За апошнія 20 гадоў у Беларусі чатыры разы прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Падчас кожнай кампаніі Расея паводзіла сябе па-рознаму: ад акуратнай крытыкі да адкрытых сюжэтаў супраць Лукашэнкі на сваіх цэнтральных каналах. Свабода прыгадала, як гэта было.
2001 год: Акуратная крытыка і дэсант расейскіх палітыкаў у Менск
9 верасьня 2001 году ў Беларусі прайшлі першыя перавыбары з удзелам Лукашэнкі. Яму супрацьстаяў адзіны кандыдат ад апазыцыі, прафсаюзны лідэр Уладзімір Ганчарык, і кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч.
Напярэдадні выбараў у Расеі па цэнтральных каналах паказалі ток-шоў з удзелам беларускіх апазыцыйных палітыкаў, якіх запрасіў да сябе ў госьці Ўладзімір Позьнер. Гэта было за некалькі месяцаў да дня галасаваньня.
Але пасьля гэтага доступ беларускіх апазыцыйных палітыкаў на экраны расейскай тэлевізіі быў закрыты. Яны абмяжоўваліся кароткімі сюжэтамі пра самыя значныя падзеі. Напярэдадні выбараў у Менск прыехалі расейскія палітыкі: камуніст Генадзь Зюганаў, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімір Жырыноўскі і мэр Санкт-Пецярбургу Ўладзімір Якаўлеў. Расейскія палітыкі выказвалі адкрытую падтрымку Лукашэнку і крытыкавалі апанэнтаў.
Найбольш дасталася Сяргею Гайдукевічу ад Уладзіміра Жырыноўскага, Жырыноўскі абвінаваціў Гайдукевіча ў «засваеньні мільёнаў даляраў». Гэты выступ на беларускай тэлевізіі расейскага палітыка Цэнтарвыбаркам Беларусі палічыў абразьлівым.
У выніку расейскія назіральнікі і палітыкі выбары ў Беларусі прызналі без істотных агаворак і крытыкі.
2006 год: прызнаньне выбараў і крытыка АБСЭ
На выбарах 2006 году, апроч Аляксандра Лукашэнкі, кандыдатамі сталі адкрыта праэўрапэйскі лідэр Аляксандар Мілінкевіч, былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін і зноў Сяргей Гайдукевіч. Напярэдадні выбараў расейскі тэлеканал НТВ узяў вялікае інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі.
Тагачасны старшыня расейскай Дзярждумы Барыс Грызлоў яшчэ 3 сакавіка выказаўся аб «дэмакратычнасьці беларускіх выбараў», хоць выбары прайшлі 19 сакавіка. Ён жа сказаў аб праўдзівасьці раскрытай КДБ Беларусі напярэдадні выбараў змовы, нібыта «апазыцыя рыхтавала пераварот».
Расейскія назіральнікі, у адрозьненьне ад місіі АБСЭ, не заўважылі парушэньняў і на саміх выбарах, а АБСЭ расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў тады абвінаваціў у «падбухторваньні». Місія СНД прызнала выбары 2006 году «адпаведнымі ўсім стандартам».
І нават разгону пратэставай «плошчы Каліноўскага» 24 сакавіка 2006 году Сяргей Лаўроў не заўважыў: «Тое, што мы бачылі па тэлевізіі, нельга назваць разгонам», — заявіў Лаўроў.
2010 год: «Хросны бацька» і газавы канфлікт
У 2010 годзе на прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі балятаваліся адразу 10 кандыдатаў. Апроч Лукашэнкі, перадвыбарчую кампанію ладзілі Ўладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Дзьмітры Ус, Яраслаў Раманчук, Віктар Цярэшчанка, Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч.
Рыторыка большасьці тагачасных кандыдатаў — «выбараў у Беларусі няма, таму трэба выходзіць на плошчу».
Перадвыбарчая кампанія адбывалася на фоне рэзкага пагаршэньня беларуска-расейскіх стасункаў. Ужо з 2009 году пачаўся гандлёвы канфлікт паміж дзьвюма краінамі, які пазьней атрымаў назву «малочная вайна». Расейскія кантрольныя органы не прапускалі ў Расею шэраг малочных тавараў і патрабавалі ў беларускага боку дадатковую дакумэнтацыю.
Перад выбарамі Расея кулюарна ціснула на афіцыйны Менск, каб там прызналі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, але Беларусь гэтага не зрабіла.
У чэрвені 2010 году разгарэўся чарговы «газавы канфлікт» паміж Беларусьсю і Расеяй. Расейскі бок гаварыў пра непагашаны доўг, Беларусь у адказ пагражала спыніць транзыт газу ў Эўропу, што і было зроблена. Толькі 24 чэрвеня бакам удалося дамовіцца, пастаўкі ў Беларусь узнавіліся ў поўным аб’ёме.
Перад і падчас перадвыбарчай кампаніі расейскі канал НТВ выпусьціў 5-сэрыйны фільм «Хросны бацька» з рэзкай крытыкай Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі гэтыя сюжэты цэнзуравалі і нават пагражалі закрыць НТВ у Беларусі і перапыніць вяшчаньне. Выходзілі і іншыя сюжэты з крытыкай Лукашэнкі. Пра зьнікненьні ў Беларусі палітыкаў нават выказаўся прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў.
Але назіральнікі СНД, нягледзячы на рэакцыю іншых міжнародных назіральнікаў і пратэставыя акцыі ў Беларусі, выбары прызналі і назвалі іх адкрытымі. Праўда, Дзьмітры Мядзьведзеў тады не павіншаваў Лукашэнку з перамогай, а толькі заявіў, што «выбары — унутраная справа Беларусі».
2015 год: бесканфліктнае прызнаньне
У 2015 годзе рэзка зьнізіўся таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй. Калі за папярэдні год Беларусь нарасьціла пастаўкі садавіны, па словах расейскага боку, за кошт рээкспарту з краін ЭЗ, то ў 2015 годзе гэтыя пастаўкі пачалі блякаваць.
Але істотна на выбарах гэта не адбілася. Не было і палітычнага крызісу, як у 2010 годзе, і рэзкіх заяваў з расейскага боку. Як Расея, так і місія назіральнікаў ад СНД прызналі выбары ў Беларусі. Тады на пост прэзыдэнта, апроч Аляксандра Лукашэнкі, выставілі свае кандыдатуры Тацяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Сяргей Гайдукевіч.
Не было і сур’ёзных акцый пратэсту: у цэнтар Менску пасьля выбараў выйшлі колькі соцень чалавек, некаторых затрымалі.
2020 год: Справа «вагнэраўцаў» і крытыка з боку Расеі
Сёлета напярэдадні выбараў разгарэўся канфлікт вакол затрыманьня ў Беларусі 33 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай арганізацыі «Вагнэр». Расейскі бок запэўнівае, што яны рухаліся ў трэцюю краіну празь Беларусь. Але Лукашэнка і КДБ Беларусі настойваюць, што яны прыбылі менавіта ў Беларусь для атрыманьня далейшых указаньняў.
Па словах КДБ, яшчэ да дзьвюх соцень вайскоўцаў цяпер на тэрыторыі Беларусі, а падчас свайго пасланьня да народу і парлямэнту Лукашэнка заявіў пра «высадку яшчэ адной групы на поўдні Беларусі».
Расейскі бок з нагоды затрыманьня баевікоў выклікаў пасла Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашку і ўручыў яму ноту пратэсту.
4 жніўня ў Цэнтарвыбаркаме заявілі, што ня будуць накіроўваць сваіх назіральнікаў на беларускія выбары, бо «не атрымлівалі такога запрашэньня». Але расейскія назіральнікі будуць працаваць на выбарах у Беларусі ў складзе місіі СНД, што пацьвердзіў расейскі амбасадар Дзьмітрый Мезенцаў.
Пакуль на расейскай тэлевізіі гучыць мала крытыкі Лукашэнкі і выбараў у Беларусі. Толькі ў адной з праграм Уладзіміра Салаўёва закранулі затрыманьне «вагнэраўцаў» і агулам выбары ў Беларусі. Але там крытыкавалі як Лукашэнку, так і альтэрнатыўных кандыдатаў — за бел-чырвона-белыя сьцягі на акцыях.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.