Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС назвала «бессэнсоўным дзеяньнем» працяг мандату спэцдакладчыка ААН па Беларусі


Спэцдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн
Спэцдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн

«Пытаньне не выклікае нейкага асаблівага ажыятажу. Проста бессэнсоўнае дзеяньне» — так пракамэнтаваў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз працягу мандату спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«Дзейнасьць так званага спэцдакладчыка мала каму цікавая, ня мае ніякай сувязі з рэальным становішчам рэчаў і ніякага ўплыву. Мандат мы не прызнаём, — сказаў Глаз. — Гэта ў прынцыпе абсурд, калі ў XXI стагодзьдзі робяцца спробы выбудаваць герархію паміж раўнапраўнымі дзяржавамі. Бо, па сутнасьці, што адбываецца: адны краіны, якія асабіста абвясьцілі сябе „чэмпіёнамі“ ў галіне правоў чалавека, ініцыююць рэзалюцыі Рады па правах чалавека, скіраваныя супраць іншых краін».

Прэс-сакратар МЗС назваў гэта абсурдам і дадаў, што ёсьць «шмат мэханізмаў, якія даказалі сваю эфэктыўнасьць і ў межах якіх краіны прадуктыўна працуюць па праваабарончых пытаньнях».

17 ліпеня Рада ААН па правах чалавека прыняла рэзалюцыю што да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яшчэ на год працягнула мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі. Рада заклікала беларускія ўлады:

  • гарантаваць правядзеньне свабодных, сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў, прыняць меры для садзейнічаньня мірнаму працэсу ў адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі дзяржавы,
  • дазволіць спэцдакладчыцы Анаіс Марэн наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасьці,
  • выконваць рэкамэндацыі спэцдакладчыцы і пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі адмысловымі працэдурамі ААН.

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 22 члены РПЧ ААН, супраць — 5, устрымаліся — 20.

Мандат спэцдакладчыка ў пытаньні аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны РПЧ ААН пасьля хвалі масавых арыштаў апазыцыйных палітыкаў і рэпрэсій у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Спэцдакладчык прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 году.

Анаіс Марэн выбралі на пасаду спэцдакладчыка у 2018 годзе.

Афіцыйны Менск не прызнае мандату спэцдакладчыка і заклікае РПЧ ААН скасаваць яго, кажучы, што ён носіць «несправядлівы і палітызаваны» характар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG