Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы чалавек сабраліся ў Кіеўскім сквэры, каб сустрэцца зь Сьвятланай Ціханоўскай. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

6 ліпеня, у дзень анансаванага мітынгу-канцэрту Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў, улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. На плошчы Бангалор зладзілі сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў. Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі па абедзе абвясьціла, што ўвечары наведае адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім скверы — Дзень адчыненых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі.

У парку Дружбы народаў было нешматлюдна. Гледачы хаваліся ў ценю зводдаль ад сцэны, дзе сьпявалі артысты. Арганізаванай групай прыйшлі прадстаўнікі камуністычнай партыі Беларусі, луналі партыйныя сьцягі КПБ. Працавала вайсковая палявая кухня, пункты гандлю. Вайскоўцы паказвалі рыштунак, тэхніку, вымуштраванасьць аўчарак.

У Кіеўскім сквэры каля 19-й гадзіны сабралося некалькі тысяч чалавек.

Нечакана афіцыйнае гукавое суправаджэньне зьмянілася песьняй Віктара Цоя «Перемен». Людзі сустрэлі ўчынак тых, хто паставіў пратэставую песьню, авацыямі і воплескамі.

У інтэрвію Свабодзе Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, адказныя за музычнае суправаджэньне, сказалі, што яны працуюць у Палацы дзяцей і моладзі, але працу, бадай, ужо страцілі. Да іх была прыкутая ўвага прэсы і ўдзельнікаў цягам усяго мерапрыемства.

Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала

Пасьля людзі заставаліся на пляцоўцы, выгуквалі лёзунгі, размаўлялі пра выбары. Найбольш было тых, хто падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую. Дэпутат Сяргей Клішэвіч зрэагаваў на ўключэньне песьні Віктара Цоя. Ён перакананы, што гэта правакацыя, а большасьць прагаласуе за Аляксандра Лукашэнку. Зь ім доўга абмяркоўвалі становішча ў Беларусі прыхільнікі пераменаў. Кожны застаўся пры сваёй думцы.

Каля 20-й гадзіны прыйшла прадстаўніца штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава. Людзі каля сквэру яе гучна віталі, стварылі ёй калідор. У сам сквэр міліцыя яе не прапусьціла. Яна павітала людзей з-за ачапленьня. Неўзабаве яна сышла, бо хтосьці ёй сказаў, што ейнае знаходжаньне можа ўсхваляваць людзей. Павітала людзей і Вераніка Цапкала. Паводле неўдакладненай інфармацыі, Сьвятлана Ціханоўская не дайшла да сквэру, бо ахова яе пераканала, што гэта можа быць небясьпечна. Пасьля гэтага людзі пачалі разыходізцца.

Групы людзей на вуліцы працягвалі дарогай з Кіеўскага сквэру пляскаць у далоні і выгукваць лёзунгі. Машыны сыгналілі на знак падтрымкі. За час жывога рэпартажу Свабоды інфармацыі пра затрыманьні не было.

Свабода вяла жывы рэпартаж з парку Дружбы народаў і Кіеўскага сквэру

21:10 Вялікая грамада людзей прыйшла да плошчы Якуба Коласа, частка зь іх разышлася, частка пайшла па праспэкце Незалежнасьці ў бок плошчы Перамогі.

20:50 Значная колькасьць людей застаецца каля Кіеўскага сквэру, гукаюць «Жыве Беларусь», «Перамен». Лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Людзі запальваюць ліхтарыкі на мабільных тэлефонах. Аўтамабілісты падтрымліваюць сыгналамі.

20:40 «Людзі самі арганізоўваюць тое, што ім патрэбна, — сказала карэспандэнтут Свабоды прадстаўніца штабу Вольга Кавалькова. — І гэта важнае адрозьненьне гэтай кампаніі ад усіх астатніх, бо людзі разумеюць, што немагчыма трываць тое, што адбываецца ў Беларусі. Людзі хочуць павагі да сябе. Яны гатовыя сёньня абараняць сябе не на канапах. Гэта важна і нас гэта вельмі радуе».

«Сёньня кожны чалавек, які выступае за перамены, павінен станавіцца лідэрам. І перамены адбываюцца не 9 жніўня, яны адбываюцца кожны дзень, калі гэтыя людзі выходзяць на мерапрыемствы, паказваюць, колькі нас, колькі людзей, якія хочуць перамен і не падтрымліваюць дзейную ўладу», — дадала Вольга Кавалькова.

20:35 Пасьля сыходу Марыі Калесьнікавай людзі пачалі разыходзіцца сьледам за ёй. Людзі шматлюднай грамадой ідуць па вуліцах з Кіеўскага сквэру. ​Дарогай яны працягваюць пляскаць у ладкі і выгукваць лёзунгі. Машыны сыгналяць.

20:10 Марыя Калесьнікава, прадстаўніца абʼяднанага штабу, прыйшла да Кіеўскага сквэру. Яна сказала, што была ўражаная такой колькасьцю людзей, якія сабраліся ў Кіеўскім сквэры.

Сябры аб'яднанага штабу Антон Раднянкоў і Марыя Калесьнікава
Сябры аб'яднанага штабу Антон Раднянкоў і Марыя Калесьнікава

Марыю Калесьнікаву ў сквэр не прапусьцілі. ​Калесьнікава сказала, што і Сьвятлана Ціханоўская хацела прыйсьці ў Кіеўскі сквэр.

«Нам сказалі, што калі мы пройдзем на пляцоўку, гэта будзе расцэнена як палітычнае мерапрыемства. А гэта дзіцячае гарадзкое сьвята. Мы, натуральна, ня хочам ніякага абвастрэньня і мы прынялі рашэньне сысьці з гэтага сьвята, каб не нагнятаць.

І мы дзякуем службам правапарадку за тое, што яны гарантуюць бясьпеку нашых грамадзянаў. І мы заклікаем усіх грамадзянаў абсалютна спакойна і бясьпечна зараз сябе паводзіць, не нагнятаць.

(Голас з натоўпу: «Ідзіце ў іншае месца, натоўп за вамі пойдзе!». Калесьнікава: «Не, не»).

Вялікі дзякуй усім, мы ўбачылі такую колькасьць людзей! Вялікі дзякуй за падтрымку і за такія словы. Мы вельмі любім вас і цэнім, але, калі ласка, сачыце за бясьпекай, за выкананьнем законаў», — сказала Марыя Калесьнікава. Людзі праводзілі яе воклічамі «Малайчына!».

Паводле неўдакладненай інфармацыі, Сьвятлана Ціханоўская Сьвятлана Ціханоўская не дайшла да сквэру, бо ахова яе пераканала, што гэта можа быць небясьпечна.

20:04 Да Кіеўскага сквэру падʼехала Марыя Калесьнікава. Паводле прэсавай сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай, Сьвятлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала ідуць па бульвары Шаўчэнкі, паведамляе Tut.by.

19:55 Каманда Ціханоўскай падʼяжджае да Кіеўскага сквэру. Шмат людзей зь белымі стужкамі ходзяць па вуліцах непадалёк ад Кіеўскага сквэру, паведамляе «Настоящее время».

19:40 Сюрпрызы ня скончыліся. У Кіеўскі сквэр прыехаў Аляксандар Саладуха, паведаміў па тэлефоне праз памехі сувязі наш карэспандэнт Алесь Пілецкі. АМАП яго адразу акружыў і правёў да сцэны. Людзі крычалі яму «Ганьба». Канцэрту Саладухі не было.

Выступ Саладухі плянаваўся на Дні чыгуначных войскаў у парку Дружбы народаў, пра намер заслужанага артыста Беларусі выступіць у Кіеўскім сквэры зьвестак у нас не было.

19:30 Людзі ўжо не зьмяшчаюцца ў сквэры, стаяць вялікія чэргі да пунктаў пропуску. Чакаюць Сьвятлану Ціханоўскую, але яна не яшчэ прыехала, паведаміў па тэлефоне карэспандэнт «Настоящего времени».

19:20 Людзі пляскаюць і гукаюць «Верым, можам, пераможам!»

Людзей у сквэры стала больш. Да месцаў пропуску сталі чэргі ахвотных прайсьці ў Кіеўскі сквэр.

19:05 Паводле карэспандэнта «Настоящего времени», які таксама вядзе жывы рэпартаж зь Менску, лік сабраных ідзе на тысячы. Ён кажа, што людзі дасталі плякаты, выгукваюць лёзунгі.

19:00 Нечакана на ўвесь парк уключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя. У інтэрвію Свабодзе Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, адказныя за музычнае суправаджэньне, сказалі, што яны працуюць у Палацы дзяцей і моладзі, але працу, бадай, ужо страцілі. Але яны за перамены. Іх учынак сустрэлі авацыямі і воплескамі.

Пасьля гэтага сувязь пагоршылася настолькі, што жывы рэпартаж з акцыі стала немагчыма весьці.

Кірыл Галанаў і Ўладзіслаў Сакалоўскі
Кірыл Галанаў і Ўладзіслаў Сакалоўскі

У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысэрамі. Клішэвіч назваў дзеяньні маладзёнаў правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касьцюмах і АМАП. Уладзіслаў пачаў зьбіраць тэхніку.

«Перемен» стала апошняй песьняй на «Дні дадатковай адукацыі». Пасьля гэтага музычнае суправаджэньне адключылі.

18:50 Суразмоўцы ў Кіеўскім сквэры аказваюцца прыхільнікіам Сьвятланы Ціханоўскай і пераменаў.

Музычнае суправаджэньне на мерапрыемстве — расейская поп-музыка.

18:45 Каля Кіеўскага сквэру шматлюдна. «З гэтага можна зрабіць выснову, што ўстановы дадатковай адукацыі больш папулярныя за чыгуначныя войскі», — разважае вядоўца жывога эфіру Алесь Пілецкі.

18:30 Карэспандэнт Свабоды выправіўся ў Кіеўскі сквэр, які месьціцца непадалёк. Туды зьбіралася прыехаць каманда Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці наведнікаў Дня адчыненых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі. Людзей на вуліцах становіцца ўсё болей. Адначасова часьцейшымі становяцца перабоі ў сувязі і трансьляцыі.

17:55 На пляцоўцы ёсьць сьцягі Камуністычнай партыі Беларусі.

17:45 Двое наведнікаў пагадзіліся адказаць на пытаньні карэспандэнта ў жывым эфіры. Яны сярод іншага расказалі, што ўжо прагаласавалі датэрмінова.

17:30 На асноўнай пляцоўцы ў парку Дружбы народаў нешматлюдна. З забаваў — музыка, караоке, працуе гандаль ежай.

У Кіеўскі сквэр, дзе на 6 жніўня заплянаваны Дзень адчыненых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі, пра наведваньне якога пасьля адмены мітынгу-канцэрту на Бангалор заявіла кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі, прывезьлі міліцыю, агарадзілі тэрыторыю стужкай, падагналі аўтазакі.

Яшчэ раніцай тут не было ні агароджы, ні міліцыі. Яны прыехалі ў сквэр пасьля 15-й гадзіны, адразу пасьля заявы Сьвятланы Ціханоўскай, што яна як грамадзянка Беларусі разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай плянуе а 19-й наведаць Дзень адкрытых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі, які гарадзкія ўлады ладзяць сёньня ў сквэры.

Афіцыйнае паведамленьне пра немагчымасьць правесьці мітынг у парку Дружбы народаў штаб Ціханоўскай атрымаў толькі ў дзень акцыі — 6 жніўня.

Мітынгі Ціханоўскай не даюць правесьці на ніводнай з шасьці дазволеных пляцовак у Менску, усе яны занятыя.​

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG