Літва прыпыніла трансьляцыю на сваёй тэрыторыі праграмаў расейскага дзяржаўнага тэлеканалу RT (Russia today).
Прычынай такога рашэньня названыя сувязі RT з журналістам, намесьнікам генэральнага дырэктара ВГТРК Дзьмітрыем Кісялёвым, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.
Як паведаміў у сераду старшыня Літоўскай камісіі ў пытаньнях радыё і тэлевізіі Мантас Марцішус, у краіне будзе спыненая рэтрансьляцыя пяці праграмаў RT. Рашэньне ўступіць у сілу 9 ліпеня. «Вяшчаньне прыпыняецца не з прычыны якіх-небудзь парушэньняў, а таму, што ў сьпіс фізычных асобаў, якія трапляюць пад санкцыі, занесены чалавек, зьвязаны з гэтымі праграмамі. І гэта спадар Кісялёў. Ён не павінен атрымліваць выгаду», — падкрэсьліваюць літоўскія ўлады.
Аб падобнай забароне з той самай прычыны раней абвясьціла Латвія, дзе ад 30 чэрвеня спынілася вяшчаньне сямі праграмаў RT. Дзьмітрыя Кісялёва, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, на Захадзе абвінавачваюць у дачыненьні да «крамлёўскай прапаганды» ў падтрымку анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе.
Кісялёў узначальвае расейскую дзяржаўную мэдыягрупу «Расея сёньня», у якую ўваходзяць RT, іншыя каналы, радыёстанцыі і вэбсайты, навінная служба Sputnik, агенцтва эканамічнай інфармацыі Прайм, партал перакладных матэрыялаў Inosmi.ru.
Прадстаўнік амбасады Расеі ў Літве Аляксандр Кудраўцаў у інтэрвію агенцтву BNS заявіў, што сьцвярджэньні аб тым, што Дзьмітры Кісялёў кантралюе групу каналаў RT, не адпавядае рэчаіснасьці, і МЗС Расіі гэта ўжо тлумачыла. Паводле Кудраўцава, забарону на вяшчаньне RT расейскі бок расцэньвае як «недружалюбнае рашэньне» і як «чарговы крок у барацьбе з альтэрнатыўным меркаваньнем і свабодай СМІ».
Дзьмітры Кісялёў, камэнтуючы раней забарону Рыгі на вяшчаньне праграм RT, сказаў, што гэтае рашэньне «паказвае глупства і недасьведчанасьць латвійскіх уладаў», і што яны павінны папрасіць прабачэньня ў супрацоўнікаў каналу і вярнуць яго ў этэр.