Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці людзі нясуць кветкі на месца, дзе пралілася кроў пратэстоўца


Каля дома 108 на вуліцы Савецкай у Берасьці другі дзень зьяўляюцца жывыя кветкі — гэтак берасьцейцы выказваюць салідарнасьць зь месьцічам, кроў якога пралілася на гэтым месцы падчас падзеяў 11 жніўня.

Жыхар гораду Андрэй расказаў Свабодзе. «Гэта каля крамы „Чырвоны харчавік“, непадалёк ад месца, дзе ліхтарнік пачынае запальваць славутыя вулічныя ліхтары. Там яшчэ ўчора на плітках была відаць кроў, непадалёк вісеў бел-чырвона-белы сьцяг, ляжалі кветкі. За ноч іх прыбралі, але цяпер кветкі зьявіліся зноў. Пакуль ляжаць», — сказаў Андрэй.

«У Берасьці на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўных грамадзян з арматурай у руках, — паведаміў МУС у сваім тэлеграм-канале 12 жніўня. — Папераджальныя стрэлы іх не спынілі. Для абароны жыцьця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжытая на паражэньне. Адзін з тых, хто нападаў, быў паранены».

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава не назвала месца, дзе быў паранены жыхар Берасьця, і накіравала карэспандэнта па адказ у прэсавую службу берасьцейскай міліцыі. Спачатку лякацыю здарэньня не паведамілі, спаслаўшыся на тое, што на месцы няма афіцыйнага прадстаўніка. Пазьней тэлефон пераключыўся ў рэжым аўтаадказьніка.

Лекар зь Берасьця Мікалай паведаміў пра маладога берасьцейца, які ў ноч на 11 жніўня ў цэнтры гораду атрымаў цяжкае агнястрэльнае раненьне. Як сказаў лекар, параненага праапэравалі ў Берасьцейскім абласным шпіталі і цяпер адвезьлі для лячэньня ў Менск. Паводле Мікалая, у шпіталі гораду за мінулыя дні зьвярнуліся дзясяткі грамадзянаў з ранамі ад шумавых гранат, гумавых куляў ды зь іншымі цялеснымі пашкоджаньнямі.

У Берасьцейскім абласным шпіталі журналіста не злучылі з галоўным хірургам, спаслаўшыся на нараду. «Пазваніце праз 15 хвілін», — сказалі ў прымальні. Але наступным разам проста не паднялі слухаўку.

Паводле жыхара Берасьця Сяргея, самыя драматычныя падзеі ў горадзе адбываліся ў ночы на 10 і 11 жніўня на вуліцы МАДРа, на праспэкце Машэрава каля Кобрынскага моста ды ў іншых месцах. «На МАДРа пратэстоцаў зьбівалі дэсантнікі з 38-й брыгады, на бульвары Касманаўтаў дзейнічаў АМАП, стралялі шумавымі гранатамі і гумавымі кулямі наўпрост па людзях. Жанчына, якая стаяла на гаўбцы, абурылася і заклікала спыніць страляніну па моладзі, дык атрымала гумавую кулю ў жывот. Падобных выпадкаў шмат», — расказаў Сяргей зь Берасьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG