Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальніцу штабу Ціханоўскай Марыю Мароз затрымлівалі для «прафіляктычнай гутаркі», вызвалілі праз паўтары гадзіны

абноўлена

Марыя Мароз
Марыя Мароз

Каля 11 гадзінаў раніцы 6 жніўня невядомыя затрымалі Марыю Мароз — давераную асобу і начальніцу штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Аказалася, зь ёй праводзілі «прафіляктычную гутарку» аб масавых беспарадках.

Пра гэта Свабодзе паведаміла прэс-сакратарка штабу Ганна Красуліна. Яна кажа, што Марыю Мароз затрымалі на выхадзе з амбасады Літвы ў Менску, куды яна ішла падаваць дакумэнты на візу. Людзі, якія яе затрымалі, прадставіліся супрацоўнікамі органаў унутраных справаў, але прычына затрыманьня і цяперашняе месцазнаходжаньне Марыі Мароз невядомыя.

На думку Красулінай, затрыманьне можа быць зьвязанае толькі з тым, што Мароз — начальніца штабу, сяброўка Ціханоўскай. Раней Марыя Мароз была «па-за палітыкай», дадае Красуліна.

Прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў паведаміў журналістам, што і штаб Ціханоўскай, і штабы экс-прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, якія падтрымалі Ціханоўскую, працягваюць працаваць.

Telegram-канал «Страна для жизни» паведаміў, што ў 12:45 Марыю Мароз адпусьцілі — аказалася, праводзілі «тлумачальную размову». Красуліна пацьвердзіла: Марыя Мароз на волі.

Паводле «Страны для жизни», Марыю Мароз хацелі папярэдзіць, што яе прыцягнуць да адказнасьці ў выпадку «правядзеньня масавых беспарадкаў». Канал зьвязвае гэта са спробай арганізаваць мітынг-канцэрт за Ціханоўскую ў менскім Парку дружбы народаў — той занялі вайскоўцы пад сваю імпрэзу.

Мароз удакладніла Tut.by: гаворка ішла ня толькі пра гэты мітынг-канцэрт, а «наогул пра ўсе мерапрыемствы». Людзі, якія «запрасілі» яе ў машыну, назваліся супрацоўнікамі ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG