Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: «Дзеяньні беларускіх уладаў выклікаюць пытаньні пра сумленнасьць выбараў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач у інтэрвію Polskie Radio 20 ліпеня расказаў, што хацеў бы, каб прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі правялі празрыста, з захаваньнем прынцыпаў дэмакратыі і адпаведна міжнародным стандартам.

Польская дыпляматыя ўважліва сочыць за сытуацыяй з выбарамі ў Беларусі ад абвяшчэньня даты галасаваньня, сказаў намесьнік міністра.

«Мы ўспрымаем сытуацыю як вельмі складаную і спрабуем яе інтэрпрэтаваць перш за ўсё праз прызму найважнейшага пытаньня, якім для Польшчы ёсьць павага сувэрэнітэту і суб'ектнасьці Беларусі, а таксама павага да асноўных правоў грамадзянаў», — растлумачыў Марцін Пшыдач.

Ён згадаў, што выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць «на фоне сур’ёзных выклікаў»: «вельмі складаных і няясных стасункаў з Расеяй, якія перасякаюцца з наступствамі пандэміі COVID-19, і неспрыяльных эканамічных трэндаў».

«Тым ня менш дзеяньні беларускіх уладаў, якія тычацца выбарчага працэсу і нападу на грамадзянскія свабоды, выклікаюць пытаньні сумленнасьці гэтых выбараў, — заявіў Пшыдач. — Цяжка прайсьці міма рэпрэсіяў супраць некаторых кандыдатаў, блогераў, актывістаў ці прадстаўнікоў СМІ — затрыманьняў, арыштаў і штрафаў, запалохваньня, адмовы ў рэгістрацыі двух прэтэндэнтаў».

Ён падкрэсьліў, што палітычная актыўнасьць ня мусіць станавіцца прычынай рэпрэсіяў, а затрыманым трэба забясьпечыць справядлівы судовы разбор адпаведна беларускаму заканадаўству і дэмакратычным стандартам.

МЗС Польшчы распачало дзеяньні ў абарону затрыманых актывістаў, блогераў і журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў польскага тэлеканалу «Белсат», які вяшчае на Беларусь. Таксама польскі бок удзельнічае ў дыялёгу Эўразьвязу зь Беларусьсю, спрабуе наўпрост размаўляць з уладамі ў Менску. Пшыдач мяркуе, што не абмежаваны толькі афіцыйнымі заявамі беспасярэдні дыялёг — найбольш прыдатны спосаб у такой сытуацыі.

Пшыдач назваў незалежныя беларускія сродкі масавай інфармацыі асабліва каштоўнымі, «улічваючы палітыку дэзынфармацыі, якую праводзяць некаторыя дзяржавы». Таксама ён адзначыў надзвычай высокую актыўнасьць звычайных грамадзян на сёлетніх выбарах у Беларусі, згадаў чэргі на зборы подпісаў. На думку дыплямата, гэта сьведчыць пра вялікую патрэбу ў зьменах і стомленасьць ад кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG