Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ўсе аказаліся няўгодныя цяперашняй уладзе», — Ціханоўская ў Рэчыцы. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

У Рэчыцы на Гомельшчыне адбыўся агітацыйны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. Паводле назіральнікаў, сабралася блізу 2-3 тысяч чалавек.

Жывую трансьляцыю вёў канал «Краіна для жыцьця».

Вядоўца на мітынгу «перадаў прывітаньне снайпэрам, якіх заўважылі на даху 9-павярховага будынку каля капліцы Эўфрасіньні», дзе праходзіць мітынг. Далей вядоўца пахваліў супрацоўнікаў міліцыі, якія пайшлі на дах гэтага дому. «Гэта крута!» — сказаў вядоўца.

Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на паведамленьне пра снайпэраў на даху: «Наўрад ці гэта снайпэр. У нас жа мірная краіна, Можа, чалавеку тут месца не хапіла».

«У Рэчыцы жыве сяброўка дзяцінства маці Сяргея Ціханоўскага. Цёця Паша, калі вы чуеце, вам вялікае прывітаньне ад Сафіі Яфрэмаўны!.. Я думаю, вы былі б радасныя, каб тут стаяў Сяргей Ціханоўскі. Але, на жаль, нашы ўлады убачылі ў ім суперніка і прыбралі яго з дарогі. Сяргей стаў няўгодны ўладзе, бо ён асьмеліўся праявіць грамадзянскую пазыцыю і вам, звычайным людзям, распавесьці праўду. Мы аказаліся ўсе няўгодныя цяперашняй уладзе. Свабоду Сяргею Ціханоўскаму і ўсім палітзьняволеным!», — прамовіла Святлана ў Рэчыцы.

Людзі скандавалі: «Свабоду!», «Малайчына» «Сьвета», «Любім, можам, пераможам» і «Жыве Беларусь», на адрас улады — «Ганьба».

Сябра аб’яднанага штабу, прадстаўніца каманды Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава ў сваёй прамове зьвярнулася да рабочых:

«Захаваныя заводы — гэта заслуга людзей, якія на іх працуюць! Працуюць за вельмі нізкія заробкі. А давайце прадставім з вамі новую краіну, у якой мы будзем жыць, калі 26-гадовы кашмар скончыцца. У новай краіне рабочы не азначае — бедны, гэта работнік эфэктыўнага прадпрыемства, паважаны чалавек, які жыве ў дастатку. У новай Беларусі павінна быць таксама, што рабочы не азначае — маўклівы. Ён прымае ўдзел у жыцьці прадпрыемства, краіны, новы ўрад цэніць рабочых, слухае іх, а не адчытвае, не чытае натацыі, у новай Беларусі гэта ня хлопчык для біцьця. Вы хочаце такую будучыню? Хочаце жыць у новай краіне? Рэчыца з намі», — прамовіла Калесьнікава.

Яна нагадала, што Рэчыца знаходзіцца на тэрыторыі забруджаньня радыянуклідамі, і як улада хавала праўду пра радыяцыю, так цяпер хавае праўду пра каранавірус: «А людзі паміраюць. Ім кажуць, што яны — хворыя, тлустыя. Гэта ганьба. Цяпер улада спрабуе нас пераканаць, што ў яе высокі рэйтынг. Калі гэта так, то чаму вас тут так шмат, як і ў тых гарадах, куды мы прыяжджаем? А праўда ў тым, што ўлада трымае свой уласны народ за дурняў. Яны думаюць, што калі будуць казаць хлусьню крыкам, то ім павераць. А мы ня верым», — заявіла Калесьнікава.

Сябра аб’яднанага штабу, жонка незарэгістраванага кандыдатам на прэзыдэнта Валера Цапкалы Вераніка Цапкала ў сваёй прамове заклікала галасаваць за Сьвятлану Ціханоўсакую, рэгістравацца назіральнікамі і насіць белыя бранзалеты:

«Усе, што мы хочам, каб нашы людзі жылі лепш, багацей, шчасьлівей. Паглядзіце на сытуацыю з каранавірусам... Яны заклікалі працаваць на трактары і лячыцца іншымі сродкамі. Вы ж разумееце, што гэта ненармальна... У нас адна мэта — мы хочам жыць у новай, багатай і шчасьлівай краіне!. Мы стаім на гістарычным раздарожжы. Нашы падаткі марнуюцца на майбахі, залатыя ўнітазы... Толькі разам мы пераможам!»

  • Гэта ўжо дзясяты горад у выбарчым турнэ кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы па Беларусі: Дзяржынск, Глыбокае, Наваполацк, Віцебск, Ворша, Магілёў, Бабруйск. Сёньня быў Жлобін, а 20-й увечары будзе Гомель.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG