Кандыдатка на прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская не змагла прыехаць на сустрэчу з актывісткамі ініцыятывы «Маці 328», якая мелася адбыцца ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну.
«Па сямейных абставінах. Прычына такая, якую перанесьці на іншы час было немагчыма», — так патлумачыла адсутнасьць Сьвятланы Ціханоўскай яе давераная асоба Вольга Кавалькова.
Разам з прадстаўніком штабу Ціханоўскай Алегам Маісеевым яна выслухала актывістак «Маці 328», якія сёмы дзень трымаюць у Востраве галадоўку пратэсту.
Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам для абмеркаваньня нявырашаных праблем у справе змаганьня з наркотыкамі.
«Лукашэнка на нас не зьвяртае ўвагі. Спадзяваліся на Ціханоўскую, будзем далей яе чакаць. А вы раскажыце, як штаб Ціханоўскай бачыць вырашэньне гэтых праблем», — зьвярнуліся актывісты да Вольгі Кавальковай.
Што патрабуюць актывісты «Маці 328»
— Яны патрабуюць адмены прэзыдэнцкага дэкрэту № 6, пасьля зьяўленьня якога значна вырасьлі тэрміны пакараньня за распаўсюджаньне наркотыкаў. «Маці 328» лічаць, што дэкрэт выканаў сваю ролю і цяпер патрэбен больш гуманны падыход, які патрабуе высокай кваліфікацыі сьледчых і судзьдзяў ды ўвагі ўсяго грамадзтва.
— Нядаўнія зьмены ў 328-ы антынаркатычны артыкул Крымінальнага кодэксу дапамаглі зьменшыць прысуды сотням асуджаных паводле 2 і 3 частак артыкула 328, але 4-я частка артыкулу засталася ў ранейшым выглядзе. Між тым паводле яе, як лічаць галадоўніцы, было несправядліва асуджана шмат моладзі.
«Іх справы не перагледзелі, і пэрспэктыў ніякіх. У калёніях расьце напружанасьць паміж тымі, каму зьменшылі тэрмін, і тымі, каго лібэралізацыя не закранула», — тлумачылі актывісткі.
Прагучала і такое патрабаваньне да ўладаў: «Адпусьціце нашых дзяцей, хопіць выкарыстоўваць бясплатных рабоў».
— Не было выканана абяцаньне аб вызваленьні, якое даваў дзейны прэзыдэнт Лукашэнка адносна непаўналетніх асуджаных за распаўсюджваньне наркотыкаў, — мяркуюць актывісткі «Маці 328».
«Ён абяцаў, што ўсіх непаўналетніх „першаходак“ выпусьцяць, калі распрацуюць і прымуць мэханізм паручальніцтва з боку бацькоў. Але нічога ня зроблена, такога мэханізму не зьявілася, ювэнальная юстыцыя таксама праваленая, і нашы дзеці засталіся за кратамі. На каго нам спадзявацца?» — абуралася актывістка Сьвятлана, чый сын трапіў у калёнію для непаўналетніх.
Сьвятлана прапануе тэрмінова прыняць нормы ювэнальнай юстыцыі, якія дазваляюць ужываць да непаўналетніх злачынцаў ня столькі карныя, колькі выхаваўчыя захады.
— Практыка фабрыкацыі крымінальных спраў паводле 328-га артыкула працягваецца, бо сьледчым па-ранейшаму даюць заданьні і пляны.
«Пракуроры не зьвяртаюць увагі на парушэньні закону ў такіх справах, адвакаты толькі выцягваюць грошы з бацькоў падсудных, а судзьдзі штампуюць вялікія тэрміны. Нічога не зьмянілася», — казалі актывісткі Вользе Кавальковай.
— У праблеме імклівага распаўсюду наркотыкаў значны эканамічны і карупцыйны чыньнік. Паводле актывістак «Маці 328», пералічэньні за наркотыкі ідуць праз пэўныя банкі, якія кантралююцца людзьмі пры ўладзе. «Праваахоўнікі могуць спыніць гэтыя разьлікі, вылічыць, хто за імі стаіць, і выйсьці на сьлед наркабаронаў, але такіх працэсаў мы ня бачым. Гэта невыпадкова», — лічыць галадоўніца Ала Берналь.
«Працэнт апраўдальных прысудаў у нас меншы, чым у 1937-м»
У канцы размовы Вольга Кавалькова паведаміла, што асабіста як юрыст і палітык шчыльна займаецца тэмай распаўсюджваньня наркотыкаў ужо больш за 4 гады і бачыць, што простых рашэньняў гэтая праблема ня мае.
Паводле Вольгі Кавальковай, толькі пад ціскам руху «Маці 328» ды іншых прадстаўнікоў грамадзкасьці апошнім часам удалося лібэралізаваць антынаркатычны артыкул 328, двойчы дамагчыся амністыі для часткі асуджаных за распаўсюджваньне наркотыкаў, зьменшыць ціск на асуджаных паводле артыкула 328 у месцах зьняволеньня. Але, як мяркуе Вольга Кавалькова, патрэбныя не касмэтычныя, а сыстэмныя зьмены, якія немагчымыя, пакуль прэзыдэнтам застаецца Аляксандар Лукашэнка.
«Судовая сыстэма павінна быць незалежнай ад прэзыдэнта, а цяпер яна залежыць ад аднаго чалавека, і як вынік — працэнт апраўдальных прысудаў у нас меншы, чым у 1937 годзе. Таксама не працуе інстытут абскарджваньня судовых рашэньняў, таму сядзяць у вязьніцах Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка ды іншыя палітвязьні», — кажа Вольга Кавалькова.
Яна заклікала актывістак «Маці 328» 9 жніўня ісьці на выбары і галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую. Галадоўніцы ў адказ перадалі Сьвятлане Ціханоўскай кошык белых хрызантэм і чырвоных гвазьдзікоў ды прасьпявалі песьню «Разбуры турмы муры».
Што варта ведаць пра ініцыятыву «Маці 328»
- Абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі.
- Грамадзкую арганізацыю «Маці-328» не дазваляюць зарэгістраваць.
- Напісалі звыш 3 тысяч зваротаў у Палату прадстаўнікоў, дамагліся сустрэчы з колішняй кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.
- Зьвярнулі ўвагу, што пішуць у абвінавачваньні іхных дзяцей: «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
- Ладзілі масавыя галадоўкі дзеля зьменаў.
- Ажыцьцявілі паломніцкі тур па калёніях з іконай Маці Божай, якую ім падаравалі на гары Афон, ад Менску да Марʼінай Горкі.
Чаго дамагліся «Маці 328»
- Сёлета ў Беларусі на два гады зьменшылі ніжэйшы парог тэрміну, на які можна пасадзіць за наркотыкі (раней — 8 гадоў, цяпер — 6).
- Дзякуючы гэтаму ўжо асуджаным, якія абскарджваюць свае выракі, скарачаюць тэрміны.
- У калёніях асуджаным паводле 328-га артыкулу замянілі зялёныя нашыўкі на робе зь імем і нумарам атраду на звычайныя белыя, як ва ўсіх. Зялёныя нашыўкі зьявіліся ў 2015 годзе, імі адзначалі «наркаманаў». Бацькі іх параўноўвалі з «зоркамі Давіда», якія мусілі насіць габрэі падчас апошняй вайны.
- Рух «Маці 328» працягне працу, хоць многіх асуджаных ужо вызвалілі.