Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла днём 9 жніўня ў эфіры дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навінаў, што апоўдні яўка на прэзыдэнцкіх выбарах (з улікам датэрміновага галасаваньня) склала 54%, што значыць, што выбары адбыліся.
Бар’ер у 50% яўкі пераадолелі ўсе рэгіёны, акрамя Менску, сьцьвярджае Ярмошына. Звыш 60% яўкі было ў Гомельскай і Магілёўскай вобласьці — 66% і 63% адпаведна. У Менску — 43%. Ярмошына згадала, што ў Менску ўтвараюцца чэргі на выбарчыя ўчасткі, а таксама ідуць скаргі ад незалежных назіральнікаў.
«Складваецца ўражаньне, што скаргі падаюць практычна адны і тыя ж людзі, некалькі дзясяткаў, — заявіла Ярмошына. — І, мяркуючы з ўсяго, ім абяцаная плата за падачу скаргаў, бо часьцяком пытаньне ўжо вырашанае ў тэрытарыяльнай камісіі, але ўсё адно ідзе скарга ў цэнтральную. Відавочна, зьдзельная аплата працы».
Ярмошына згадала, што зь Віцебскай вобласьці было 16 зваротаў грамадзянаў, а з Гомельскай — 10 («яны ўсе расьпісаныя, практычна ўсё неабгрунтавана»), у Менскай вобласьці — «асабліва шмат». Сярод скаргаў былі і нараканьні на адсутнасьць штораў на кабінках для галасаваньня — Ярмошына адзначыла, што гэта не забаронена законам і адпавядае міжнародным стандартам.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.