, набудзе канчатковы варыянт на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў ЭЗ 27–28 жніўня ў Бэрліне.
- Эўракамісія створыць фонд для ахвяраў рэпрэсіяў.
- Эўразьвяз дашле ў Беларусь азнаямляльную місію, якая вывучыць сытуацыю на месцы. Зь вялікай верагоднасьцю выбары трэба будзе правесьці паўторна.
- Функцыянэры Эўразьвязу падтрымліваюць сталы кантакт зь беларускім МЗС.
Інтэрвію цалкам чытайце па спасылцы.
Крыптабіржа Пракапені вылучыць 100 тысяч даляраў на рэабілітацыю пацярпелых падчас пратэстаў
Крыптабіржа беларускага бізнэсоўца Віктара Пракапені currency.com вылучыць 100 тысяч даляраў у фонд пацярпелых падчас разгону вулічных пратэстаў, якія пойдуць на іх рэабілітацыю. Пра гэта IT-прадпрымальнік напісаў у Фэйсбуку.
Пракапеня паабяцаў, што ў бліжэйшыя дні будзе адкрытая магчымасьць ахвяраваць грошы пацярпелым для ўсіх кліентаў currency.com, а таксама заклікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы IT- і бізнэс-супольнасьць.
Нарада Лукашэнкі з чальцамі Савету бясьпекі.Галоўныя высновы ад палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча
1. Ён абсалютна ня хоча ні бачыць, ні чуць, што адбываецца ў краіне. Ніяк не заўважыў, што патрабуюць працоўныя калектывы. Паводле яго ацэнак, на вуліцах пратэстуюць падлеткі ва ўзросьце 16–17 гадоў, якія выйшлі з-пад кантролю бацькоў. Плюс панаехалі замежнікі з розных краін. І ўсё. Як ён упэўнены, насамрэч народу на вуліцах няма.
То бок ён ня толькі ня хоча размаўляць з народам, ён не прызнае ягонага існаваньня. У гэтую карціну сьвету дакладна кладуцца сёньняшнія высновы Цэнтральнай выбарчай камісіі.
2. Падчас вулічных сутыкненьняў пацярпелі ня мірныя жыхары, а супрацоўнікі АМАПу. Яны — галоўныя ахвяры. І гэтыя ахвяры прагнуць помсты.
3. Адсюль галоўная выснова: «Вы хочаце, каб я сядзеў і чакаў, пакуль Мінск дагары нагамі перакуляць? Дык мы потым не стабілізуем абстаноўку. Таму трэба спыніцца, узяць галаву ў рукі і супакоіцца. І даць нам навесьці парадак, разабрацца з тымі, хто прыехаў сюды».
Таму ніякага сцэнару вырашэньня канфлікту, акрамя сілавога, Лукашэнка ня бачыць. Гэта выразны сыгнал тым, хто пасьпяшаўся сьвяткаваць перамогу рэвалюцыі.
Фэнамэнальны прыклад палітычнай сьлепаты і глухаты. Цяжка знайсьці яшчэ падобныя прыклады, аналёгіі ў гісторыі.
БАБРУЙСК. Як страйкавалі супрацоўнікі «Белшыны». Відэа
«Лепш вам гэтага ня бачыць». Людзі расказваюць пра гвалт АМАПа і катаваньні на Акрэсьціна
Некалькі соцень чалавек выйшлі ў ноч з 13 на 14 жніўня з турмы на Акрэсьціна. Зьнясіленыя, зьбітыя людзі распавядалі, што зь імі адбывалася ў аўтазаках і РУУСах.
Выкладчыка Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона вызвалілі з турмы КДБ, — адвакатка
Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што яе падабароннага Стаса Гарэліка, дактаранта Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона, вызвалілі зь СІЗА КДБ.
Яго затрымалі 12 жніўня. Да Гарэліка ў кватэру ўварваліся спэцслужбы, правялі ператрус. Перад затрыманьнем ён пасьпеў патэлефанаваць бацьку і сказаць, што яму інкрымінуюць артыкул Крымінальнага кодэксу 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх». Цалкам чытайце тут.
Мэдычны цэнтар ЛОДЭ абяцае задарма дапамагчы затрыманым 9–14 жніўня
Такое рашэньне прыняў уласьнік і калектыў лекараў мэдцэнтру ЛОДЭ, пра што яны паведамілі ў Інстаграме. Колькасьць бясплатнай дапамогі вызначыць лекар паводле характару атрыманых чалавекам траўмаў.
«Мэдычны цэнтар „ЛОДЭ“ супраць гвалту ў любым яго выглядзе. Мы лечым чалавека, а не яго палітычныя погляды».
Мітынг ля Дому ўраду ў Менску і братаньне зь сілавікамі. ВІДЭА
Стыхійная акцыя пратэсту 14 жніўня каля Дому ўраду ў Менску доўжылася каля чатырох гадзін, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
Прыкладна ў 21.00, калі пачало цямнець, людзі запалілі ліхтарыкі на тэлефонах. Неўзабаве пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі пачалі скандаваць «Да заўтра!» і паступова разыходзіцца. У 21.15 каля Дому ўраду заставаліся лічаныя дзясяткі грамадзян. Праваахоўнікі нікога не затрымлівалі, толькі назіралі.
Страйкаваму руху не хапае «палітычнага крыла», — аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык
Ужо дзясяткі прадпрыемстваў краіны заявілі пра страйк, калёны ад некаторых менскіх заводаў рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці. Нягледзячы на тое, што, у адрозьненьне ад страйку 1991 году, калі вылучаліся як палітычныя, так і эканамічныя патрабаваньні, цяпер людзі патрабуюць толькі выкананьня палітычных умоваў: неадкладнага вызваленьня палітвязьняў, адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў. Пры гэтым ня бачна ўдзелу як «традыцыйнай», гэтак і «новай» апазыцыі — адрозна ад таго ж 1991 году, калі да рабочых зь першага дня далучыўся БНФ.
Гэта мае як станоўчы, гэтак і адмоўны бакі. Уладзе цяжка абвінаваціць страйкоўцаў у тым, што яны «марыянэткі палітыканаў». Аднак адсутнасьць каардынацыі і палітычнага досьведу можа прывесьці да таго, што «пара выйдзе ў сьвісток», калі, напрыклад, страйкоўцаў уцягнуць у бясконцыя перамовы з другараднымі чыноўнікамі і прымусяць задаволіцца выкананьнем мінімальных патрабаваньняў, як гэта і здарылася ў фінале красавіцкага страйку ў 91-м, — лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Тэлеграм-канал Nexta паведаміў пра крымінальную справу супраць свайго заснавальніка
Паводле дакумэнту аб вышуковай арыенціроўцы, на заснавальніка каналу Nexta Сцяпана Пуцілу (Сьвятлова) пачалі крымінальную справу па падазрэньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Паводле такіх абвінавачаньняў яму можа пагражаць да 15 гадоў зьняволеньня.
Мітынг у Горадні. Відэа з дрона
У Польшчы прайшла чарговая акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю
14 жніўня ў польскім горадзе Гданьску зноў зладзілі акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю.
«Ён мусіў жыць». Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на Пушкінскай падчас разгону, сям’я шукала двое сутак
Пра тое, што муж загінуў, жонка даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. 34-гадовы Аляксандар Тарайкоўскі загінуў на Пушкінскай позна ўвечары 10 жніўня. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада. Сваякі ў гэта ня вераць.
Па словах жонкі, 10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі.
«Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў сваю кватэру ў тым раёне, — апавядае жанчына. — Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне. У яго там кватэра побач».
Каля 22:30 Аляксандар пазваніў жонцы і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту сям’я ня мела аніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых.
У вэрсію, што муж загінуў ад выбуховай прылады, жанчына ня верыць. Цалкам чытайце па спасылцы.
ЖАБІНКА. Міліцыянты раздаюць удзельніцам акцыі белыя ружы. ВІДЭА
У Жабінцы да ўдзельніц «жаночага ланцуга салідарнасьці», якія выйшлі на акцыю зь белымі і чырвонымі балёнікамі, прыйшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі.
Адзін міліцыянт раздаваў жанчынам белыя ружы, дзяўчаты гучна віталі праваахоўнікаў, абдымаліся зь імі, давалі ім белыя балёнікі і дзякавалі за кветкі. Аўтамабілі, якія праяжджалі побач, падтрымлівалі ўдзельніц акцыі гучнымі сыгналамі.