На Youtube-канале беларускага рок-гурту J:морс 5 жніўня апублікавалі кліп на песьню «Дыхаем зноў», якую выканалі дуэтам вакаліст гурту Ўладзімер Пугач і сьпявак Лявон Вольскі. Песьня ёсьць таксама на асноўных музычных пляцоўках.
У камэнтары Tut.by Уладзімер Пугач адзначае, што падзеі апошніх месяцаў не маглі не адбіцца на творчасьці, а песьня была напісаная «практычна на адным дыханьні», што бывае нячаста. Дуэт зь Лявонам Вольскім ён бачыць абсалютна «гарманічным» — раней Вольскі запрасіў яго прасьпяваць разам «Такога няма нідзе», і Пугач «чакаў моманту, калі зможа зрабіць тое самае».
Вольскі ж адзначае, што цяпер «сам час кажа пра тое, што трэба яднацца, рабіць калябарацыі».
Музыкі сьпяваюць:
Спалоханыя, бяскрылыя —
Ці вартыя гэтай долі мы?
Дыхай свабодна, мілая,
Прагна, глыткамі доўгімі,
Дыхай на поўныя грудзі, нам
Ветразі да аблокаў — дом.
Ляці, не глядзі ў мінулае,
Нібы матылёк на свае сьвятло.
Песьня «Дыхаем зноў» мае ўвайсьці ў наступны альбом J:морс, які анансавалі на восень 2020 году.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.