Старшыня Рады БНР: Лукашэнка нічога не пачуў і нічога не зразумеў
Камэнтуючы для Свабоды апошнія падзеі ў Беларусі, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла сказала, што, мяркуючы па выступу Лукашэнкі, ён нічога не пачуў і нічога не зразумеў.
«Але адначасна я захоплена нашым народам, яго адвагай і адначасна тым, як ён цывілізавана ўсё робіць. Захопленая і рабочымі, жанчынамі ў белым, і ўсімі людзьмі, якія вырашылі, што хопіць цярпець».
Адносна катаваньняў на Акрэсьціна і ў іншых месцах Сурвіла сказала, што «ў Канадзе за такое паліцыянты і іх начальнікі пайшлі б пад суд, а пацярпелыя атрымалі б матэрыяльныя кампэнсацыі».
«Індывідуальныя санкцыі і дапамога ахвярам рэпрэсій». Вынікі перамоваў міністраў замежных спраў ЭЗ па Беларусі
Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус расказаў Радыё Свабода пра вынікі сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.
«У нас было некалькі канкрэтных прапановаў. Як і многія іншыя, я таксама прапанаваў увесьці мэтанакіраваныя індывідуальныя санкцыі супраць тых, хто фальсыфікаваў выбары, і тых, хто ўжываў празьмерную сілу — кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і АМАПу. Я б сказаў, большасьць падтрымала гэта, і Эўракамісія пачне тэхнічны працэс.
Тады я таксама прапанаваў стварыць фонд для ахвяраў рэпрэсій. Гэтая прапанова атрымала шырокую падтрымку, у тым ліку Эўракамісіі. Таму я спадзяюся, што мы распрацуем падрабязнасьці і ўмовы. (...) Хутчэй за ўсё, будзе арганізавана нейкая місія, каб паехаць у Менск і шукаць дадатковую інфармацыю пра тое, што там адбываецца», — сказаў Лінкявічус. Цалкам чытайце па спасылцы.
МУС: за 5 дзён пратэстаў пацярпеў 121 міліцыянт
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што за пяць дзён пратэстаў пацярпеў 121 міліцыянт. Пры гэтым, паводле МУС, на сілавікоў было зроблена 11 наўмысных наездаў аўтамабілямі.
«Сьледчыя органы распачалі звыш 90 крымінальных спраў. Прававая ацэнка будзе дадзена ўсім супрацьпраўным дзеяньням», — сказана ў паведамленьні.
Навальны адказаў Лукашэнку на абвінавачаньне ў «разьвязваньні агрэсіі» супраць Беларусі
Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны адказаў у сваім Instagram на абвінавачваньні, выказаныя кіраўніком Беларусі.
14 жніўня падчас нарады з членамі Савету бясьпекі Лукашэнка зьвярнуўся да людзей: «Не высоўвайцеся вы цяпер на вуліцы! Зразумейце, што вас і нашых дзяцей выкарыстоўваюць як гарматнае мяса! Сёньня ўжо панаехалі сюды з Польшчы, Галяндыі, Украіны, з гэтай «Адкрытай Расеі» Навальнага, і гэтак далей і да таго падобнае. Ужо агрэсія пачалася супраць краіны».
«Калі Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка толькі што публічна паведаміў, што я разьвязаў агрэсію супраць Беларусі і выкарыстоўваю беларускіх дзяцей як „гарматнае мяса“, то ён не пакідае мне шанцаў», — напісаў Аляксей Навальны.
Расейскі палітык паведаміў, што пераводзіць 10 тысяч расейскіх рублёў у Фонд Салідарнасьці, створаны дзеля падтрымкі беларусаў, якія страцілі працу праз тое, што выступілі супраць Лукашэнкі. Цалкам чытайце тут.
ЖЛОБІН. Удзельнікі сходу прагаласавалі за выхад з прафсаюзу, БРСМ і забастоўку на прадпрыемствах
20.10 Удзельнікі сходу ля жлобінскага гарвыканкаму аднагалосна прагаласавалі за
- забастоўку на прадпрыемствах,
- выхад з прафсаюзу,
- выхад з БРСМ,
- за тое, каб не здаваць грошы на рамонты ў школах — бо настаўнікі фальсыфікавалі выбары.
Ідэоляга БМЗ Кулакоўскага праганяюць з плошчы. «Сыходзь, што ты зрабіў для гораду, нам не патрэбныя ідэолягі, сыходзь», — крычаць мітынгоўцы.
У Жлобіне сабраўся шматтысячны мітынг. Удзельнікі прагаласавалі за выхад з прафсаюзу, БРСМ і забастоўку на прадпрыемствах
Экс-міністар культуры Латушка прыйшоў падтрымаць пратэстоўцаў. Ён вітаў патрабаваньні аб адстаўцы Караева
У Менску да пратэстоўцаў на плошчу Незалежнасьці прыйшоў экс-міністар культуры Павал Латушка, цяпер дырэктар Купалаўскага тэатру. Разам зь ім прыйшлі некалькі актораў тэатру. Латушка сказаў журналістам, што адчувае сорам за тое, што робіцца ў Беларусі, і гонар за беларусаў, якія выйшлі пратэставаць.
Латушка вітаў патрабаваньні аб адстаўцы міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які адказвае за парушэньні грамадзкай бясьпекі. Ён заявіў, што трэба завесьці крымінальныя справы па фактах зьбіцьця і неабгрунтаванага ўжываньня сілы.
Наконт патрэбы новых выбараў прэзыдэнта Беларусі Латушка сказаў, што працэдура падвядзеньня вынікаў выбараў 9 жніўня яшчэ ня выкананая да канца, ёсьць яшчэ магчымасьць іх аспрэчыць у Вярхоўным судзе, а на ягоную думку, выбары прайшлі ненармальна, было шмат парушэньняў. Цалкам чытайце па спасылцы.
ВІЦЕБСК. Шматлюдная калёна працягвае шпацыр па горадзе
У Віцебску калёна зь некалькіх тысяч чалавек працягвае шпацыр па горадзе. Людзі ідуць з кветкамі і нацыянальнай сымболікай. Аўтамабілісты вітаюць іх сыгналамі, паказваюць з вокнаў бел-чырвона-белыя сьцягі.
Лукашэнка прабіў болевы парог нацыі, — палітычны аналітык Юры Дракахруст
Украінцы расказваюць, што сапраўдны Майдан там паўстаў не тады, калі Януковіч не падпісаў асацыяцыю з ЭЗ, а калі ў Кіеве жорстка зьбілі моладзь. На наступны дзень на Майдан выйшла паўмільёна чалавек.
Болевы парог у беларусаў вышэйшы, чым ва ўкраінцаў. Але Лукашэнка ўсё ж здолеў яго прабіць стралянінай на вуліцах, гранатамі, а самае галоўнае — зьверствамі ў засьценках Акрэсьціна і Жодзіна.
Гэтага народ ужо ня вытрымаў. І прычым па ўсёй краіне. Цікавае адрозьненьне ад Украіны — у рэакцыі няма ніякіх адрозьненьняў паміж усходам і захадам краіны, Беларусь вельмі аднародная.
Яна такой была ў 1994 годзе, калі дружна палюбіла Лукашэнку, яна такой жа засталася і цяпер, калі гэтак жа дружна адвярнулася ад яго, — мяркуе палітычны аналітык Свабоды Юры Дракахруст.
ГОРАДНЯ. Людзі ідуць пад 70-мэтровым бел-чырвона-белым сьцягам
У Горадні калёна дэманстрантаў крочыць па горадзе пад бел-чырвона-белым сьцягам 70 мэтраў даўжынёй. Людзі дайшлі да філярмоніі і разышліся. Дамовіліся сустрэцца 15 жніўня ў 14:00 на плошчы Леніна.
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Грузіі. Фатафакт
Міністар інфармацыі — журналістам: «Улада мяняецца на выбарах, а не на рэвалюцыях»
Кіраўнік Міністэрства інфармацыі Ігар Луцкі на сустрэчы зь дзяржаўнымі і недзяржаўнымі журналістамі 14 жніўня заклікаў іх да «канструктыўнага дыялёгу, які паслужыць далейшым зносінам і прадухіленьню эскаляцыі канфліктных сытуацый», паведамляе БелаПАН.
«Мы супраць неабгрунтаванага гвалту ня толькі ў дачыненьні да журналістаў, але і ўсіх грамадзян», — сказаў Луцкі на сустрэчы, на якой прысутнічала і прадстаўніца Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава. Цалкам чытайце тут.
Журналісты дзяржаўнага радыё заявілі, што далучаюцца да страйку
У двары Дому радыё на Чырвонай, 4 супрацоўнікі Першага нацыянальнага каналу беларускага радыё запісалі відэазварот, у якім паведамілі, што далучаюцца да агульнанацыянальнага страйку. Яны заклікалі спыніць гвалт і правесьці сумленныя выбары.
Каманда адправіла запыт на імя галоўнага дырэктара Антона Васюкевіча і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта. У ім супрацоўнікі просяць скарыстацца правам на страйк для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў і прад’яўляюць шэраг патрабаваньняў. Цалкам чытайце тут.
Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі зьвярнуўся да кіраўнікоў краін сьвету. ВІДЭА
Сямён Шарэцкі, сьпікер апошняга дэмакратычна абранага ў 1996 годзе парлямэнту Беларусі, просіць кіраўнікоў дэмакратычных дзяржаў дапамагчы беларускаму народу ў барацьбе за свабоду.
Пасьля рэфэрэндуму 1996 году Вярхоўны Савет 13-га скліканьня быў распушчаны. Празь некалькі гадоў Сямён Шарэцкі эміграваў і цяпер жыве ў ЗША.
Беларусь перадала Расеі 32 затрыманых наймітаў ПВК «Вагнэр»
У Расею вярнуліся 32 найміты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Ім «не пагражае крымінальны ці іншы працэсуальны перасьлед», паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на сваю крыніцу. 33-і затрыманы грамадзянін Расеі, які мае таксама беларускае грамадзянства, застаўся ў Беларусі.
Гэта адбылося паводле хадайніцтва Генэральнага пракурора Расейскай Фэдэрацыі і ў адпаведнасьці зь Менскай Канвэнцыяй аб прававой дапамозе. Паведамляецца, што кампэтэнтныя органы Расеі працягнуць разьбірацца з сытуацыяй, якая склалася вакол гэтых грамадзянаў. Цалкам чытайце па спасылцы.
Прыкра. У Зяленскага адрэагавалі на выдачу ў Расею затрыманых у Беларусі вагнэраўцаў
Украіна з прыкрасьцю ўспрыняла гэта рашэньне ўладаў Беларусі. «Безумоўна, Рэспубліка Беларусь — незалежная дзяржава з уласнай пазыцыяй, але ўкраінскі бок чакаў больш юрыдычна карэктнага і зважанага рашэньня», — заявілі ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны. Цалкам чытайце па спасылцы.
Дэпутату Эўрапарлямэнту Робэрту Бедраню адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь.
Робэрт Бедрань, які зьяўляецца кіраўніком дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю, і дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі Пятрас Аўштравічус плянавалі наведаць Беларусь 14–16 жніўня, каб ацаніць сытуацыю пасьля выбараў, сустрэцца з затрыманымі, прадстаўнікамі ўладаў, няўрадавых арганізацый і недзяржаўных СМІ. Пакуль невядома, ці будзе Аўштравічус спрабаваць прыехаць у Беларусь адзін.
«Органы, якія прынялі рашэньне аб адмове ва ўезьдзе, не абавязаныя інфармаваць аб прычынах прыняцьця такіх рашэньняў», — паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі. Цалкам чытайце тут.
МАГІЛЁЎ. Калёнаў дэманстрантаў прыйшла да ізалятара
Да магілёўскага ізалятара прыйшла калёна пратэстоўцаў супраць гвалту падчас мірных пратэстаў у Беларусі. Сабралася пад 2 тысячы чалавек. Людзі вітаюць вызваленых, якія трапілі ў ізалятар за пратэст супраць вынікаў выбараў. Падыходы да ізалятара ачэпленыя экіпаванымі міліцыянтамі.
Ля Дому ўраду людзі скандуюць «Сыходзь!», «Трыбунал!». Музыка грае на валынцы
Ля Дома ўраду ў Менску па-ранейшаму спакойна, без інцыдэнтаў. Людзей на Плошчы незалежнасьці паболела, цяпер назіральнікі ацэньваюць колькасьць прысутных у 10 тысяч. Людзі стаяць ужо некалькі гадзінаў і патрабуюць размовы з прадстаўнікамі ўлады. Яны скандуюць «Мы ня сыйдзем!» і «Размова!».
Ніякага мітынгу няма, але людзі час ад часу аплядуюць і выгукваюць: «Верым, можам, пераможам!», «Сыходзь!», «Трыбунал!». Частка людзей сядзіць на зямлі перад помнікам Леніну. Прыйшоў музыка, які грае на валынцы.
ЖЛОБІН. На шматтысячны мітынг прыйшлі старшыня райвыканкаму і начальнік мясцовай міліцыі
Шматтысячны мітынг праходзіць у Жлобіне. На сустрэчы прысутнічаюць старшыня райвыканкаму і начальнік мясцовай міліцыі.
Людзі задаюць пытаньні наконт жорсткіх затрыманьняў мясцовых жыхароў, у тым ліку і падлеткаў, скандуюць «Выпускай», «Фашысты» ў бок міліцыі, запрашаюць начальства «адмовіцца ад сваіх кармушак і перайсьці на бок народу», скандуюць «Сыходзь».
Людзі сказалі, што пакідаюць за сабой права на мірныя мітынгі, калі ня будуць выкананыя іх патрабаваньні: выпусьціць палітзьняволеных, справядлівыя выбары, адстаўка Лукашэнкі і мясцовых чыноўнікаў.
Начальнік міліцыі сьцьвярджаў, што міліцыя нікога ня біла, але прыйшлі людзі, якія сядзелі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, і паказалі свае траўмы. Таксама людзі зьняпраўдзілі інфармацыю начальніка міліцыі, што толькі 6 чалавек трапілі ў шпіталь пасьля зьбіцьця АМАПам.
«Наша галоўнае пытаньне, ці будзе мірная перадача ўлады Ціханоўскай як абранаму прэзыдэнту», — кажуць людзі.
Старшыня райвыканкаму адказаў, што на гэтае пытаньне адказала ЦВК. Людзі пачалі крычаць «Ганьба», і начальнік міліцыі ды старшыня гарвыканкаму хутка сышлі.