Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэрачань падаў скаргу ў ЦВК і падтрымаў ад’езд Ціханоўскай


Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, старшыня партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань падаў скаргу ў ЦВК на вынікі выбараў. У інтэрвію Свабодзе ён камэнтуе падзеі апошніх двух дзён і ад’езд Сьвятланы Ціханоўскай у Літву.

Выбары-2020. Ціханоўская зьехала. Што адбываецца ў Беларусі

— Як вы ацэньваеце вынікі выбараў і свой вынік у іх?

— Сіламі нашых назіральнікаў за маім подпісам мы падалі скаргу ў ЦВК і Генэральную пракуратуру аб тым, што выбары былі праведзеныя са шматлікімі парушэньнямі і што дадзены вынік не дазваляе нам іх прызнаць.

— На які вынікі вы спадзеяцеся? Ціханоўская ўчора ўжо схадзіла ў ЦВК падаць скаргу, а пасьля апынулася ў Літве.

— Так, я разумею. Таму я і не паехаў у ЦВК асабіста, скаргу адвезла мая давераная асоба.

— Як бы вы пракамэнтавалі падзеі апошніх двух дзён і начэй у Менску і іншых гарадах Беларусі? Што адбываецца?

— Людзі выходзяць і выказваюць свой пратэст наконт тых падзеяў, якія адбыліся, і па факце падліку галасоў. Бо працэнт, якія быў агучаны, выклікае пэўнае абурэньне ў людзей, якія прыходзілі і галасавалі за свайго кандыдата.

— Людзі ў беларускіх гарадах не рабуюць крамы, не падпальваюць машыны, ня б’юць шыбы. Ці адэкватная, на вашу думку, рэакцыя сілавікоў на выказваньне мірнага пратэсту?

— Цяпер па ўсёй Беларусі праходзяць акцыі пратэсту. Гэта мірныя акцыі, калі людзі кажуць, што яны ня згодныя з вынікамі выбараў. Таму калі мірныя акцыі пратэсту пасьля пэўных правакацыяў перарастаюць у сілавое сутыкненьне, гэта ў нашай краіне проста недапушчальна. Я разьлічваю на здаровы сэнс і ўлады, і сілавых структураў, на тое, што яны прымуць рашэньне і зробяць свае дзеяньні больш чалавечнымі.

— Як вы сабе ўяўляеце наступныя месяц-два сваёй палітычнай кар’еры?

— У кожным разе я зьяўляюся старшынём партыі «Грамада», мы ні на дзень не спыняем працу. Ёсьць дастаткова шмат плянаў, якія мы стварылі яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі, таму будзем іх рэалізоўваць.

— Чаму ўсё ж не адбылося супрацоўніцтва вашай каманды зь іншымі штабамі і аб’яднаньня? Раней вы казалі, што аб’яднаны штаб не пайшоў з вамі на кантакт.

— Ня штаб не пайшоў са мной на кантакт. Мы дагэтуль кантактуем з пэўнымі людзьмі і з канкрэтнымі штабамі з нагоды нашых далейшых сумесных дзеяньняў. Проста былі пэўныя людзі, якія процідзейнічалі аб’яднаньню з сваіх асабістых, надуманых прычынаў. Пераважна гэта людзі, якія ўваходзілі ў штаб Ціханоўскай.

— Як вы пракамэнтуеце ўчорашні ад’езд Сьвятланы Ціханоўскай у Літву?

— У дадзеным выпадку гэта была вымушаная мера. Яна цудоўна разумела, што яе могуць арыштаваць, і пад пэўным ціскам яна, на мой погляд, зрабіла для сябе апраўданы выбар і прыняла правільнае рашэньне.

— А два яе відэазвароты? Вы іх глядзелі?

— Так, я іх бачыў. На жаль, Сьвятлана — гэта чалавек, які ў палітыцы зусім нядаўна. Яна сама казала, што яна не палітык, што была вымушана ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Таму ў яе выпадку, паўтаруся, гэта была апраўданая мера, у тым ліку і запіс гэтых відэа. Я яе як чалавека абсалютна разумею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG