Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі сказалі, што шматдзетнага бацьку, які зьняў правакацыю на відэа, не затрымлівалі


Аляксандар Мілюк, архіўнае фота
Аляксандар Мілюк, архіўнае фота

У міліцыі сказалі, што жыхар Мастоў Аляксандар Мілюк, які зьняў вулічны канфлікт на відэа, не затрыманы, а ягонага апанэнта арыштавалі. Сам Мілюк паказаў паперу, дзе хуліганам меўся быць ён сам.

Што адбылося?

3 ліпеня ў сеціве зьявілася відэа каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандра Мілюка, дзе відаць, як да яго на вуліцы чапляецца мужчына, лаецца і просіць грошы. Міма праяжджала міліцыя, спынілася і забрала абодвух у пастарунак.

Мілюк, жыхар райцэнтру Масты Горадзенскай вобласьці і шматдзетны бацька, вяртаўся ў той дзень дадому з 11-гадовым сынам. Міліцыя не дазволіла яму адвесьці дзіця дахаты, урэшце па сына на месца канфлікту прыехала жонка. На погляд Мілюка, незнаёмец пачаў супраць яго правакацыю, каб зладзіць бойку. Мужчына думае, што гэта перасьлед за палітычную дзейнасьць.

Мілюк расказаў, што ён зь міліцыі запатрабаваў адвесьці яго на агляд, каб пацьвердзіць, што цьвярозы. Аднак у машыне яму зрабілася блага, падняўся ціск, тэмпэратура, не хапала паветра. Урэшце яго шпіталізавалі, тэсты далі станоўчы вынік на каранавірус. Цяпер ён у мастоўскім шпіталі.

Што кажа міліцыя?

Міліцыя адмовілася апэратыўна даць камэнтар праз тэлефон. Пазьней прэс-служба УУС Горадзенскага аблвыканкаму апублікавала на сваім сайце інфармацыю, што Мілюк не затрыманы і яго не зьмяшчалі ў ізалятар да суду, як пісалі некаторыя мэдыя.

«У мужчыны здарыўся канфлікт зь мінаком. Сьведкай канфлікту стаў нарад супрацоўнікаў ДАІ Мастоўскага РАУС, які праяжджаў міма. Яны даставілі абодва бакі канфлікту ў мясцовы аддзел унутраных справаў для разбору», — гаворыцца ў паведамленьні УУС.

Далей, паводле вэрсіі міліцыі, Мілюка даставілі ў лякарню, каб правесьці агляд на наяўнасьць цялесных пашкоджаньняў. Там выявілі падвышаную тэмпэратуру і шпіталізавалі.

Другога ўдзельніка канфлікту пакаралі за дробнае хуліганства і арыштавалі, паведамляе УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

Што кажа актывіст?

Мілюк зьдзівіўся такой вэрсіі міліцыі. Ён быў упэўнены, што яго затрымалі і завезьлі ў пастарунак супраць ягонай волі. На ягоную думку, хуліганам у гэтай гісторыі першапачаткова меўся стаць ён сам. Зь ягоных словаў, яго апытвалі так, нібыта падазравалі, што гэта ён сам парушаў грамадзкі парадак.

У Мілюка на руках застаўся дакумэнт ад 3 ліпеня, падпісаны намесьнікам начальніка Мастоўскага РАУС Аляксеем Літашам, зь якога вынікае, што першапачаткова адміністрацыйная справа рыхтавалася ў дачыненьні да Мілюка.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG