Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па іншых касьцёлах такіх пытаньняў не было». Падрабязнасьці гісторыі канфлікту з падаткамі вакол Чырвонага касьцёла


Чырвоны касьцёл. Фота ©Shutterstock
Чырвоны касьцёл. Фота ©Shutterstock

Прадстаўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько паведаміў Свабодзе, што рахункі, выстаўленыя парафіі Чырвонага касьцёла, сталі нечаканасьцю. Зь іншымі касьцёламі такога дагэтуль не было.

12 ліпеня падчас службы ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску вернікам паведамілі, што ўлады налічылі падатак на зямлю і амартызацыю будынка ў памеры 13 тысяч рублёў штомесяц. Агульны доўг — 156 тысяч рублёў.

«Гэтыя рахункі былі нечаканасьцю для касьцёла. Такое здарылася першы раз. Упершыню мы атрымалі такі рахунак, і мы разьбіраемся, чаму такі рахунак. Па іншых касьцёлах падобныя пытаньні не ўзьнікалі».

Будынкі касьцёлаў знаходзяцца ва ўласнасьці або дзяржавы, або парафіі. У Менску касьцёл на Кальварыі належыць дзяржаве, а катэдральны касьцёл на плошчы Свабоды — парафіі, як і касьцёл на Залатой горцы. У Магілёве катэдральны касьцёл належыць дзяржаве.

Юры Санько, архіўнае фота
Юры Санько, архіўнае фота

Пытаньне вяртаньня сьвятыняў парафіянам, паводле ксяндза Юр’я Санько, «заўсёды адкрытае, і мы размаўляем адносна гэтых пытаньняў». Гэта тычыцца і Чырвонага касьцёла. Ён належыць дзяржаве, канкрэтней — уласнасьць Менгарвыканкаму.

«Менгарвыканкам перадаў яго ў кіраваньне „Менскай спадчыне“ ў 2013 годзе. Таму захады, каб касьцёл вярнулі парафіі, ня першыя, раней таксама прасілі. Вядома, што сёньня яны абумоўленыя перш за ўсё тым, што прыйшлі невядомыя рахункі. З рахункамі мы цяпер разьбіраемся, чаму такія лічбы. А будзе ён вернуты ці ня будзе, гэта трэба пытацца ў Менгарвыканкаму».

Чым справа скончыцца, ксёндз Юры Санько не прагназуе.

«Ад нас гэта не залежыць. Мы зьвярнуліся з просьбай».

У Менгарвыканкаме і «Менскай спадчыне» на просьбу карэспандэнта Свабоды сытуацыю не пракамэнтавалі. Раней у «Менскай спадчыне», якая займалася рэканструкцыяй будынку, тлумачылі, што касьцёл знаходзіцца ў «бязвыплатным карыстаньні», таму льготаў па падатках законам не прадугледжваецца.

«Мы ня маем магчымасьці плаціць штомесяц 13 тысяч рублёў»

А ў Чырвоным касьцёле працягваецца збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі — касьцёл з плябаніяй просяць вярнуць парафіі. На сёньняшні дзень сабралі каля паўтары тысячы подпісаў.

«Касьцёл — дом Божы, які быў пабудаваны Эдвардам Вайніловічам, ён прызначаны для праслаўленьня Пана Бога. Бальшавіцкія ўлады гэты касьцёл адабралі ў вернікаў і заснавалі тут Дом кіно. У 90-я гады ўсё памянялася, і будынак вярнулі вернікам. Але дагэтуль ён у дзяржаўнай уласнасьці. Юрыдычная асоба, якая валодае ад імя дзяржавы будынкам, — „Менская спадчына“. Ёй выстаўляюць падаткі без усялякіх ільготаў, і яна на аўтамаце ставіць іх касьцёлу. Гэтыя падаткі нарастаюць, і справа можа дайсьці да суду. Мы ня маем магчымасьці плаціць штомесяц 13 тысяч рублёў, бо ахвяраваньні вернікаў ідуць на ўтрыманьне сьвятыні», — сказала карэспандэнту Свабоды Валянціна, якая каардынуе збор подпісаў.

Вернікі ўжо зьвярталіся да Менгарвыканкаму з просьбай вярнуць касьцёл парафіі. Аднак Менгарвыканкам адмовіў, бо ня бачыць неабходнасьці аддаваць касьцёл вернікам. Таму цяпер будуць зьвяртацца да кіраўніка дзяржавы.

«Гэта боская справа, і мы спадзяёмся, што з боскай дапамогай яна будзе вырашана. Гэта было збудавана для вернікаў, таму і павінна быць у вернікаў», — сказала Валянціна.

«Калі вярнулі, дык вы ж вярніце да канца»

Карэспандэнт Свабоды выслухаў людзей, якія ставілі подпісы пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі.

  • «Царква павінна быць аддзелена ад дзяржавы. Гэты касьцёл не ствараўся дзяржавай. Вярнулі людзям — і зноў спрабуюць адабраць, што гэта за гульні такія?»
  • «Мне неабыякавы лёс гэтага прыгожага будынка. Яго могуць аддаць дзяржаве і зрабіць усё што заўгодна. Гэта адкат да савецкіх часоў, і гэта ні ў якім разе не дапушчальна».
  • «Гэта храм Божы, каб людзі сюды прыходзілі і маліліся. Як гэта так — будавалі для Пана Бога, а нехта ўзяў і лічыць, што ён там гаспадар? Гэта несправядліва, як так можа быць? З 90-х гадоў усё ж памянялася, і гэты касьцёл не будынак для кіно. Калі вярнулі, дык вы ж вярніце да канца. Тут толькі дабру вучаць. Калі гэта будынак іхні, дык чаму мы павінны плаціць падатак? Спадзяваліся, што пасьля рамонту ўсё будзе добра. А цяпер зноў. І зрабілі ня вельмі добра, бо алтар зацякае. Таму ня ведаю, для чаго гэта ўсё робіцца — каб нас знэрваваць, каб мы перажывалі?»
  • «Я падпісалася, бо гэта належыць народу, а не дзяржаве. Такія вялікія падаткі, якія цяпер усплылі, гэта проста нейкія палітычныя гульні».
  • «Касьцёл павінен быць у вернікаў. Гэтая маёмасьць належыць народу Беларусі, а ніяк ня ўладам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG