Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзе ёсьць масавае назіраньне, яўка значна меншая». Незалежных назіральнікаў выдаляюць ужо ня толькі з участкаў, але і за плот


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Яўка пакуль большая, чым учора», — адзначала назіральніца Іна, якая да абеду кантралявала датэрміновае галасаваньне з калідора. Але пасьля абеду Іну ўвогуле не пусьцілі ў школу. За гэты час у школу двойчы выклікалі нарад міліцыі.

Зраніцы Іна спрабавала назіраць за галасаваньнем з калідора ў менскай школе № 207, што ў Малінаўцы. Тут месьцяцца выбарчыя ўчасткі 99 і 100. 4 жніўня на ўчастак яе не пусьцілі — сказалі, што квота з трох назіральнікаў ужо занятая, а Іна 12-я ў сьпісе. Таму яна ўвесь дзень назірала з калідора.

За 4 жніўня на адным участку яна налічыла 28 выбарнікаў, на другім — 38. Камісіі налічылі 43 і 44.

На дзьвярах паставілі электронны замок

5 жніўня яе зноў не пусьцілі на ўчастак.

«Старшыня камісіі не выказвала мне прэтэнзій, што знаходжуся ў будынку школы, а вось адміністрацыя школы была супраць. Казалі, што мушу выйсьці, бо нібыта замінаю праходу дзяцей, якія наведваюць летні лягер, і іх бацькоў. Але я спасылаюся на тое, што прыпісаная да гэтага ўчастку як выбарца, зьбіраюся прагаласаваць, толькі яшчэ ня вызначылася, за каго аддам свой голас, разважаю.

Потым пачула, як казалі, што выклікаюць нарад міліцыі. Недзе каля 12 гадзіны сапраўды прыяжджаў міліцыянт, адміністрацыя школы і старшыня камісіі зь ім раіліся, але ў выніку ад мяне адчапіліся», — расказвала Іна да абеду.

Паводле назіральніцы, сёньня да перапынку на абед на 99 участку датэрмінова прагаласавалі 30 чалавек, на 100 участку — 25 чалавек.

«Гэта больш, чым за першую палову ўчорашняга дня, — кажа назіральніца. — Тады на двух участках да абеду было 30 чалавек, цяпер 55. Якія гэта людзі? Збольшага сталага веку, чамусьці хапае сталых мужчын такога суворага выгляду. Ведаю, што на гэтых участках ёсьць дамы, дзе пражываюць былыя міліцыянты і сілавікі, можа гэта якраз такія выбарцы. Магчыма, гэтых людзей неяк мабілізавалі прагаласаваць датэрмінова, але дакладна ня ведаю», — сказала назіральніца Іна.

Пасьля абеду 5 жніўня яе ўжо не пусьцілі ў школу.

Пагаварыць з дырэктарам 207-й школы не ўдалося. Па кантактным тэлефоне адказалі, што «цяпер ідзе прыём грамадзян, і пагаварыць з журналістам дырэктар ня зможа».

Назіральнік Уладзімер Шыла: «Яўка там, дзе назіраньня няма, адрозьніваецца ў 10 разоў»

Уладзімер Шыла назіраў за датэрміновым галасаваньнем на 22-м участку Салігорскай акругі. 4 жніўня яго пусьцілі на ўчастак, але не далі крэсла. 4 жніўня на ўчастку прагаласавалі 26 чалавек — падлікі назіральніка і камісіі супалі.

«Там, дзе ёсьць масавае назіраньне, чамусьці яўка значна меншая, чым на ўчастках, дзе незалежных назіральнікаў няма. Ведаю ўчастак, дзе ўчора прагаласавалі датэрмінова ажно 207 чалавек. Мяркую, альбо гэтая лічба несапраўдная, альбо людзей неяк моцна прастымулявалі, каб ішлі галасаваць датэрмінова. У любым выпадку незалежнае назіраньне стрымлівае фальсыфікацыі», — сказаў Уладзімер Шыла.

Але пасьля абеду 5 жніўня назіральніка выставілі ня тое што з участку — за школьны плот.

«Прыяжджалі міліцыянты, у тым ліку намесьнік начальніка РАУС Сяргей Салавей, і загадалі сысьці з участку, нават з тэрыторыі школы. Назіраю з-за плота. Усё зразумела. Ціснуць, каб зрабіць неверагодную лічбу», — мяркуе Ўладзімер Шыла.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG