Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала зьехаў зь дзецьмі зь Беларусі ў Расею «ў мэтах бясьпекі».
Пра гэта ён паведаміў расейскаму тэлеканалу «Дождь» 24 ліпеня. Яго жонка Вераніка засталася ў Беларусі. Былы кіраўнік прэс-службы Цапкалы Аляксей Урбан пацьвердзіў Свабодзе, што гэта сапраўды так.
Паводле Цапкалы, да яго «паступіла інфармацыя», што яго рыхтуюцца арыштаваць, таму ён зьехаў за мяжу. Яшчэ 29 чэрвеня Міністэрства ўнутраных справаў паведамляла, што ў ведамства паступілі матэрыялы пра «факты проціпраўнай дзейнасьці» Цапкалы, на падставе якіх праводзілася праверка.
«Мы атрымалі інфармацыю з вартых даверу крыніц, што майго мужа плянуюць затрымаць з надуманых абставінаў, — сказала Tut.by Вераніка Цапкала, жонка Валера Цапкалы. — Мы ня ведалі, што гэта за абставіны, але два дні таму пракуратура прыйшла ў школу, дзе вучацца мае дзеці, і прасілі настаўнікаў напісаць заявы. Як я разумею, яны запусьцілі працэс для пазбаўленьня мяне бацькоўскіх правоў. Менавіта таму мы прынялі рашэньне, што вывозім Валера і дзяцей з тэрыторыі Беларусі, таму што мы бачым рэальную пагрозу і небясьпеку».
Сама яна засталася ў Беларусі — як сказала Вераніка Цапкала, «з баявымі сяброўкамі»: кандыдаткай у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай і кіраўніцай штабу Віктара Бабарыкі Марыяй Калесьнікавай.
Беларускі бізнэсовец турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы падаў пазовы ў суд на Цапкалу за хабарніцтва і за зьнявагу. Першае паседжаньне ў справе аб «зьнявазе» прайшло 21 ліпеня — Валера Цапкалы на ім не было, Ігдэджы дапускаў, што падасьць заяву і на яго жонку Вераніку Цапкалу.
Валер Цапкала працяглы час не зьяўляўся на публіцы, у тым ліку на паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі, калі тая адмовіла яму ва ўдзеле ў прэзыдэнцкіх выбараў на падставе малой колькасьці сабраных подпісаў (большую частку подпісаў адхілілі як несапраўдныя) і памылак у дэклярацыі. Урбан тлумачыў: Цапкала быў на самаізаляцыі праз падазрэньні на каранавірус, якія не пацьвердзіліся.
Пакуль яго не было ў публічнай прасторы, ягонае месца заняла жонка — Вераніка Цапкала абвяшчала пра аб’яднаньне сілаў штабу з кандыдаткай Сьвятланай Ціханоўскай, удзельнічае ў паездках Ціханоўскай па Беларусі. Зьвестак пра тое, што Вераніка Цапкала зьяжджае, не было, але былі анонсы яе ўдзелу ў бліжэйшых пікетах Ціханоўскай.
Дзяцей Сьвятланы Ціханоўскай разам зь іхнай бабуляй вывезьлі ў бясьпечнае месца ў краіне Эўразьвязу яшчэ 20 ліпеня. Ціханоўская заяўляла, што ёй паступалі пагрозы адносна дзяцей яшчэ перад здачай подпісаў за вылучэньне кандыдаткай.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.