Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліенку асудзілі на 15 сутак за «заклік да флэшмобу». Ён заявіў, што ў перапынку суду яго зьбіў АМАП

абноўлена

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

У судзе Першамайскага раёну Менску 8 ліпеня разглядаюць справу актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенкі, яго вінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» за публікацыю здымкаў, на якіх людзі грукаюць у рондалі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Вырак — 15 дзён арышту.

Працэс пачаўся а 10-й раніцы, яго вядзе судзьдзя Настасься Ляйкоўская. Паліенка заявіў, што яго не пазнаёмілі з матэрыяламі справы і не патлумачылі сутнасьць парушэньня. На гэта ён з адвакатамі падаў скаргу.

Падчас азнаямленьня з матэрыяламі справы міліцыянт Сяргей Астаф’еў спрабаваў сарваць з заплечніка Паліенкі паперу з надпісам «Таких, как я, 97%».

У выніку судзьдзя адправіла справу на дапрацоўку, але пратакол «дапрацавалі» проста ў будынку суду падчас перапынку, а прысутных заблякавалі ў калідоры. У «дапрацаваным» пратаколе абвінавачаньне зьмянілася: Паліенка «разьмясьціў заклік да флэшмобу».

Пасьля гэтага прысутных пусьцілі ў залю, адвакат падаў хадайніцтва на азнаямленьне з матэрыяламі справы, судзьдзя зрабіла перапынак яшчэ на 20 хвілінаў. Калідор суду адчынілі, ахвочыя змаглі выйсьці. Паліенка сказаў, што нязгодны з пратаколам і адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе.

Ён пайшоў да выхаду з будынку, але ў калідоры яго схапілі шасьцёра супрацоўнікаў АМАП, пацягнулі ў міліцэйскую машыну Škoda і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Працэс пры гэтым працягнулі.

Праз паўгадзіны Паліенку вярнулі ў суд. Ён заявіў, што супрацоўнікі АМАП яго зьбілі. На паседжаньні выступіў маёр зь Першамайскага РУУС Іван Квачан, які расказаў, што пабачыў пост з заклікам на флэшмоб на старонцы Паліенкі. Судзьдзя абвясьціла перапынак, Паліенку зноў завялі ў машыну АМАП. Пасьля перапынку і выраку Паліенку пад канвоем павезьлі адбываць пакараньне.

Зьміцер Паліенка — анархіст, былы палітвязень, цяпер адбывае «хатнюю хімію».

Яшчэ а 7-й раніцы да дому Паліенкаў прыехалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і прапанавалі актывісту «выйсьці паразмаўляць», не паведаміўшы прычыны размовы. Зьміцер Паліенка і яго жонка Наста адмовіліся і запатрабавалі позву. Тыя прывезьлі позву ў Маскоўскі РУУС на «ўдзел у праверачных мерапрыемствах».

Падчас таго, як Паліенку другі раз забіралі з суду, яго вазілі ў Маскоўскі РУУС і апыталі ў межах крымінальнай справы аб абразе супрацоўніка міліцыі.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG