Анансаваныя мясцовымі ўладамі канцэрты з удзелам расейскіх і іншых папулярных выканаўцаў адмяняюць без тлумачэньня прычын. Гэтаму папярэднічалі паведамленьні многіх музыкаў пра тое, што ня будуць ці ўвогуле не зьбіраліся выступаць на перадвыбарчых канцэртах у Беларусі.
8 жніўня — у дзень перад асноўным днём галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах — у Менску і ўсіх абласных цэнтрах анансавалі бясплатныя канцэрты з удзелам вядомых артыстаў.
Берасьце
Як напісаў старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук у сваім тэлеграм-канале, у Берасьці канцэрт 8 жніўня пераносіцца. У Берасьці на вясьлярным канале меліся выступіць украінскі сьпявак Алег Віньнік, расейскія музыкі Стас П'еха і Юльяна Караўлава, беларускі гурт "Краскі".
У Берасьці анасавалі выступленьне Алега Віньніка з Украіны, расейсцаў Юльяны Кавулавай, Стаса Пʼехі, Аксана Кавалеўскай, гурта «Краскі».
Віцебск
У аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкаму адзначылі, што сьвяточны канцэрт, заплянаваны на 8 жніўня на плошчы Перамогі ў Віцебску, пераносіцца. Пра час і месца правядзеньня канцэрту паведамяць дадаткова. Пытаньне аб прычыне пераносу загадчыца аддзела культуры Віцебскага гарвыканкаму Натальля Шыянок пакінула без адказу. Яна ня стала камэнтаваць, ці зьвязаны перанос з тым, што шэраг артыстаў адмовіўся ад прыезду.
Анансавалі, што на канцэрце ў Віцебску выступяць расейскія сьпевакі Грыгорый Лепс, Аляксандар Панаётаў, гурты «Фабрыка» і «Лас Вегас».
Гомель
7 жніўня Гомельскі гарвыканкам паведаміў на афіцыйным сайце, што заплянаваны на 8 жніўня канцэрт на пляцоўцы каля Лядовага палаца пераносіцца. Аб прычынах пераносу не паведамляецца. Інфармацыю пра канцэрт ужо выдалілі з сайта дзяржаўнай газэты «Гомельская праўда».
Улады анансавалі выступ Boney M, Morandi, «Сяброў», Jazz City Band і «Дискотека Авария».
Горадня
Як паведаміла БелаПАН намесьніца начальніка ўпраўленьня культуры Горадзенскага аблвыканкаму Сьняжана Куратчык, у Горадні канцэрт 8 жніўня на плошчы Леніна «пад пытаньнем». Пры гэтым карэспандэнты Свабоды зафіксавалі, як раніцай 7 жніўня рабочыя разьбіралі сцэну да анансаванага канцэрту на на плошчы Леніна.
Напярэдадні ў сацыяльных сетках зьявіўся анонс выступу ў Горадні расейскіх сьпевакоў Леаніда Агуціна, Уладзіміра Прасьнякова, беларускага ўдзельніка Эўравізіі Руслана Аляхно і сьпявачкі Эліны Чагі.
Магілёў
Як паведаміла БелаПАН начальніца ўпраўленьня па рабоце са СМІ і моладзевай палітыцы Магілёўскага аблвыканкаму Алена Дзівакова, канцэрт 8 жніўня ў Магілёве пераносіцца.
Апроч канцэрту ў Магілёве на заўтра адмянілі і анансаваны кірмаш з перакрыцьцём руху, паведамляе Tut.by. Толькі школьны базар працягвае працаваць.
Каля Палаца культуры вобласьці мусіў прайсьці бясплатны канцэрт з удзелам гуртоў Boney M, «Дыскатэка Аварыя», «Сябры», «Кар-Мэн», Інай Афанасьевай. Афіша канцэрту зьнікла з сайту аблвыканкаму.
Барысаў
7 жніўня сайт барысаўскай раённай газэты «Адзінства» паведаміў пра перанос канцэрту «За Беларусь» 8 жніўня з «Барысаў-Арэны» на цэнтральную плошчу горада. Пройдзе яно з 19.00 да 23.00.
Як піша ex-press.by, арганізатары заявілі сярод выступоўцаў украінскую сьпявачку Ціну Кароль. Сама артыстка ў сваім інстаграме спачатку анансавала канцэрт у Беларусі.
Пазьней Кароль выдаліла сторыз, а ў телеграм-канале ўкраінскага Эўрабачаньня паведамілі, што Кароль не прыедзе выступаць у Беларусь.
Анансаваныя музыкі заявілі пра свой няўдзел
Напярэдадні шэраг музыкаў, чый выступ у розных гарадах Беларусі 8 жніўня анансавалі ўлады, заявілі пра свой няўдзел у гэтых імпрэзах.
Рэпэр Tyga, Леанід Агуцін, Грыгорый Лепс, гурты Rasa, «Кар-Мэн», дуэт Джаро і Ханзо, Юліяна Каравулава і сьпявак Мэўл адмовіліся ад выступу на канцэртах у Беларусі 8 жніўня. Пра гэта артысты паведамілі ў сваіх сацсетках. 5 і 6 жніўня беларусы атакавалі старонкі артыстаў з просьбамі не прыяжджаць у Беларусь.
Аглядальніца расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкаўцава выказала меркаваньне, што расейскія выканаўцы масава адмовіліся ад выступу на перадвыбарчых канцэртах у Беларусь праз негалосную забарону Крамля.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.