Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш за месяц у турме». Затрыманаму паплечніку Ціханоўскай зь Віцебску прысудзілі яшчэ 20 сутак


Руслан Ахрымчук, архіўнае фота
Руслан Ахрымчук, архіўнае фота

Віцябляніну Руслану Ахрымчуку ўжо двойчы падаўжалі тэрмін зьняволеньня. Затрымалі 15 ліпеня, актывіст застанецца за кратамі імаверна да 17 жніўня.

Руслана затрымалі напярэдадні «Славянскага базару» 15 ліпеня. Паводле часткі 2 артыкулу 9.1 яго асудзілі на 13 сутак арышту. Пасьля дадалі яшчэ 10 сутак паводле артыкулу 17.1 за дробнае хуліганства 14 ліпеня.

Што адбылося 14 ліпеня, Свабодзе расказаў сябра Ахрымчука Алег Баразна. Зь яго слоў, Руслан ехаў на ровары каля бізнэс-цэнтру «Марка-сіці» і, пазнаўшы аднаго зь міліцыянтаў, спыніўся. Актывіст зьвярнуўся да службоўца, каб даведацца, на якой падставе яго перасьледуюць. Калі Руслана паспрабавалі затрымаць, ён пакінуў ровар на вуліцы і паехаў на маршрутцы. Прыпынак грамадзкага транспарту знаходзіцца насупраць уваходу ў гандлёвы цэнтар.

У пятніцу, 7 жніўня, Руслану прысудзілі яшчэ 10 сутак арышту. На гэты раз паводле артыкулу 23.4 — за непадпарадкаваньне міліцыі 14 ліпеня. Руслан Ахрымчук правядзе за кратамі 33 дні запар. Сябры і блізкія ўпэўнены, што Руслана так ізалююць на час выбарчай кампаніі.

«Руслан больш за месяц прабудзе за кратамі, — кажа сяброўка Руслана Алена Чэрнікава. — Гэта столькі нэрваў. За гэты час можна звар’яцець. Я ўжо баюся званіць у ІЧУ і пытацца, калі мне забіраць Руслана».

Апошні раз Алена перадавала рэчы Руслану ў чацьвер, 6 жніўня. Супрацоўнік ізалятару паведаміў ёй, што Руслана ўтрымліваюць у нармальных умовах, яго выводзяць на вуліцу.

Паводле сяброўкі арыштаванага, на яе псыхалягічна ціснуць. Яна баіцца знаходзіцца дома. Разам зь дзецьмі часова зьехала за горад.

«Я жыву ў такім кашмары, — кажа яна. — Да нашага дома пастаянна прыходзіць участковы. Распытвае суседзяў, ці добрая я маці. Цікавіцца, ці я мыю бялізну, гатую, ці ўжываю алькаголь. Я баюся заставацца адна дома зь дзецьмі. Мяне могуць забраць. Адседзець „суткі“ ня страшна. Я баюся за дзяцей. Цяпер мяне падтрымліваюць бацькі».

17 ліпеня Алена падала скаргу на дзеяньні суду ў дачыненьні сябе і Руслана. Скаргу разгледзіць абласны суд 19 жніўня.

Віцебскія актывісты, якія падчас выбараў застануцца за кратамі

7 жніўня, за два дні да асноўнага дня галасаваньня, затрымалі віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую і яе дачку Юлію Ўласенку, паведамляе «Віцебская вясна». Да суду, які мае адбыцца 10 жніўня, іх зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

У той жа дзень Юлію адпусьцілі дадому, бо ў яе паднялася тэмпэратура. Жанчыну затрымалі паводле артыкулу 23.34 за тое, што яна праз сацсеткі нібыта заклікала гараджан арганізавана схадзіць на футбольны матч «Віцебск» — «Іслач» 7 жніўня. Юлію абавязалі заставацца на самаізаляцыі да панядзелка і прагаласаваць з дому.

Алену Янушкоўскую затрымалі на выбарчым участку ў Пестуніцы, дзе яна прысутнічала ў якасьці незалежнай назіральніцы і вяла стрым. Паводле праваабаронцаў, на актывістку склалі некалькі пратаколаў — за дробнае хуліганства і за парушэньне правілаў дарожнага руху.

Падобна, да 12 жніўня прабудуць за кратамі актывісты Ўладзімер Кійко, які мусіў быць назіральнікам на выбарах, і Аляксандар Якушкоў. Уладзімер адбывае 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія яму прысудзілі за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» яшчэ 7 ліпеня. У ліпені Ўладзімер Кійко пакараньня не адбыў. Яго вызвалілі без тлумачэньня прычын.

Аляксандар Якушкоў адбывае 8 сутак арышту за ўдзел у перадвыбарчых пікетах, якія ён не пасьпеў адбыць да выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG