Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы мітынг на Бангалор: гісторыя выбірае сваімі агентамі зусім нечаканых пэрсанажаў


За 30 гадоў бачыў шмат апазыцыйных мітынгаў. Ведаю ў твар многіх апазыцыйных актывістаў. Але сёньня на Бангалоры знаёмых людзей было вельмі мала, лічаныя адзінкі. Зусім ня шмат было бел-чырвона-белых сьцягоў.

На пратэст выходзяць зусім новыя людзі, найперш маладыя. Палітычныя навабранцы. Здаецца, гэтую новую Беларусь прагледзеў і існы палітычны рэжым, і традыцыйная апазыцыя.

Назіральнікі ацэньваюць колькасьць удзельнікаў мітынгу ад 7 да 10 тысяч. Гэта шмат ці не? З аднаго боку, ужо некалькі гадоў Менск ня бачыў такой масы людзей, якія б сабраліся на мітынг пратэсту. А з другога, папярэдняя «падпісная рэвалюцыя», напал дыскусій ў сацыяльных сетках давалі падставы разьлічваць на больш маштабны выхлап пратэставага патэнцыялу. Тым больш што мерапрыемства было дазволенае.

З паліттэхнялягічнага гледзішча мітынг (ці, калі быць юрыдычна дакладным, пікет) быў нядрэнна арганізаваны. Гучалі песьні, слоганы, якія падхоплівала аўдыторыя, прысутнічала сымболіка, эфэктыўна задзейнічаныя інфармацыйныя тэхналёгіі.

Выхад на сцэну Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы быў абстаўлены эфэктна. Яны трымаліся, выступалі значна лепш, чым на апошняй прэсавай канфэрэнцыі. Няхай сабе і карысталіся шпаргалкамі. Гэтыя жанчыны-палітыкі хутка вучацца.

Тое, што яны паўтарылі свой выступ на мітынгу ў Дзяржынску, ня ёсьць мінус. Падручнікі па паліттэхналёгіях вучаць, што кандыдат павінен убіваць у галаву выбарнікаў кароткі і зразумелы пасыл, які трэба ўвесь час паўтараць.

Калі да зьместу выступаў, то пасланьне было больш дакладна сфармулявана, чым раней. Калі коратка, то яно зводзіцца да наступнага:

  • Трэба ісьці на выбарчыя ўчасткі 9 жніўня і галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую.
  • Яна абяцае, што яе галоўнай задачай у выпадку выбраньня будзе правядзеньне новых свабодных выбараў, у якіх будуць удзельнічаць тыя палітыкі, якія сядзяць за кратамі, і ўсе ахвотныя.
  • Такім чынам, галасаваньне за Сьвятлану — гэта ня выбар новага прэзыдэнта, а галасаваньне супраць Лукашэнкі. Гэта спосаб пазбавіцца ад аднаасобнай улады аднаго чалавека. Гэтая ідэя была сфармулявана больш дакладна і пасьлядоўна, чым на апошняй прэсавай канфэрэнцыі.
  • А яшчэ заклік да падключэньня за назіраньнем на выбарчых участках, неабходнасьць забясьпечыць максымальны кантроль за галасаваньнем.
  • Таксама прагучаў новы матыў — заклік актыўна абараняць свае галасы. Раней гэты тэзіс гучаў больш прыглушана, маўляў, хто як лічыць патрэбным, так і пратэстуе.

Такім чынам, пратэставы патэнцыял грамадзтва канцэнтруецца вакол Сьвятланы Ціханоўскай. Астатнія кандыдаты пакуль па-за гульнёй. Андрэй Дзьмітрыеў сабраў на Бангалоры толькі некалькі дзясяткаў чалавек. Лёгікай палітычнага працэсу Сьвятлана абсалютна нечакана апынулася на вастрыні палітычнай барацьбы. Так бывае, што гісторыя выбірае сваімі агентамі зусім нечаканых пэрсанажаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG