4 жніўня ў Слуцку, дзе плянаваўся агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, міліцыя затрымала больш за паўтара дзясятка чалавек.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, у апошні момант мясцовы райвыканкам адмяніў пікет, матывуючы гэта правядзеньнем у названым месцы рамонтных работ, а тых, хто прыйшоў на пікет, пачалі затрымліваць. Супрацоўнікі АМАПу і людзі ў цывільным выхоплівалі людзей з натоўпу, які чакаў пачатку мерапрыемства.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, у ліку затрыманых мясцовы актывіст Віталь Амяльковіч і рэдактар выданьня SlutskGorod Улад Ярота.
Паводле праваабаронцы цэнтру «Вясна» Юрыя Мяцельскага, затрыманых даставілі ў Слуцкі РАУС, пад будынкам якога іх чакаюць сябры і сваякі. Супрацоўнік Слуцкага РАУС паведаміў, што заўтра, 5 жніўня, над затрыманымі адбудзецца суд а 9 раніцы.
Штаб кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай быў вымушаны ўсьлед за Слуцкам адмяніць прызначаны на вечар 4 жніўня агітацыйны пікет у Салігорску.
На ўезьдзе да стадыёну «Будаўнік» экскаватары капалі зямлю. Афіцыйна Ціханоўская не атрымлівала ніякіх апавяшчэньняў аб адмене мерапрыемства. Як паведаміла яе давераная асоба Вольга Кавалькова, у Салігорску супрацоўнікі міліцыі разагналі людзей, якія прыйшлі на дазволены пікет у дазволеным месцы.
Праваабаронцам таксама вядома пра затрыманьні. Сярод затрыманых — прадстаўнік рэдакцыі «Лидер Пресс» Уладзімер Уфімцаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.