Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская на пікеце ў Дзяржынску: Пагроза ўладзе — не ў кандыдатах, а ў народзе. Відэа

абноўлена

19 ліпеня ў Дзяржынску (Койданаве) прайшоў агітацыйны пікет у падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская прыехала на пікет разам з прадстаўніцай штабу Віктара Бабарыкі Марыяй Калесьнікавай і жонкай экс-прэтэндэнта ў кандыдаты Валера Цапкалы Веранікай Цапкалай. 16 ліпеня штабы Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы аб'ядналіся.

На пляцоўцы для агітацыі кандыдатку і прадстаўнікоў штабоў Бабарыкі і Цапкалы чакалі сотні людзей. Іх сустракалі песьняй «Стены рухнут» і гучнымі авацыямі. Не пераставалі гучна пляскаць Сьвятлане і падчас яе выступу.

У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская зазначыла, што ўлады не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, бо спалохаліся.

«Яны ўбачылі пагрозу для ўлады, але яны не зразумелі, што пагроза не ў кандыдатах, а ў самім народзе, якому надакучыла жыць ў прыніжэньні і страху», — выказалася кандыдат у прэзыдэнты.

Сьвятлана Ціханоўская заўважыла, што яе муж — вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі — «разбудзіў беларусаў, якія ўжо ня вернуцца ў зручны для ўлады сонны стан».

Яна расказала, што Сяргей Ціханоўскі ў сваіх паездках па Беларусі даведаўся ад людзей пра іх «няпростае жыцьцё, карупцыю, бяспраўныя суды». «Ім хацелася людзьмі звацца, і Сяргей стаў надзеяй на перамены для многіх, надзеяй на новую Беларусь — свабодную і заможную краіну».

«Улада спалохалася праўды, пачаліся затрыманьні, рэпрэсіі, запалохваньні. Сяргея пасадзілі ў турму. У нашай сям'і адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, і таму я прыняла рашэньне падтрымаць Сяргея і зарэгістравацца замест яго.

Гэта быў няпросты крок, але калі падчас збору подпісаў я ўбачыла шматлікія чэргі, гэта дало мне шмат сілаў. І я вырашыла, нягледзячы ні на што, ісьці далей, і толькі наперад. Бо я адчула адказнасьць за ўсіх тых людзей, якія, як і Сяргей, хочуць перамен», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Марыя Калесьнікава: «Не бойцеся аўтазаку. Гэта проста машына»

На пікеце ў Дзяржынску выступіла Марыя Калесьнікава — прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі. Яна нагадала, што сапраўдная сіла і ўлада — у руках народу. Прысутныя пачалі скандаваць: «Пераможам!».

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Прадстаўніца штабу заўважыла, што за апошнія два месяцы ніхто не пазнае Беларусь, бо яна зьмянілася, прачнулася.

«Ужо не чуваць такіх фразаў, што „нічога ня зьменіцца“, мы можам зьмяніць! Мы стаміліся ад гэтага вэрхалу, падману, гэтага драндулету, які развальваецца, мы раззлаваліся канчаткова!» — сказала Марыя Калесьнікава.

Яна падкрэсьліла, што цяпер фіксуецца кожная адпіска ад чыноўнікаў, кожны падман і фальсыфікацыі.

«Чыноўнікі, судзьдзі цяпер пакідаць сьляды, як ніколі раней. Мы працягваем паказваць сваю нязгоду. Мы, грамадзяне, жывём па законе, а ўлада — па гвалце. Ня бойцеся аўтазаку — гэта проста машына. АМАП — гэта ўсяго толькі людзі», — заявіла прадстаўніца штабу Бабарыкі.

Калесьнікава зазначыла, што цяпер трэба зрабіць выбар: сядзець дома перад тэлевізарам і «Славянскім базарам», «праводзячы нашу апошнюю надзею на свабоду», ці ісьці наперад, «выкладацца, змагацца і выканаць мару апошніх двух дзясяткаў гадоў».

Вераніка Цапкала заклікала прыхільнікаў перамен прыходзіць на выбары зь белым бранзалетам на руцэ

Вераніка Цапкала распавяла на пікеце пра розныя ініцыятывы, якія перашкодзяць уладзе сфальсыфікаваць выбары. Напрыклад — белы бранзалет. «Белы — гэта колер жыцьця, свабоды, нечага новага. Хто будзе зь белым бранзалетам — гэта значыць, той супраць улады», — патлумачыла Вераніка Цапкала.

Яна заклікала людзей ісьці на выбары 9 жніўня і галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама прыняць актыўны ўдзел у назіраньні.

«Чым больш будзе нас, народу, тым цяжэй уладзе будзе зрабіць фальсыфікацыю. Трэба, каб нас было больш на ўчастках, чым іх. Удзельнічайце ў ініцыятыве „Честные люди“.

Мы запусьцілі ініцыятыву „Хакатон“. І цяпер больш за 200 грамадзян, таленавітая моладзь, удзельнічаюць у хакатоне, працуюць над тым IT-рашэньнем, якое дапаможа не сфальсыфікаваць выбары», — сказала Вераніка Цапкала.

Белыя стужкі на руках, онлайн галасаваньне і фота зь бюлетэнем. Прапановы, як змагацца з фальсыфікацыямі, ад «Честных людей»

Ільля, прадстаўнік плятформы назіраньня «Честные люди», накіраванай на правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў, распавёў пра кампанію і некаторыя прапановы назіральнікаў, што рабіць супраць фальсыфікацый на выбарах:

  • Галасаваць толькі ў асноўны дзень выбараў, 9 жніўня, у другой палове дня, бо калі нехта прыйдзе і пабачыць сваё прозьвішча ў журнале тых, хто ўжо пра галасаваў, «камусьці давядзецца за гэта адказваць». Датэрміновае галасаваньне — «самае вялікае поле для фальсыфікацый».
  • У дзень выбараў прыходзіць на выбарчы ўчастак зь белай стужкай ці белым бранзалетам на руцэ, каб назіральнікі маглі пабачыць і падлічыць тых, што выступае за сумленныя выбары.
  • Галасаваньне онлайн: 22 ліпеня на сайце «Честных людей» павінен зьявіцца сэрвіс, які дазволіць усім ахвочым прагаласаваць онлайн, а ў дзень выбараў — сфатаграфаўшыся зь бюлетэнем, паслаць фота на гэты сэрвіс.
  • Ісьці ў назіральнікі: прадстаўнік кампаніі заклікаў усіх удзельнічаць у кампаніі назіраньня за выбарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG